Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Можа скончыцца дрэнна.– Што? – яна падалася наперад, не заўважаючы, што накідка спаўзла з яе плячэй на падлогу. – Вы сапраўды так думаеце?– Так, – кіўнуў Яніс. Слупок сіняватага попелу, што нарос на цыгарэце, упаў на падлогу,– Дрэнна, – сказала яна....Якраз у гэты час Андрэй сядзеў у невялікім кабінеце дырэктара. За акном ляжаў адліжны сіняваты скверык, там вецер хістаў мокрыя верхавіны дрэў, а тут было ціха і як быццам глухавата. За сталом, насупраць Андрэя, сядзелі і моўчкі глядзелі на яго некалькі чалавек. Пружынін, грузлы і сівы, нервова курыў. Поруч з ім сядзеў дырэктар з жаўтаватым стомленым тварам, яўна хваравітым. Вочы яго за шклом акуляраў здаваліся ненатуральна вялікімі, глядзелі на Андрэя з уважлівасцю і нейкім нават грэблівым шкадаваннем. Далей машынальна маляваў чарцянят на клапціку паперы выкладчык Маркаў, па-за межамі інстытута нядрэнны крытык. Хітраваты, з сівінкаю ў цыганскіх валасах, ён зрэдку кідаў на Андрэя вясёлыя позіркі, быццам, казаў: “Што, брат, уліп? Не бянтэж дзядзяў. Дзядзі ціхага жыцця прагнуць”.Быццам нічога не здарылася, сядзеў намеснік дырэктара Копцеў. Андрэя заўсёды нават у нейкае замілаванне прыводзіла вытанчаная інтэлігентнасць яго аблічча, аксамітна-цёмныя, жывыя вочы, рукі артыста. Ды ён і сапраўды быў падобны на нейкага вядомага артыста... Аксёнаў, ці што? Або, можа, нехта з амерыканцаў. Закінуў нагу на нагу, пагойдвае ступою ў люстэркавым туфлі і стракатай шкарпэтцы. Хоць глядзіся ў туфель, быццам і няма на вуліцы слаты.А ў куточку, у крэсле, прымасціўся гнуткі і ўвесь нейкі моцны, як стылет, дацэнт Бічыкашвілі. Гэты глядзіць таксама даволі непрыхільна. I чырвоныя вусны жорстка складзены пад вусамі.– Ну, – парушыў цішыню дырэктар, – раскажы ты нам, Андрэй, як гэта ты дайшоў да жыцця такога?– Да якога жыцця? – спакойна сказаў Андрэй. – Нічога, здаецца, не адбылося, Сказаў тое, што думаў.– I не сорамна? – з дакорам спытаў Копцеў.– Які ў іх у халеры сорам! – пачырванеў Пружынін. – Святога ў іх нічога за душою няма. Лічаць, што мы ўсе дурні.– Не ўсе, – сказаў Андрэй.– Вы чулі? – здзіўлена абвёў усіх позіркам Пружынін. – Вось яно. Нігілісты нейкія.– А я не ведаю, чаго слова “нігіліст” павінна быць лаянкай. Мне здаецца, Тургенеў укладваў у яго другі сэнс. Базараў, між іншым, таксама быў “нігілістам”. Ну, скажам, Тургеневу ён быў несімпатычны. Мне, калі шчыра казаць, таксама. Але яго зрабіў час. I аб’ектыўнаму гэтаму часу ў вышэйшай ступені напляваць на вашы і мае сімпатыі і антыпатыі. Гэтым словам можна пахваліць, а можна і аблаяць, гледзячы на тое, хто і супраць каго яго ўжыў. А прафесар Пружынін робіць з яго нейкае пудзіла.Маркаў скрушліва пахітаў галавою.– Але мы нігілісты не ў тым сэнсе, – пасля паўзы прадоўжыў Грынкевіч. – Мы верым у свой край, і ў нашу працу, і ў патрэбнасць яе для радзімы. Мы толькі не верым вам, прафесар. Магчыма, вы і добры чалавек, але слухаць такія вашы выказванні нам неяк сорамна. Прабачце на гэтым ужо.– Вы думаеце, што вы гаворыце? – ціха спытаў дырэктар. – Ёсць людзі разумнейшыя за вас, і яны лічаць, што гэты чалавек меў заслугі. А паэт Грынкевіч дазваляе сабе не быць адной думкі з гэтымі людзьмі.Андрэй глянуў у яго ненатуральна вялікія вочы:– Ды і вы ж не адной думкі з імі. Дырэктар апусціў вочы.– Якой я думкі наконт гэтай асобы – гэта мая справа, – буркнуў ён.– Не, вы глядзіце, – сказаў Пружынін, – глядзіце, якія яны! Раней вы, пэўна, іначай думалі, дыфірамбаў не спявалі толькі таму, што не паспелі, а зараз...