Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Я ў тыя часы думаў тое самае. Гэтаму ёсць мноства сведкаў, – спакойна сказаў Андрэй. – Я толькі не ведаў усяго. Але я адчуваў, што нешта няладна.– Бачыце вы... Касандра-прарочыца, – сказаў Пружынін.Маркава перасмыкнула ад голасу Пружыніна.– Паспакайней бы вы, прафесар, – сказаў ён.– Вы таксама... шаноўны... маглі б сесці поруч з ім.– Я сядзеў, – сказаў Маркаў, – але, на шчасце, не поруч з гэтым хлопцам. Я сядзеў за тое, што быў супраць Іванова, а потым даведаўся, што Іваноў, здаецца, сядзеў за тры камеры ад мяне.Копцеў засмяяўся. Дырэктар закрыў вусны рукою, але вочы яго смяяліся таксама.– Андрэй, – сказаў Копцеў сваім мяккім, вельмі ласкавым тонам, – вы павінны папрасіць прабачэння ў прафесара, і тады справа не выйдзе з гэтага кабінета.– Я гатовы, – сказаў Андрэй, – я дапускаю, што мог па-чалавечы пакрыўдзіць прафесара Пружыніна, і гатовы ў гэтым прынесці свае прабачэнні. Але толькі ў тым выпадку, калі прафесар прынясе прабачэнні аўдыторыі.– Гэтага ніхто не будзе рабіць, – сказаў дырэктар.– А шкада, – сказаў Маркаў. – Гэта было б па-джэнтльменску. Узаемна. I ні стуку, і ні груку.– Не, – сказаў дырэктар.– Тады і я – не, – скалануў галавою Андрэй. Запанавала маўчанне. Яніс, гаворачы такое ў Горавай, меў рацыю. Ні яны ўсе, ні вучоны савет не ведалі той вясною, а што ім далей рабіць.– Вы вельмі здольны чалавек, – сказаў Копцеў. – Не псуйце сваіх адносін...– Я гатовы на горшае. Я помню, і я разумею: самым страшным была не жорсткасць і падазронасць аднаго, а душы, знявечаныя падазронасцю і нявер’ем у свайго суседа. I вось гэтага дараваць нельга.Бічыкашвілі, які да гэтага сядзеў моўчкі, раптам сказаў з ненатуральным спакоем:– Гэта нават абразліва. Вы падумалі, як мне, грузіну, слухаць такое?Андрэй, гледзячы яму ў вочы, сказаў спакойна:– Вы не маеце рацыі, Георгій Луарсабавіч. Не палічыце за падхалімаж – мне няма ў ім патрэбы, – але я велымі люблю гэтую зямлю і яе людзей. Я ведаю, патрэбна была нечалавечая мужнасць, каб зберагчы мову, і звычаі, і старыя камяні Свеціцхавелі, Сіёні і Джвары. Гэта вялікі народ, і яму ёсць кім ганарыцца і без гэтага чалавека. Славы яго гэта не паменшыць.Ён нервова закурыў: – Добра, адзін з арлоў, як выявілася, зусім не арол, але ж ніхто не змяншае гэтым спалучэння “Грузія і рэвалюцыя”. ...I вы ўспомніце яшчэ Паола Яшвілі, Тыцыяна Табідзе, Гапрындашвілі? Тры паэты з залатымі галасамі. Іх мог слухаць свет, а зараз слухае толькі зямля ды нашы сэрцы, якія ўсё помняць... Бачыкашвілі не глядзеў у яго бок.– Прабачце, – глуха сказаў ён. – Я пагарачыўся.– Калі патрабуюцца яшчэ тлумачэнні, я магу даць іх, – сказаў Андрэй. – Я выхаваны на веры ў тое, што чалавечае жыццё ёсць самае каштоўнае на свеце. I хай прафесар Пружынін ведае: у гэтым мы ворагі. Да канца. I мы паклапоцімся ўжо, каб нават цень гэтай з’явы знік з зямлі, каб яна не паўтаралася нават у фарсе, нават у адзіным слове знявагі аднаго чалавека да другога.Цяпер на Андрэя не глядзеў ніхто. Панавала ціша.– Выйдзіце, Андрэй, – сказаў дырэктар.Андрэй выйшаў. Яму было душна ў будынку, і таму ён вырашыў чакаць у скверы.Даволі доўгі час ён хадзіў па алеі. Дрэвы ранялі на яго знобкія кроплі. Пад снегам, калі капнуць яго нагою, была ўжо свежая і празрыстая вада. Андрэй ні аб чым не шкадаваў. Ён проста назіраў, як ветрык моршчыць ясныя лужыны, як ён пругка і вільготна шуміць у верхавінах дрэў.