Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Чакайце, – сказаў цень з занадта інтэлігентскім вымаўленнем. – Не запальвайце святда... Не варта.– Гэта нейкі новы прынцып знаёмства, – сказаў Андрэй. – Што вам патрэбна, мая каліта ці маё жыццё?– Мне мала патрэбы ў тым і ў другім, – сказаў цень. – Хутчэй мне патрэбна ваша сумленне.Такія словы меў права сказаць яму толькі адзін чалавек у Маскве. I Андрэй ужо цвёрда ведаў, што гэта Ён, той, хто меў гэта права.– А я толькі збіраўся зайсці да вас, – сказаў Андрэй. – Вы трошкі апярэдзілі мяне, Міхал... Добра, будзем гаманіць без святла. Прынамсі, вы хаця дазволіце мне закурыць?– Валяйце, – сказаў цень.– Можа, і вы?– Я не куру.– Каньяк?– Піць яго ў такім доме? – з пагардай спытаў цень. Андрэй пачынаў злавацца:– Гэты дом не горшы за другія.– Так, – сказаў цень. – Паўсюль аднолькавае дзярмо... Я не прашу ў вас прабачэння за ўварванне... як вы не прасілі ў мяне. Я падняўся сюды, пабачыў запіску. Дзверы не былі замкнёны. I вось я тут...Па столі пакоя слізганула святло ад аўтамабільных фар. У гэтым святле Андрэй пабачыў высокі, трохі залысы лоб і цёмныя вочы, у якіх зараз акрамя іроніі жыла насцярожанасць.– Яна пра ўсё расказала мне, – сказаў чалавек.– Добра зрабіла. Я сам збіраўся зрабіць гэта заўтра.– Чаму ж вы не зрабілі гэтага раней? Успыхнуў чырвоны святляк папяросы ў пальцах Андрэя.– Не прыміце гэта за прабачэнне, – сказаў ён. – Але каб я з самага пачатку ведаў, што яна замужам, – я неяк адолеў бы сябе. На жаль, потым было позна... Не ведаючы цвёрда яе адносін да мяне, я не мог падвесці яе, сказаўшы аб усім вам... Але заўтра я хацеў высветліць з вамі ўсё... Даю вам у гэтым слова гонару.– Ваш гонар... – сказаў цень. – Чаму, вы думаеце, я не хачу зараз святла?– Ну?– Яна сказала, што я і так бачыў вас. У сорак першым. Што вы падобны на... таго...– А вы не можаце дараваць яму і зараз?– Не. Мне проста не хочацца лішні раз глядзець у хлуслівыя вочы чалавека, які прыйшоў у мой дом і...Андрэй сеў на ложку. Тонка зазвінела панцырная сетка. Потым у пляме святла з’явілася на стале вузкая рука Андрэя з пачкам цыгарэт.– Курыце, – сказаў Андрэй іранічна. – Гэта не мае. Гэта забыў мой асабісты вораг Стаўроў падчас высвятлення адносін са мною...– Гэтыя закуру з асалодаю.– Ну вось, – сказаў Андрэй,– кажу далей. Я ведаю, я нарабіў вам болю і гора і прызнаюся: вы маеце права на жорсткія словы...Шкадаванне да гэтага ценю ў паўзмроку пакоя было непаддзельна ад сораму за самога сябе. Андрэй ведаў: больш балюча, чым гэта зрабіў ён, нельга было ўразіць другога чалавека. Але ён не шкадаваў аб зробленым.– Маеце права, – паўтарыў Андрэй. – Але маеце права ў апошні раз. Цяпер усё ясна між намі, і лепей за ўсё абысціся без залішняга віску. Па-мужчынску...Скажу вам шчыра: я кахаю яе. Але я не ведаю, што сказала вам яна. – Сказала, што, здаецца, неабыякавая да вас, што не ведае, як ёй паводзіць сябе зараз.– Тады я не ведаю, чаму б вам не саступіць з дарогі? – спытаў Андрэй.– А вы думалі, што я таксама кахаю яе?– Думаў.– Тады ідзіце ад яе. Бо яна яшчэ сказала, што не захоча нанесці мне апошняй крыўды... Такое можа здарыцца з усякім. I таму я дарую ёй.– А хіба любоў патрабуе даравання? – горка спытаў Андрэй. – Ці не думаеце вы, што з каханнем нешта няладна, калі ёсць патрэба дараваць?.. Я не магу пайсці ад яе, Міхал.Бягучае святло праплыло па сценах. Андрэй бачыў, як вочы Міхала беглі за ім, акідваючы позіркам больш чым сціплае абсталяванне пакоя...