Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Так пачалася песня песняў. Тая, што нават для самых шчаслівых гучыць толькі адзін раз.Былі астравы, а потым мора, вялізнае, пустое, бялёса-блакітнае, бясколерна-блакітнае пад бясколерна-блакітным небам, з залатымі іскрамі сонца, якія нараджаліся і чэзнулі недзе ўдалечыні. А можа, і не было мора і неба? Можа, проста было нешта блакітнае, што заняло палову ўсяго свету? Ён не ведаў, а яна, седзячы поруч з ім у аўтобусе, казала:– Што вы ўсё гледзіцё на мяне? Туды глядзіце.Але ён разумеў, што ўсе гэтыя словы проста так, і разумеў, што яна ведае гэта. Яна разумела ўсё ў ім. Нават калі ён выходзіў з брамы Петрапаўлаўкі да прычала, адкуль калісьці вывозілі людзей на востраў Галадай, выходзіў занадта прамы, склаўшы за спіною рукі, шапнула яму:– Цяжка, праўда?Яна разумела ўсё, акрамя таго, што яму хацелася гаварыць аб каханні і аб будучым. Гэтага яна не хацела і вымаліла ў яго гэтае абяцанне, а ён з горыччу і пакорай даў ёй яго, быццам зразумеўшы, што ёсць толькі дзесяць хуткаплынных дзён, што нельга патрабаваць большага ад жыцця, што яна, калі захоча – будзе з ім, але хутчэй за ўсё не захоча.I ён безнадзейна змірыўся, таму што ведаў: усе гэтыя дні яна аддасць толькі яму, толькі для яго. Усе. Цалкам. У гэтым быў нейкі горкі гонар, які даваў яму сілы жыць.Ірына сапраўды ўсё аддавала яму: кожны позірк, кожны рух, кожнае слова. Нават калі расказвала ў Эрмітажы аб “Старым у чырвоных адзеннях” – усе яе словы нейкім дзівоснык чынам былі накіраваны да Андрэя, адказвалі на самыя таемныя з яго думак, мацавалі ў добрым і суцяшалі ў дрэнным.Гэта былі дзіўныя адносіны, якіх пакуль што амаль не бывае на зямлі. Быццам сама душа каханай перайшла ў душу каханага. Напэўна, калісь, калі на зямлі пакінуць крыўдзіць, калі не будзе моцных і слабых, калі знікнуць хлусня і непаразуменні і брыдкая гульня ў хітрыкі, калі змагацца за жанчыну будуць толькі з ёю самой – менавіта такімі будуць адносіны тых, хто захоча быць адзін з адным. Ні ценю непаразуменняў, дабрыня да кожнага выгіба думкі другога, добразычлівае імкненне ўсё аддаць для яго, нічога не патрабуючы ўзамен, вера ў тое, што ён таксама зробіць гэта. А вечарамі яны ўцякалі ад усіх і гадзінамі блукалі па горадзе, на які ўсё больш упарта наступалі белыя ночы з іх замрэяным святлом. I тут ужо маглі казаць шчыра, словамі або без слоў.Пётр імкнуўся ў свой вечны палёт над ракою.– Усё як наканавана для нас, – сказаў Андрэй, трымаючы яе за тонкую руку. – Памятаеце, пры Напалеоне рускі салдат і беларускі мужык затрымалі корпус, які ішоў на Пецярбург.– Ну...– Каб я верыў, я ўвесь час маліўся б за іх. Колькі ўсяго яны збераглі! Гэты палёт Пятра і гэтых сфінксаў. Што яшчэ?– I юнацтва Пушкіна ў ліпавых алеях, – напомніла яна.– Так. I ўсё астатняе... I збераглі гэтыя дні. Для нас.Дзіўна, яны не адчувалі, што іх словы занадта высокія. Яны не дзівіліся б нават, абое загаварыўшы вершамі. Усё было іншым у гэтыя дні.На гарбатым мосціку, дзе струмень чыстай неўскай вады ўліваўся ў Зімнюю канаўку, у час, калі за Стрэлкаю на алым фоне захаду ўстаюць цені рагатых калон, яна ў адзін з вечароў сказала яму:– Ты робіш мяне такой высокай, што мне страшна, мне брыдка за многае ў жыцці. Няўжо не так, як трэба? Як жа тады вымаліць дараванне за ўсё, родны?– Мы за ўсё вымалілі дараванне. Усім гэтым.Яму так было шкада яе, што дрыжалі рукі, якімі ён саграваў яе пальцы. А пад мостам змяіліся і беглі кудысь у чыстай вадзе тонка-зялёныя пасмы водарасцей. Была толькі адна хвіліна, калі яны адчулі нейкую насцярожанасць. Ён прызначыў спатканне ля Казанскага сабора, прыйшоў зарана. Сядзеў, гледзячы на тое, як дзеці малююць нешта на пяску. Малявалі ружу, і малявалі дрэнна, гэткія смешныя пульхныя дзеці, карапузы з ільнянымі валосікамі. Нельга было не дапамагчы ім. I таму, прыйшоўшы на месца спаткання, Ірына са спіны пабачыла Андрэя, які сядзеў на кукішках і дапамагаў дзецям.