Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Дзякую табе, – ціха сказаў Яніс.– Гэта табе дзякуй.– Нічога, – сказаў Яніс, – нічога. Ведаеш, жыць яшчэ можна, калі друг поруч. Ідзі. Дзякуй табе.Андрэй зачыніў за сабою дзверы. У сваім пакоі ён з дрыжыкамі агіды агледзеў падрыхтаваныя чамаданы і люмінал побач са шклянкай вады...Багаж склаў, ідыёт, у ваяж сабраўся, баязлівае быдла. А ці не хочаш вечнай вайны, падонак? Лёгка адкараскацца захацеў. Баба яму, ці бачыце, адмовіла ў вышэйшым шчасці, не захацела з ім, такім харошым, пайсці ад соннага ды цёплага гнязда. А ты не прыніжайся. Хопіць. Моўчкі прайдзі, хаця б сэрца рвалася. Нічога, знойдзецца другі жмут кісяі. Люмінальчык падрыхтаваў, боўдзіла! Не, брат, распакоўвай чамаданы. Людзі церпяць – цярпі і ты. А сам ты што для людзей? Аб гэтым забыў? Рабі ім паслугі, сволач, хоць, можа, і не адчуваюць яны ў іх патрэбы пасля сённяшняга.Ён ірвануў акно, з трэскам аддзёр папяровыя палосы, якімі яно было заклеена на зіму, і з ярасцю выкінуў люмінал на вуліцу. Туды ж пайшла і вада.З пачуццём вяртання з далёкага падарожжа ён рыўцом адчыніў чамадан і выкінуў рукапісы на падлогу....Над Масквою пачынала днець. Бэзавае святло ляжала на ажурных металічных канструкцыях, рабіла бязважкімі і прывіднымі дамы. Пачынаўся дзень.Андрэй ведаў: ён ніколі больш не зробіць такога.Ніколі ў жыцці.Р а з д з е л XXIVЯніс стаяў перад Горавай, якая сядзела ў крэсле, і, гнеўна надзьмуўшы таўставатыя губы, глядзеў на яе. У кватэры было трохі холадна ці гэта, можа, здавалася, бо Ірына зябка ўціснулася ў куточак крэсла, схавала рукі пад футравай накідкай.– Я забараняю вам гаварыць са мной на гэту тэму, – суха, з нейкай асаблівай жорсткасцю сказала яна.– Я і не хацеў гаварыць. Але ён мой друг, і як вы з ім сябе паводзіце – гэта ўжо занадта.– А як мне з ім сябе паводзіць? Я замужам.– Гэта не перашкаджала вам калісь дазваляць яму хадзіць з вамі... – Вы нічога не ведаеце, Ян.– I не хачу ведаць. Але гэта бес-ча-ла-вечна. Або будзьце з ім, або пакіньце тлуміць чалавеку галаву.– Што за тон? – вочы яе былі халоднымі.– Гэта яшчэ замяккі тон для ўсёй агіднасці, што вы з ім робіце, – кулак Яніса ўладна рассек паветра.– Яніс, я буду вымушана паказаць вам на дзверы.– А я не пайду.– Пабачым.Вайвадс зразумеў, што яго сапраўды могуць выставіць. Гэта не ўваходзіла ў яго планы, і таму ён сказаў ужо больш мякка:– Ды не будзьце ж вы Ірынай Сяргееўнай. Будзьце хоць сёння проста Ірынай, другам, што любіць майго друга.Яна прыўзняла вечка сігарэтніцы. Апусціла вочы:– Гэты ваш друг апошнімі днямі пазбягае мяне. Ён сухі і жорсткі.– А што яму рабіць у адказ на тыя словы, якімі вы яго пачаставалі?– Ён не мае права нічога патрабаваць ад мяне. Вайвадс зноў выбухнуў:– Ды зразумейце ж, ён вас кахае. Ка-ха-е!!! Гэта такое каханне, якое раз у стагоддзе бывае на зямлі. Такое каханне, аб якім марыць кожная жанчына, вечнае, магутнае, нязменнае! А вы яго ў бруд! Багатыя занадта! Усё жыццё вам такія пачуцці пад ногі клалі!Яна падціснула вусны ў нітачку, і твар яе ўпершыню здаўся Янісу непрыемным.– Дакараеце? – сказала яна. – А я проста бачыла, што ён як адурэў, што нельга адразу ж пакінуць яго без усялякай надзеі, што трэба паступова. Я хацела дапамагчы яму і не дала ніякай падставы спадзявацца.– Хлусіце! – Яніс наліўся крывёю абурэння.– Ян!..– Харошанькае дзела, – бурчаў Ян, уладкоўваючыся ў крэсле. –Як гэта? Я на свае вушы чуў, якія гэта былі авансы з мастаком і псіхіятрам.