Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

На вулках чамусьці амаль не было людзей. I таму ён раз-пораз схіляўся і цалаваў яе скронь. Раз нават спыніўся і доўгім пацалункам прынік да яе вуснаў.Седзячы ў фортачцы, са здзіўленнем глядзеў на ўсё гэта вельмі пушысты кот.– Не трэба, – шапнула яна, вызваляючыся.Кот грэбліва падабраў лапы, але так і не выйшаў на вуліцу, пайшоў у цёплую кватэру – напэўна, дрыхнуць.– Я памру там з трывогі за вас. Напішыце мне хаця некалькі слоў.– Добра. Толькі вы не заставайцеся тут надоўга. Вы патрэбны маці. Цяпер – асабліва. Ішлі па плошчы Нагіна.– Вось гэты дом тады гарэў, – сказаў Грынкевіч..– Той, што ў паэме? – Так.– А я думала, гэта метафара.– Я ў той час быў няздатны на метафары.Яна быццам замкнулася ў сабе. Толькі цясней тулілася да яго і нейкім новым, сумным і прасветленым, позіркам абводзіла дамы, руіны кітайгародскай сцяны, далёкія стрэлы кранаў у Зараддзі. Толькі на набярэжнай, пабачыўшы ўбаку купалок “Анны”, што невыразна бялеў у цемры, раптам здрыганулася і сказала:– Не, не магу. Пойдзем туды.У змроку, каля празрыста бялеючых бязважкіх сцен, яна, прыціскаючыся да яго, казала:– Мне страшна... Страшна... Трымай мяне мацней, дарагі. Калі ты трымаеш, мяне ніхто не адбярэ. Ты – абарона. Ты – надзейны.Андрэй гладзіў яе галаву:– Ну-ну, я з табою. Нікому не аддам. Дам табе палову жыцця. Усё будзе добра. Заваюю цябе. У цябе тады будзе дачка. Такая, як ты. А памром мы праз сто год. У адзін дзень і адну хвіліну.Потым, заспакоеныя, яны ішлі па мосце над ракой, потым заглыбіліся ў вулачкі Замаскварэчча.– Я апошнім часам больш успамінаю, чым думаю, – сказала яна. – Пэўна, гэта не на дабро, але я часта ўспамінаю даваеннае Замаскварэчча. Калі цвілі ліпы – цяжка было дыхаць, галава кружылася. У кветніках бэз, а на абочынах наўсцяж вуліц адуванчыкі. Жоўтыя. Пэцкалі нос. Тады ў Замаскварэччы амаль не было транспарту.Два цені беглі завулкамі, плылі па роўных сценах, кідаліся то ўперад, то назад ад ліхтароў. А ў начным небе над Масквою, злёгку аранжавым ад агнёў, плыла густа-барвяная з белым званіца царквы Клімента.– Растрэлі, – сказаў Андрэй. – Як вызвалены дух. Увышыню.– Тут усё маё, роднае, – сказала яна. – Мне так хацелася бачыць гэта сёння. З табою.Пяшчотна схіліўшыся над ёю, ён шэптам сказаў: .– Любае Замаскварэчча. Як жа гэта ты стварыла яе такую?Яны зайшлі ў пад’езд і спыніліся пасярод глыбокай студні двара.– Ну вось, – сказала яна, – тут жывуць бацькі. Тут я нарадзілася.– Я ведаю. Гэтай вясной я некалькі разоў быў тут. Хадзіў уначы, каб лепей зразумець вас.– Я проста баюся ўжо вас, – сур’ёзна сказала яна.Яны стаялі, бы ў вузкай цясніне. Над імі ўздымаліся асклізлыя ад непагадзі камяніцы і, як водбліск паўночнага сяйва, якое недзе далёка-далёка і не можа прабіцца ў гэты змрок, з’яўляўся і знікаў на самым высокім брандмаўэры зялёны адбітак неонавай рэкламы.– Гэта самы прыгожы з усіх брыдкіх двароў на свеце. Быў час. І Андрэй, адчуваючы, што нешта непапраўна зменіцца, можа змяніцца, абняў яе.– Пакіньце ўсё, – сказаў ён.– Не турбуйся, любы. Я не змянюся да цябе. Я застануся ўсё той самай.Дрыжучы ад халоднага адчаю і неўразумення – нашто так, каму гэта патрэбна? – ён абняў яе і стаяў доўга, не ў змозе ні пусціць і ні застацца. Вызваліўшыся, яна пайшла была, але раптам, толькі на хвіліну спыніўшыся, сказала:– Будзьце разумны. Не ўбівайцеся так.I знікла.Ён пайшоў з двара і ўпершыню, бадай, за жыццё страціў адчуванне часу. Мокры снег, аранжава-цьмяныя паўколы мезанінных вокан.