Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Мана – ад снегу за акном. Няма святла, няма кахання. Халодны свет. Халодны дом. Не ведае, што век дваццаты Ў святле, што бачыць ясны зрок, У літасці, ў ламанні кратаў, Ў паўстанні полымя на змрок. Мне скажуць: моцным без патрэбы Трымаць над прорваю такіх. А я ўяўляю зоры ў небе I вочы, што жывуць без іх. I нават больш яе кахаю. Няўтульная душой да дна, Зусім малая, трапяткая, Яна адна ў мяне. Адна.Так, разважанні не прыносілі заспакаення, і колькі ні называй дваццатага стагоддзя дваццатым – гэта не магло змяніць прыроды кахання. Яно радавала і мучыла, як і на світанку чалавечых дзён....У канцы мая вялікая група хлопцаў і дзяўчат разам з Горавай і Галінай Іванаўнай паехала на некалькі дзён у Ленінград. Гэта было нешта накшталт развітальнага падарожжа. У чэрвені большасць з іх павінна была назаўсёды раз’ехацца па сваіх гарадах, пакінуўшы Маскву і адзін аднаго. Таму нават у весялосці прысутнічаў нейкі сум.I толькі Грынкевіч ехаў на поўнач радасны, бы ў вясельнае падарожжа. Быць з Ірынай у адным вагоне, жыць у адной гасцініцы, цэлы тыдзень быць з ёю... I гэта перад тым, як яна назаўсёды будзе з ім.Не, гэта было такім нясцерпным шчасцем, што кружылася галава....Гэта быў горад – мара. Андрэй зразумеў гэта на самым першым спатканні з ім, калі, пакінуўшы ў гасцініцы спячых сяброў, выйшаў на Неўскую набярэжную. Світання, уласна кажучы, не было, бо стаяў канец мая і цямнела ўначы толькі на гадзіну-дзве.Нява, яшчэ напаўсонная, каціла ў заліў плыні, зрэдку ўсплёскваючы грабеньчыкамі. Невядома, адкуль яны браліся: ветру не было ў бескалярова-блакітным небе, у паветры, якое пахнула ёдам і аж нясцерпна пашырала грудзі. Шпіль Петрапаўлаўкі ўпіваўся ў неба, ужо злёгку пазалочаны на самай вяршыні. Ён быў лёгкі і горды, як бессмяротны радок.I, акінуўшы ўсё гэта, Андрэй зразумеў, што прапаў. Гэты горад быў падобны на тыя гарады, якія сняцца ў самых шчаслівых снах дзяцінства, аб якіх потым плачаш, не маючы змогі трапіць у згублены рай.Упершыню пасля дзён дзяцінства захацелася ўзняцца і паплысці над гэтай вадою – вышэй, вышэй над будынкамі і шпілямі, над недалёкім морам.О, толькі б жыць!Рука апусцілася на балюстраду поруч з ім. Андрэй паглядзеў і пабачыў Ірыну, усю нейкую маленькую і ласкава-зажураную.– Я ведала, што вам не спіцца. Нават чамусьці ведала, дзе вас шукаць.Замест адказу ён накрыў усю яе руку сваёй вялікай далонню. Рука ляжала пакорліва, не варушылася.Андрэй знемагаў ад цеплыні і шкадавання да яе.Стаяла поруч з ім нейкая смешная, быццам нават трохі заспаная, моўчкі глядзела, як наліваўся золатам шпіль за ракой,– Калі мне было цяжка, – сказаў Андрэй, – я тады хацеў выпаліць з сябе ўсё. Толькі так, таму што ніколі пачуцці не даюць нічога, акрамя гора і болю. Але цяпер я спакойны. Вы поруч. Я пабачыў гэты горад і сустрэў вас, Нашто супраціўляцца каханню, калі ўсё на свеце мае канец, і мы з’явіліся аднекуль і кудысь знікнем, і маглі нават не сустрэць адзін аднаго за дні, адпушчаныя нам. Бязважка дакрануўся шчакою да яе скроні:– Я і не супраціўляюся. Дзве залатыя іскры выпадкова сустрэліся. Ёсць яны і гэты горад, – досыць...– Не трэба, Андруша, – сказала яна. – Я не хачу аб тым, што будзе...– Чаму?– Які вы... Жыць трэба больш лёгка і проста... Нашто вы... Ну я вас прашу, я вас вельмі прашу – не трэба загадзя... Каму гэта вядома, што там будзе... Будзьце задаволены, што я поруч... і не хачу больш ні з кім, і вакол гэты горад, а ў нас наперадзе яшчэ дзесяць дзён, аж цэлых дзесяць дзён. Стагоддзе. Вечнасць.