Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– За што вы мяне так?– Хіба я ведаю? Але з першым вашым прыходам, як свежым ветрам пранесла па пакоях. Быццам у камяніцу ўнеслі кавалачак зусім іншага жыцця.– Даруй мне, Ганна, даруй.– Што ты? – сказала яна прасветлена. – Хіба ты вінен?Бязважка гладзіла яго валасы.– Ну вось. Ну вось і супакоіўся. Ты не думай – гэта шчасце. Бо я ўжо зусім перастала спадзявацца, што гэта можа прыйсці. Ідзі зараз. Ідзі да іх. Аленін ужо прыйшоў. Чуеш смех? Я зараз таксама выйду. Толькі пераапрануся. Мне трэба быць прыгожай, каб табе заўсёды хацелася гаварыць са мной.Р а з д з е л XXVБурхлівая, утрапёная прыйшла ў той год вясна. Усяго за некалькі дзён не па-веснавому цёплае сонца з’ела снег. Бэзавай парай дымелі, прасыхаючы, тратуары. Трава ў парках так буяна лезла з зямлі, што прабівала бурае, сятчастае мінулагодняе лісце. Пасля паліто не спатрэбілася нават плашчоў, і таму асабліва лёгка было ісці па вуліцах, пругка скакаць на панелі, слухаць з адчыненых вокан гукі радыёлы. Нават цвіценне чаромхі не дало вельмі халодных дзён. Тры падзеі за гэтыя дні паказалі Андрэю, што адбылася нейкая змена ў яго адносінах з Ірынай. Па-першае, Вайвадс страшэнна вылаяў яе Андрэю за тое, што яна так абыякава паставілася да гісторыі з Пружыніным і адразу выправадзіла яго, Яніса, за дзверы, сказаўшы, што яна чакае людзей з візітам.Андрэй толькі плячыма паціснуў. Выправадзіла, потым заспяшалася ў інстытут – што яму да гэтага?Але наступнага дня Галіна Іванаўна спыніла яго ў калідоры і з трывогаю спытала:– Што гэта вы там нарабілі з Горавай, дрэнны вы хлапчына? Прыбегла ўчора ўстрывожаная, з твару змянілася: “Што яны там з ім робяць?” Я адказала, што гэта сам ён з усякім зробіць, што захоча. Што з ёю?– Перажывае за вучня, – суха сказаў Андрэй. Гэта ўсё былі чужыя словы. А потым яна сказала і сама – на лекцыі, – сказала з дапамогаю ўсё таго ж самага падтэксту. Нешта ў сувязі з каханнем аднаго з мастакоў, якому быццам сказала каханая:– I я дам табе бязмернае шчасце, а ты мне за гэта бяссмерце.Усё гэта было не так. Усё гэта не было словамі, якія прама кажуць аб усім. Андрэй не паверыў ім і дачакаўся таго, што Вайвадс нахіліўся аднойчы, у канцы лекцыі, да яго і непахвальна сказаў: – Яна прасіла цябе затрымацца.У Андрэя так змяніўся ў паўцемры твар, што Яніс сказаў стрымана:– Сляпы. Ганну не заўважаеш. А каго заўважаеш?– Заўважаю ўсё, – шэптам сказаў Андрэй. – Ведаю яе, ведаю ўсё, ведаю ўсю. I ўсё адно...У той дзень яна, калі Андрэй праводзіў яе дадому, толькі і здолела сказаць:– Вы ведаеце, што мне сказала ўчора Ганна? Сказала мне, што я дурніца. Што мяне мала забіць за тое, як я трымаюся з вамі.Андрэй змоўчаў, таму што ў душы згаджаўся са словамі Ганны, і Ірына адчула гэта.– Крыўдуеце на мяне?– За што? – За сябе.– За сябе – не. Трошкі – за вас. Ірына зразумела таксама.– Пачынаеце менш паважаць мяне?– Так, – сказаў ён, хаця ведаў, што гэта пашкодзіць яму.Але гэта, відаць, не вельмі пашкодзіла, таму што яна, праводзячы яго да чорнага ходу, каб мінуць вахцёршу, якая вязала панчоху ля дзвярэй, сказала:– Іскры забыў? Як жа ж гэта ты? I ён, спыніўшыся ў двары, з адчаем прыціскаючы да сябе яе вузкія плечы, сказаў:– Не магу забыць. Няма забыцця. Алё ж зразумей і ты мяне. Я несур’ёзны, я спяваю нават там, дзе нельга. Бадай, ты адзіная мяне ведаеш. Але нават ты не думаеш, што я, магчыма, паэт самага цяжкага лёсу. Бо я ўсё жыццё ані на імгненне не хадзіў у аўтарах прыказкі: “На тое права, каб было лева”. I мяне не чакае лепшае. Ніколі. Я веру, што паэты чуюць усё нават пасля. Думаеш, лёгка Катулу?