Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

“Дарагі Андруша, дарагі ты мой хлопча!Я заўсёды, пачынаючы з першых тваіх вершаў і нашай з табою сустрэчы ў цэнтральным кніжным магазіне, думаю пра цябе з добрай усмешкай, як пра малодшага брата, ад якога вельмі многа спадзяюся. Малодшым лічу цябе не толькі таму, што нарадзіўся ты трохі пазней за мяне, а таму, што ўсміхаешся ты вельмі молада, чыста, што абяцаеш ты вельмі многа, што зробіш ты многа, хоць і б’еш часамі ў хамут, пераступаеш цераз пастронкі, а гаспадару гэта не вельмі, як вядома, падабаецца... Людзі, якіх мы любім, любяць цябе.Ну дык чаго ж ты, юнача, так затузаўся, апусціў крылы? Гарэць – гары, але і кнот свайго свяцільніка сам падкручвай... Ты, відаць, не быў бы са мною шчырым, каб не тое, што і я не люблю кан’юнктуры, што і мне бывае таксама цяжка, і даволі часта, і даволі адчувальна. Дык і павер, што я не апрошчваю, не зніжаю, а стараюся вышукваць і знаходзіць першапрычыны......Мне цяжка гаварыць аб гэтым... Палічы сабе ты мяне бурклівым дзядзькам, палічы нават пашляком, але, слухаючы твае словы, я міжвольна думаў: колькі харошых, мілых, цудоўных, юных, разумных істот марыць недзе сустрэцца з такім чалавекам, як ты, дарагі мой дзівак, паэт, сумленны чалавек!.. Нават і ў маім узросце цяжка бывае, а то і немагчыма, акрэсліць, размеркаваць сваё і чужое – пазнаць, наколькі ў прадмеце нашага захаплення сапраўднай прыгажосці, а колькі нашага ўяўлення, прыхарошвання звычайных спраў паўлінавым пер’ем закаханасці. Даруй за грубасць, але гэта праўда. Праўда, і маё братняе жаданне – каб ты не браў на сэрца сваё непасільнага цяжару, каб ты не йшоў без патрэбы па лініі найбольшага супраціўлення, каб ты прасейваў пачуцці свае праз няўмольнае сіта жыццёвай мудрасці, якая – не заўсёды проза. Я не да разважлівага эгаізму клічу, а да чысціні пачуццяў, да як найбольшай увагі да чалавека, да справы святой, якой ты ўжо не маеш права не служыць... Зрэшты, даруй, браток, і трымайся на вышыні!..Я буду невымоўна рад атрымаць ад цябе радаснае разумнай радасцю, спакойнае вялікім спакоем пісьмо.Цалую цябе па-брацку. Якуб Каптур”.Андрэй сядзеў, звесіўшы рукі з Каптуравым пісьмом паміж каленяў, і няўлоўна ўсміхаўся. Ён вельмі любіў гэтага чалавека, але так, як сёння, – ніколі. Вельмі шкада, што давядзецца засмуціць яго, зрабіць яму балюча, ды яшчэ як. Ён харошы, у яго моцная рука, ён такі грубавата-разумны і дасціпны. Але ён не бачыў марозных пальмаў тады, на шыбах... Добры чалавек. Добры да добрых, злы да злых. Сапраўдны чалавек. Гэты не даруе. Таму, што сам і ў цяжэйшых выпадках заўсёды трымаў сябе мужам...Шкада, што Якуб, пэўна, плюне, даведаўшыся аб усім, назаве яго, Андрэя, бабскай спадніцай і дурнем, а яе, пэўна, сцервай або яшчэ горш.Да слёз шкада Каптура. Памятаў, думаў аб ім. I Андрэю раптам так захацелася пабачыць Яніса. Ну што будзе, калі ён, Андрэй, паглядзіць на яго яшчэ пяць хвілін? Апошніх. Яніс не зачыняе дзвярэй таксама. Андрэй паглядзіць на яго, спячага, а потым пойдзе насустрач лёсу. Яніс жа таксама, як і Каптур, думаў аб ім і тужыў яго болем....Ён асцярожна зачыніў за сабою дзверы Янісавага пакоя і спыніўся ў нагах яго ложка.Вулічнае святло давала разгледзець амаль усё ў пакоі. Яніс спаў на спіне, высока закінуўшы нейкі адразу змужнелы, нават састарэлы твар з высокім лобам. Андрэй глядзеў на яго, адчуваючы ў сэрцы амаль фізічны боль. Ніколі яшчэ ні да каго не было ў гэтым сэрцы такой пяшчоты, як сёння да Яніса і Каптура. Любыя, мужныя людзі. Сябры.