Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Пачыналася вясна вады....Першым выйшаў з будынка Копцеў.– Нічога не вырашылі, – сказаў ён, гледзячы на Андрэя добрымі жывымі вачыма. – Будзем рабіць выгляд, быццам нічога не адбылося.I пайшоў да машыны. Андрэй накіраваўся быў да брамы, але яго аклікнулі зноў. Гэта быў Маркаў. Ідучы поруч з Андрэем, ён маўчаў. I толькі ля самых варот, працягнуўшы руку для развітання, сказаў з нязвыклай для яго пяшчотай:– Эх, Андрэйка, Андрэйка, усё-та вы разумееце. А паэт павінен быць трошкі дурнаватым.Так, быць дурнаватым было ў тую вясну – і не толькі – сапраўды лепей, але якраз гэтай раскошы Андрэй і не мог дазволіць сабе.“Хопіць, пабыў ужо, – думаў ён. – I з жанчынамі і з мужыкамі. Трэба, урэшце, зразумець, што адзінае, дзеля чаго пушчаны чалавек на свет, гэта – кеміць”....Пераходзячы ўжо вуліцу, Андрэй раптоўна ўбачыў Гораву, якая прамавала ў інстытут і чагосьці вельмі спяшалася. Яна прайшла каля яго ў дзесяці кроках і не заўважыла, а ён не пазваў. З гэтым усё было скончана.Ён ішоў бульварам і думаў, куды яму падзецца зараз. Горад быў мокры, няўтульны, першыя агні глядзелі ў туман аранжавымі вачыма. Вялікі горад, а месца ў ім для яго няма.З адчаю ён хацеў быў пайсці ў рэстаран, але тут неяк трапіўся на вочы пад’езд Ганнінага дома. I Андрэй махнуў на ўсё рукою і вырашыў закаціцца туды....Сустрэла яго тая самая кампанія. Толькі мармурова-бледны Аленін на гэты раз быў цвярозы і, закасаўшы рукавы на руках, мускулістых, хлапечых, ладзіў на падлозе электрычны чайнік.– Прывітанне забытаму эпігону Хвелькі Тапчэўскага, – змрочна сказаў ён. – Дапамажы...– Не магу, – сказаў Андрэй. – Канстытуцыя тандэтных рук не дазваляе.– Лірык, – з пагардаю сказаў Аленін.– Я не лірык. Я арыстакрат духа. Я спірытуаліст, нігіліст і заўзяты прапагандыст біметалізму. А ты проста няўдалы спадкаемца “Блакітнай ружы”. Цябе выгналі за няздольнасць нават з майстэрні гадзіннікаў, і ты тады вырашыў перавярнуць славянскі жывапіс.– Малаток, – сказаў Яхненка. – Так яму.– Ганна дзе? – спытаў Андрэй.– У Ганны вельтшмерц, яна ў сваім пакоі.– Тады не будзем яе турбаваць. – Андрэй абвёў позіркам кампанію. – Што гэта з вамі? Твары нейкія авальныя і доўгія.– Калі Аленін наладзіць чайнік, – змрочна сказаў Петрык, – можа, будзем піць чай.– Не жэрлі сёння? – здагадаўся Андрэй.– Мы елі анчоусы, – сказаў Аленін. – Сірэч звычайную камсу. На фунт сто галоў.– У мяне ёсць грошы, – сказаў Андрэй, вымаючы з кішэні дзве сотні. – У мяне сёння выпадкова ёсць грошы. I ёсць трывалы намер надзерціся.– Купала, – сказаў Аленін. – Пушкін. Я заўсёды казаў, што няма на свеце больш белакурых і добрых людзей, чым беларусы. Ім належыць будучыня. Яны... звышчалавекі духа...– Я не звышчалавек, – сказаў Андрэй. – Я проста мецэнат. Я сердабольны стары кавалер, якому нясцерпна глядзець на пакуты галадаючага чалавецтва. Я дам вам частку сваіх нарабаваных дывідэнтаў... А цяпер давай чайнік.Спрытна арудуючы адвёрткай, ён пакалупаўся ў вантробах чайніка і сунуў штэпсель у разетку.– Ну вось, зараз будзем піць чай... калі, вядома, кампанія захоча гэтага... Ну дык што, цягнем запалкі, каму пабегчы? Сібірскі закон?– Не, – сказаў Аленін, – бадай, давядзецца бегчы мне. Не будзем выпрабоўваць лёс. Не хапала яшчэ, каб мецэнаты бегалі па гарэлку для сваіх кліентаў.I, звярнуўшыся да Андрэя, Пятроўскі сказаў:– Вас даўно не было, Андрэй. А мы вельмі чакалі. Не прыміце за камплімент, але вы спадабаліся тут. Мы нават падрыхтавалі вам падарунак. Але вас так доўга не было, што сёння той-сёй прапанаваў здаць яго ў антыкварыят.