Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Я ўсё скажу табе ў Маскве... Адразу... Слова маё... Толькі не пакутуй так... Куды спяшацца, калі ўвесь... увесь свет наш...Цяпер ужо сад звінеў....Калі яны ішлі начным горадам, ён казаў ёй:– Буду чакаць. Толькі не падманіце мяне... Нельга...Вялізным лукам павіснуў над імкліва-спакойнаю ракою мост. Агні адбіваліся ў вадзе, і Ленінград спаў над вадою, як здань, а крокі гучалі... гучалі... гучалі.– Мы адны не спім у горадзе, – сказала яна. – Як хлапчукі... Як маладосць... Як жыццё спачатку... Даверлівыя шэрыя вочы глядзелі на Андрэя.– Прачытай мне вершы, дарагі... Ты вельмі даўно не чытаў мне вершаў...– Памятаеш, быў такі Іксіён? – пасля паўзы спытаў Андрэй. – Закахаўся ў Геру, жонку Зеўса. Яго вырашылі злавіць і падсунулі яму воблака, надаўшы яму вобраз Геры. Ён выдаў сябе, абдымаючы воблака, і яго навекі прывязалі да кола, якое круцілася.– Ну, – шэптам сказала яна.Голас пачаў чытаць прыглушана, у тон гэтай ночы і ракі, што шапацела пад быкамі моста.Я позабыл начало всего.Мне неведом конец.Молот вырвав нз рук моих,Слепая кует судьба.Теплой весной, прошедшей веснойЯ увидел во тьме,В дебрях ночных, в мерцании звездСмертоносной прелести лик.Гера, Гера, любовь моя!Ветви в зеленых огнях.Тень, как отдыхающий лев,Улеглась у ног голубых...К ней стремлюсь, обнимаю ее.Она сквозь пальцы течет.Только облако, только туман,Только призрак в руках моих.И привязали меня к колесу,К карусели улиц ночных.Город прыгает... Город ревет...Город пылает огнем... Вертится, вертится колесо,Жаждой пылает мозг..Ты бессилен, могучий Зевс,Сердце во мне убить.Гера, Гера, как ты могла С ним быть заодно?Жаль, что облаком ты была.Ничего остального – не жаль.Некаторы час панавала маўчанне. Толькі крокі паміралі ў начных палацах над набярэжнай. Слаба фасфарасцыравала рака, адбіваючы рэдкія агні.– Ты пішаш і па-руску?– Спрабаваў адзін-два разы. Чаго я толькі ў жыцці не спрабаваў? Калісь нават па-ўкраінску і па-польску спрабаваў... Напісаў дзве лацінскія эпіграмы. Нічога цяжкага.Прыціскаючыся да яго, яна сказала:– Я не заадно з імі... Я таксама папалася... Але я вырвуся да свайго Іксіёна... Ты пабачыш... За карункавай агароджай драмалі ў цеплыні шаты Летняга саду. Дыхалі сонным водарам траў, цёплай вільгаці, кветак.Спыніўшыся на мосціку цераз Фантанку, гледячы ў вочы Ірыны, што адбівалі іскры зарэчных агнёў, ён сказаў, прыціскаючы яе да сябе:– Я веру... Толькі ведай – калі ты забудзеш – здарыцца непапраўнае. I ты ведай толькі адно... Гадзіна маёй смерці скрытая ад мяне, і таму я не ведаю, ці доўга буду цябе кахаць.Цалаваў яе вочы.– I перад гэтым, калі ты пакінеш мяне, – ведай – адчай усё адно застанецца. Нават старым падумаю, як пятроўскі стольнік калісь, што вось была Венецыя, і маладосць, і быў я там “инаморато в славную хорошеством читадинку, синьору Франческа Рота, и тако был инаморато, что доселе тот амор из сердца мово не вышел и, чаю, не выдет”.Уся дрыжучы, яна прынікала да яго, а ён сурова і горка казаў ёй:– Дні праходзяць, Ірына. Праходзяць дні.Р а з д з е л XXVIIГэта адбылося праз тры дні пасля вяртання з Ленінграда. Андрэя чакаў у Маскве рэжысёр, што пачаў рабіць фільм па яго сцэнарыю. Рэжысёр прывёз ліст ад сябра, што з домам усё гатова, і ліст ад дырэктара студыі. Прасілі яшчэ адзін сцэнарый.Пасля размовы з дзвюма актрысамі, якія меліся браць кінапробы на галоўную ролю, Андрэй папрасіў рэжысёра пачакаць і пазваніў Ірыне, каб расказаць ёй аб усім тым добрым, што здарылася.