Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Гэтыя бязладныя словы былі, у сутнасці, пазбаўлены сэнсу. Але ў тым і быў сэнс, што самотнае дрэва вільготна шумела над галавой, што набліжалася вясна, і сэнс быў проста дадаткам да шолаху траў і святла, нябачных над Масквою зорак.– Я ведаю, – сказала яна. – Катулу было б лягчэй, каб Лесбія засталася з ім.– Прынамсі, так здавалася б яму, – сказаў ён....А потым пачаліся дні і тыдні падвойнай гульні. Усё ў свеце, здавалася, спявала аб аднаўленні, а яна, купляючы ў антыкварыяце кітайскую “багіню шчаслівага кахання”, глядзела на Андрэя адчужана і казала, што ён зноў “гіпнатызуе сябе”.Паўсюль лезла трава, міцэлій прабіваў грыбамі нават бетон на аўтастрадах, – а яна прымаўляла нешта наконт таго, што, не спадзеючыся калісь на цеплыню, так распланавала час, што зараз ёй дыхаць няма калі.Ён разважаў лагічна: распланаванае можна змяніць. Яго вуснамі казала вясна, яго вуснамі казалі карэнні таполяў, што прабіваліся на святло. Яны выбіваліся з бульвара на вуліцу, вучылі асфальт, пускалі яго дробнымі расколінамі і, нарэшце, высоўвалі да святла дэфармаваныя страшэнным цяжарам парасткі. Але што было да гэтага ёй? Яна “вышэй за ўсё ацэньвала сваю працу” і “кінула б таго, хто забараніў бы ёй яе”. Як быццам ён, Андрэй, толькі і марыў аб гэтым.А ў адзін з першых дзён мая, калі нават Чыстыя Пруды расквітнелі зялёным колерам жыцця, калі нават мёртвыя дошкі рэдкіх драўляных платоў укрыліся пасля дажджу аксамітным налётам і калі ён сказаў ёй: “так альбо не”, – яна адказала з ледзянымі вачыма:– Выявіце раней свой шлях, а потым скажыце мне. А што да блазенства, то яго давядзецца кінуць.Абражаны да глыбіні душы, ён спытаў, чым ён мог заслужыць такія адносіны з яе боку. I тон, якім яна адказала яму, быў легкаважна-жорсткі:– А вы ніколі і не глядзелі на мяне як на чалавека. Нават не пыталіся маёй думкі. аб сваіх вершах, глядзелі на іх як на лісты да мяне, а на мяне – як на цацку.I гэта ў той час, як ён проста не асмельваўся патрабаваць яе ўвагі да сваіх вершаў.Хіба гэта можна было растлумачыць? I ён сказаў:– Гэта, апошняе, асабліва справядліва... Бог з вамі, жорстка вы мяне абразілі.Яму хацелася, каб ёй стала на хвіліну балюча. I таму ён, узяўшы яе за вузкія плечы, сказаў:– Досыць гуляць у хованкі. Трэба, каб трэці ведаў усё. Застанецеся вы з ім альбо не – хай вырашаюць гэтыя дні. Бо я больш не магу,Ірына бачыла ў цемры яго вочы і, відаць, зразумела, што ён здатны на ўсё.– Гэта ўжо не ваш смутак, – назнарок сурова сказала яна.Замест добрай размовы зноў атрымалася “авантура”, як сказала б Ганна. Не разумеючы, за што яго мучаць, ён пайшоў, куды глядзелі вочы, і ўсю ноч праблукаў завулкамі, потым выйшаў у поле і, адмахаўшы чорт ведае колькі кіламетраў, выбраўся на шашу недзе каля Пятрова-Дальняга.Маладая канюшына ўжо кучаравілася на схібах. Нейкім невыразным прывідам стаяў у вачах пабачаны ноччу Архангельскі палац, заліты блакітным сяйвам месяца. Гудзела ў нагах.Дадому ён дабраўся толькі ў гадзіну дня. Яніса не было. Будынак быў пусты: людзі выбраліся за горад.Разумеючы, што Яніс можа парушыць яго сон, Андрэй заторкнуў за нумарок дзвярэй запіску: “Я сплю. Заходзь. Вячэра ў шафе” і, скінуўшы толькі пінжак і чаравікі, зваліўся на ложак. Спаў ён пасля бяссоннай ночы доўга і прачнуўся, відаць, позна, бо шолах аўтобусных шын па асфальце гучаў ужо зусім па-начному. Але разбудзіў яго не шолах шын, а нешта зусім другое, насцярожанае: прысутнасць другога чалавека ў пакоі. Хутчэй падсвядома ён пабачыў цень гэтага чалавека ў крэсле ля акна. Гэта быў не Яніс, і таму Андрэй працягнуў руку да выключальніка настольнай лямпы.