Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Апрытомнеў ён у скверы ля доміка Астроўскага. Сядзеў, сціскаючы скроні, і слухаў цішыню. Было, відаць, велымі позна, таму што сціх нават грукат трамваяў. I толькі непадалёк, у мокрым завулку, мужчынскі голас спяваў, перакручваючы словы:Эту женщину увижу и немею, Как безумный, как безумный, день хожу. Ни кукушкам, ни ромашкам я не верю, И к гадалкам, понимаешь, не хожу. Набормочут: – не люби ее такую, Напророчат: – до рассвета заживет. Наколдуют, нагадают, накукуют, А она на нашей улице живет...Андрэй сядзеў, а над яго галавою гола, трывожна і страшна шумелі мокрыя дрэвы.Р а з д з е л XXIIЧалавек можа ўсё. Межаў яго сіле няма, калі наперадзе агонь надзеі. Гэта вельмі добра ведаюць гуманісты, фанатыкі і закаханыя. Што тады казаць пра тых, хто і першы, і другі, і трэці. Хвіліны адчаю трываюць у іх нядоўга. Бось, здавалася, стаяў на каленях, а праз хвіліну зноў трэба апускаць забрала і ісці на бой.Ужо раніцай, седзячы ў вагоне, які імчаў яго да роднага горада, Андрэй ведаў: нельга губляць ніводнай хвіліны. Толькі адно ўратуе яго ад тугі па ёй: праца да апошняга, знясіленне рук, вачэй і галавы, цяжкі – як камень на дно – сон.Гледзячы ў акно на заснежаныя паўстанкі, ён думаў. Як у кожнага, хто не спяшаецца выпускаць з рук напісанае, у яго было шмат амаль гатовых рэчаў. Іх трэба было скончыць, скончыць як мага хутчэй, за сорак пяць дзён, скончыць і аддаць у чужыя рукі. “Натхненне не прадаецца...” Ён можа хадзіць насустрач ветру – ёй нельга. Ён можа глядзець у вочы небяспецы – яна павінна быць за яго спіной. I таму ён мог працаваць за яе не сем год, як той, з Бібліі, а ўсё жыццё, абы не падманулі, абы не падсунулі іншай...Які шлях быў карацейшы? Раман аб паўстанні Каліноўскага? Раман быў напісаны на дзве трэціх. Адпадае. Доўга чакаць. Гэта потым. “Няхай другім разам”, – як сказала адна шляхцянка сваёй паміраючай маці, калі тая папрасіла какавы.Аповесць? Так, яна амаль скончана.Ага, вось галоўнае, вось куды трэба ўбіць паўтара месяца! Ёсць п’еса, якую трэба толькі адшліфаваць, і яшчэ падрабязна распрацаваны план кінасцэнарыя. Вельмі падрабязна распрацаваны. Больш паловы сцэн напісаны, і гэта найбліжэйшы шлях да яе. Усяго дзён дваццаць. Глупства! Хіба гэта подзвіг? Калі ўжо гаварыць пра подзвіг адданага каханка, дык вось гэта – подзвіг. Нейкі там даўні нібелунг зашыўся ў авечую шкуру і ішоў да замка каханай за трыдзевяць зямель год. I ўсё скончылася б выдатна, каб яго ля самага замка не з’елі сабакі, што не ўмелі адрозніваць зместу ад формы...Яму здавалася зараз, што цягнік ідзе вельмі марудна. Трэба было хутчэй, зараз жа, застацца сам-насам з паперай, распачаць самую вялікую бітву жыцця.Спаць чатыры гадзіны на суткі. Гэтага досыць, калі мэта так блізка. Хіба больш спаў Пётр Першы, або Маленькі кахетынец1, або Каліноўскі ў апошнія гады жыцця. Скажам, праўда, яны спалі пяць гадзін, але ж тут не гады, а паўтара месяца. Яна – яго дзяржава. Хопіць чатырох гадзін. А стома – глупства. Існуюць лыжы і кава, на горшы выпадак. I яшчэ ёсць натхненне бітвы і шчасце пераадольвання самага цяжкага. Бо кожны мужчына – трохі ігрок…І яшчэ жартаваць, жартаваць кожную хвіліну, здзекавацца з сябе, прымаць усё ўсур’ёз і не ўсур’ёз, бо нервы, бо сэрца, бо мозг могуць іначай не вытрымаць. Вайна за прыўкрасную Елену, вялікая траянская вайна... Ахіл з браніраванай пяткай і безабаронным сэрцам...Працаваць. Інакш звар’яцееш ад тугі.