Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– А хіба я казала нешта прама? – яна шырока раскрыла нявінныя вочы. – Вы проста не зразумелі мяне. – О, вядома, – закалаціўся Яніс. – Вы, жанчыны, усіх абведзяце. Не хапала яшчэ, каб вы прама казалі. Вы ж заўсёды пакінеце для сябе пралазіну. А я тыдзень таму бачыў, як ён ледзь не паміраў, гаворачы пра вас, а потым паляцеў на лыжах з такой стромы, дзе шыю скруціць было – раз плюнуць. Як назнарок смерці шукаў. Я ўжо думаў – мазгі разлятуцца, як бэнкне галавою ў дрэва. – Хлопчык, – паціснула плячыма яна. – Ну так, мы хлопчыкі, мы несучасныя, мы – сентыментальныя саплякі ў часіну цыгарэт “Арбіта”, мы і кахаем, як у дзевятнаццатым стагоддзі. Але ведайце: менавіта так будуць кахаць, калі чалавек стане дасканалым. А нежаданне ахвяраваць у імя кахання сваім жыццём тады назавуць брыдотай. – А як тады назавуць залёты да замужняй?! – Каханне не пытае, замужам каханая ці не, здаровая яна або хворая, шчырая ці нядобрая. Яно кахае, і гэтым сказана ўсё. Вочы Яніса раптам сталі разгубленыя. З нейкай мяккай уладнасцю, быццам гіпнатызуючы, ён сказаў, паклаўшы рукі ёй на плечы: – Кахайце яго, Ірына. Вам пашанцавала. Ён вялікі ў каханні чалавек. Махніце рукою на ўмоўнасці, на дабрабыт. Усё гэта лухта! Ідзіце з ім, пакуль сэрца маладое, пакуль яно кахае і хоча кахання. Верце мне, няма на свеце нічога над каханнем і трэба яго шанаваць, не забіваць недаверам, не прыніжаць нават жартамі. Кахайце яго.Яна глядзела ўбок. Потым спытала ціха: – Гэта ён параіў вам прыйсці да мяне? – Дрэнна вы яго ведаеце. Ён нічога не ведае. Я сам, бо яму зараз вельмі патрэбна дапамога. – А дзе ён зараз? – Мяркую, стаіць перад сінедрыёнам.– Якім? – Перад вучоным саветам інстытута і дырэктарам, – знешне спакойна сказаў Яніс. – Трымае адказ. – У чым гэта? Латыш прыкурыў ад недакурка другую папяросу.– Ён страціў раўнавагу з-за гэтай гісторыі. Нервы напятыя. Забыў аб асцярожнасці і лезе на ражон па ўсякім выпадку і без усякага выпадку. Яна ўважліва глядзела на яго.– Што сказаў?– На лекцыі Пружыніна абазваў сяго-таго з нябожчыкаў палітычным прайдзісветам і апрычнікам.– А хіба не так?– Так. Але ж вы ведаеце...– Што? Што вясной шасцідзесятага года ні я, ні вы, ні вучоны савет, ні нават дырэктар... ніхто нічога яшчэ не ведае.– Менавіта,– Так, не крыўдуюць толькі на лёс, на натуральную смерць. Што ж, калі так здарылася... А за астатняе трэба адказваць. Так лічыць мой друг, і я з ім у згодзе.– А вы не думаеце, што збоку Андрэя гэта як запознены ўдар капытам.– Андрэй мае на гэта права. Ён не любіў і не любіць тых, хто хоча сабою падмяніць лёс чалавечы. Гэта ж падумаць: двухногі лёс нада мною, ім, вамі? I ведаеце што? Каб мне спатрэбіўся таварыш, з якім я мог бы пайсці ў полымя за свае перакананні, – я ўзяў бы яго.– Як гэта здарылася? – Ірына нарэшце прыкурыла цыгарэту,– Пружынін сказаў, што некаторыя шумяць вакол апошніх падзей у свеце больш, чым трэба. Я не паспеў стрымаць Андрэя. Ён ускочыў: ноздры трапечуць, вусны непаслухмяныя, белыя. А потым уся кроў у твар.– Вы літаратурны крытык. Значыць, прэтэндуеце на званне чалавеказнаўцы. Цярпімага і спачувальнага, Дык успомніце хаця б перадваенныя літаратурныя... гм... дыскусіі. Тыя людзі... Яны ў труне перавярнуліся б, каб маглі пачуць ваш цынізм! Адной душы бязвінна загубленай хопіць, каб ніколі не забыць.Пружынін малінавай чырванню наліўся: “Хлапчынка, дэмагог! Зрабіце спачатку столькі, сколькі мы, я, сколькі ён”. А Андрэй: “Я не збіраюся рабіць тое, што ён. I за добрае і за злое – бог і людская памяць яму суддзі. Але я не хачу, каб мяне ўспаміналі, як яго і яшчэ некаторых, Я выхаваны зусім у другіх правілах і не хачу быць прайдзісветам, які робіць першым героем рускай гісторыі апрычніка, бо адчувае сваё ўнутранае падабенства з ім”. Пружынін выскачыў з аўдыторыі і пабег скардзіцца да дырэктара. I вось...