Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Змоўч, – басам сказаў Яхненка. – Не ў антыкварыят, а ў ламбард. Выкупілі б потым.– Хлопцы, – сказаў Андрэй, – нашто гэта? У мяне пакуль што ёсць грошы. У мяне ўзялі сцэнарый і п’есу, а грошы, выявілася, мне зараз зусім непатрэбны.Ён не вельмі весела ўсміхнуўся.– Цяжка камусь – бярыце. Пад вексель будучай славы кожнага. Выб’ецеся ў людзі – падорыце па эцюду. Я стану ганарыцца знаёмствам з вамі.– Ты дурань, – сказаў Яхненка, – ты вялікі добры дурань! I ты нічога не разумееш ні ў псіхалогіі, ні ў дзяўчатах, ні ў сябрах... Глянь лепей сюды. Гэта зрабілі для цябе Петрык з Аленіным, сабака ты. Кожны намаляваў каго хацеў. I ніхто не шкадуе, дорачы гэта табе.Упала завеска з невялікага палатна. Андрэй, гледзячы на яго, з цяжкасцю падавіў уздых. На палатне быў салатна-зялёны, росны, увесь у сонечных зайчыках сад, трава, у якую нехта густа сыпануў залатымі манетамі адуванчыкаў. А на траве сядзелі дзве дзяўчыны. Гэта было нешта накшталт гагенаўскай ідыліі, толькі самая ідылія была мяккая, размытая, паўночная, без уласцівых поўдню грубавата-кафейных і глянцава-зялёных адценняў. Трапяткая, здаецца, ледзь дыхаючая, родная зеляніна першых дзён лета.Адна дзяўчына сядзела ў траве, матаючы на рагульку воўну. У свежым твары, у кароне залацістых валасоў, у белай, трохі занадта па-маскараднаму простай сукенцы было нешта засцянковае, міла старамоднае.Другая, у значна больш сучасным уборы, не такая прыгожая, але адухоўленая, сядзела на зэдлічку, гледзячы кудысь паўзверх раскрытай кнігі. Вусны няўлоўна ўсміхаліся, але ў схіленай, быццам пад цяжарам вузла валасоў, галоўцы, у шэрых вачах быў сум.Ганна і Ірына. Два бакі адвечнага, прага якога заўсёды жыве ў мужчынскім сэрцы. Андрэю на імгненне аж подых перахапіла, так гэта было зроблена, так хацелася павесіць гэта ў сябе. Але амаль адразу ёй сказаў ціха:– Дзякуй, хлопцы. Гэтага не забуду. Але нашто мне гэта зараз!– Дурань, – нячутна сказаў Яхненка. – Ты нічога не разумееш. Не крыўдзі іх і нас.– Добра, – адказаў Андрэй.Амаль адразу ён адчуў на спіне чыйсьці позірк. Павярнуўся. Ганна стаяла ў дзвярах. Двайнік той, з карціны, але куды больш прыгожая. I, калі яна сустрэла яго позірк, нейкае нязвыклае сяйва з’явілася ў яе вачах.– Андруша... О то ж бо вельмі даўно хацела вас бачыць... Пакіньце ўжо гэтых бэйбусаў адных, заходзьце на пару хвілін да мяне.– Дык што, хлопцы, – спытаў Яхненка, – адпусцім яго на пяць хвілін?– На дзесяць, – сказаў Пятроўскі, – пакуль не прыйдзе Аленін....Грынкевіч упершыню быў у гэтым маленькім пакойчыку са шкляным ліхтаром, што выдаваўся ў сад. Амаль чвэрць пакоя займала тахта, потым былі яшчэ кніжныя паліцы, стол і глыбокае мяккае крэсла.Ганна была ў просценькай блакітнай сукенцы, нейкая хатняя, вельмі змарнелая і ад гэтага яшчэ больш свойская і гожая.– Сядайце, дзікун палескі, – сказала яна. – Скідайце пінжак, тут горача. Адчувайце сябе як дома...Андрэй сеў. Яна выцягнула з аддзялення сэкрэтэра пузатую бутэльку французскага каньяку.– “Камю”, – сказала яна. – Калі ўжо на маю думку, дык дрэнь страшэнная, але больш нічога няма.Нейкім прасцецкім жэстам пашкрабла пад патыліцай, дзе, як у дзіцяці, кучаравіліся залатыя валосікі.– А закусваць?.. Ага, здаецца, нешта ёсць. I дастала вазачку з засмяглымі палачкамі каўказскай чурхелы, якая залацілася інжырнымі зернейкамі.– А хлопцы “анчоусы” елі, – падкалоў Андрэй.