Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Лісцікі ў ружы не такія, лапа. Яны ледзь-ледзь вызубленыя. Вось такія... Вось... Вось...А калі яны сустрэліся позіркамі, пайшлі адзін да аднаго і дзеці кінуліся за Андрэем, нават подбегам, Андрэй раптам пабачыў дзіўны выраз, з якім вочы Ірыны глядзелі на іх, і сказаў:– Ідзіце, любыя. Ну чаго вы, сапраўды? Мы заўтра яшчэ тут будзем.Супакоілася яна толькі ў кафейным доміку. Ён амаль ужо зачыняўся, і іх з хвіліну не хацелі пускаць. Андрэй з жартаўлівым адчаем умаўляў афіцыянтку, і тая, паглядзеўшы ў яго вочы і на Ірыну, сказала з уздыхам:– Ідзіце ўжо.Залацілася віно ў келіхах. Шэрыя вочы спагадліва і стомлена глядзелі на Андрэя. З Фантанкі, заснаванай маладой зелянінай дрэў, даляталі ўсплёскі вёслаў, мяккая вячэрняя песня....Дзесяць дзён здаваліся вечнасцю. Дзесяць дзён прайшлі. За два дні да тэрміну яна атрымала выклік з Масквы. Андрэй збялеў, пачуўшы аб гэтым. А яна расказала гэта вельмі вытрыманым, вельмі спакойным голасам, быццам адбыла нешта, што патрабаваў ад яе абавязак, і ніхто не можа патрабаваць ад яе звыш гэтага.На вечар у іх былі білеты ў кіно. I яны пайшлі туды, у вялізны кінатэатр за Нявой, хоць заўтра яна павінна была ехаць. Увечары. Усе гэтыя дні з іх шчасцем, са святлом, што лілося з ракі ў шырокія вокны Эрмітажа, са штодзённымі залатымі дажджамі, якія наляталі аднекуль, а праз дзесяць хвілін заставаліся ўжо толькі вільгаццю на зеляніне і мармуры Летняга саду, з фасфарычна-блакітнымі вечарамі – усе яны скончыліся.– Няўжо гэта ўсё? – спытаў ён, калі яны сядзелі ў скверы ля кіно.– А ў каго зусім не было? Ані дня?– Усё?Цыгарэта трэслася ў яе пальцах.– Ах, нічога, нічога я не ведаю.Непаразуменне, адчай і пратэст супраць усяго гэтага былі такімі, што Андрэй, закалаціўшыся ўвесь, узяў яе за рукі, сціснуў вузкія пальцы.– Бяжым адсюль, Ірына. Бяжым. Вам трэба бегчы. Ад яго. Ад сябе. Далёка.– Куды ўцячэш?– Спачатку ў Сухадол, да дзядзькі. Там чыста, там дабрыня людзей і дрэў. Бяжым. Калі вам цяжка браць развод, цяжка глядзець у вочы гэтаму чалавеку – абыдземся без яго.У прысмерку ён не мог заўважыць яе вачэй, а твар вонкава быў спакойны.– Потым, – глуха сказала яна. – Пасля сеанса. Хадзем... Зараз... пачнуць.Яны сядзелі, не вельмі сочачы за экранам. За іх спінамі ўздымалася сцяна наступнага яруса, ствараючы ўражанне іхняй самоты ў гэтай зале. Ды хоць бы яе і не было – што было Андрэю да іншых?Ішла нейкая французская камедыя пра вайну, хоць вайна, вядома, зусім не камедыя. Куражыўся прыдурак-эсэсавец; пад нацыянальным французскім сцягам адплываў у эвакуацыю, не жадаючы здавацца на літасць ворага, гераічны вясёлы дом.Андрэй нічога гэтага не заўважаў. Яна, напэўна, заўважала не больш. Узяўшы ў цемры яе руку ў карункавай пальчатцы, ён, схіліўшыся да яе галавою, абсыпаў яе пацалункамі, увесь калоцячыся ад цягі і адчаю і непапраўнасці таго, што мелася быць заўтра.Толькі тут, упершыню за вечар, з плыні абыякавых слоў вырвалася:– Так любіш мяне? – і голас гучаў адчайна нават у шэпце.Спалоханая тонам, ведаючы, што выдала сябе, аддала сябе яму ў рукі, яна адразу ж сказала:– I вам яшчэ не абрыдла гэтая пальчатка? – але голас, зрываючыся, казаў зусім не тое, і гэта прагучала, як “вазьмі мяне адсюль”....Над паркам вісела кароткая, на дзве салаўіныя песні ноч. Бэз распасцёр над галовамі цьмянае і загадкавае лісце. Шчоўкнуў непадалёк, выпрабоўваючы голас, салоўка. Потым, наўздалёк, пусціў калена яшчэ адзін, яшчэ, яшчэ. Першы адказаў – быццам крыштальная вада падала на срэбра. Забулькацела радасць яшчэ ў адным маленькім горле. А потым усе яны, забыўшыся на ўсё, аддаліся спеву.