Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Ліпскі, прызнайся, што збрахаў.– Ды я што, – чырвань плітамі папаўзла па лялечных шчаках Ліпскага. – Я... веру Стаўрову.– Чаму? Авансы табе рабілі?– Не зусім... але...– Сумленне тваё дзе? Пэцкаць імя жанчыны. Брахаць.Ён бачыў, што Ліпскі ачуньвае ад спуду і пачынае казырыцца. I тады Андрэй узяў яго за грудзі і, прыўзняўшы, пасадзіў на біла ложка.– Ліпскі, – сказаў ён, – ты ведаеш, я гіджуся бойкі, мы не звяры дзікія. Але ўлічы, подласць б’юць. Сёння я стану біць твайго Стаўрова смяротным боем. За хлусню.– Гэта яшчэ хто каго.Заўвага была слушнай. Стаўроў быў відавочна больш узмацярэлы, чым Андрэй, важыў, нават на вока, кіло на дванаццаць больш. Сутыкніся яны проста так – ад Андрэя, магчыма, пер’е ляцела б. Але тут Андрэй ведаў, што б там ні было, ён наб’е Стаўрова, наб’е двух Стаўровых. Іначай – хоць і не жыві.– Я стану біць яго смяротным боем... А ты, ты толькі скажы мне, ці любіш сваю маці?..Ліпскі падумаў, што Андрэй успомніў маці не на дабро.– Чаго ты мяне чапаеш?! Пры чым тут маці?!– Я не аб тым. Скажы, каб пра тваю маці, сястру, дачку сказалі нешта такое... Што б ты тады?.. Ліпскі апусціў вочы:– Забіў бы, – глуха сказаў ён і дадаў пасля паўзы: – Я схлусіў. Я думаю, што схлусіў і Стаўроў... Пусці мяне.Стаўшы на ногі, ён ціха падышоў да акна.– Хочаш, я скажу хлопцам, што схлусіў? – гледзячы ў цемру, спытаў ён.– Калі спатрэбіцца – скажаш....Пакой Стаўрова быў за павароткаю калідора. Андрэй пастукаў у дзверы. Магчыма, занадта гучна.– Галавой, – сказаў раздражнёны голас.Андрэй адчыніў дзверы. Стаўроў сядзеў на ложку ў трусах і ў майцы. Грудзі, зарослыя валасамі, былі шырокія, хаця і занадта атлусцелыя, але затое ногі, рэльефна ўкрытыя дробнымі і буйнымі мускуламі, былі застрашліва-дасканалыя.“Калі пачне брыкацца, будзе дрэнна”, – падумаў Андрэй.Так, было ў гэтым чалавеку нешта ад звера, нягледзячы на акуляры, нягледзячы на непрыстойна прыгожае аблічча. I горш за ўсё было тое, што Андрэй аддаваў яму належнае: гэты мог мець поспех у жанчын. Гэта было дрэнна. Не таму, што Андрэй баяўся за Ірыну. Ён проста ведаў: калі хлусіць такі чалавек – яму могуць паверыць. Нават многія. Як многія вераць у яго вытанчанасць, бо вытанчаны да рафініраванага снабізму ягоны пакой.Пакой, сапраўды, не адпавядаў паху дзікага звера, які ў ім стаяў. Забавак больш, чым у дзяўчыны. I рапіра над тахтой, зробленай з той самай сеткі, што ў другіх ляжыць на ложку.Кола для “хула-хуп’а” (круціць кожная чарговая “дзяўчынка”), рэпрадукцыя “Гернікі”, левая частка якой завешана, бо “там Пікаса парушыў унутраную дынамічнасць”.I на стале заўсёды назнарок раскрытая кніга. Месяц таму гэта былі “Метамарфозы” на лацінскай мове, вядома ж з малюнкамі. Андрэй тады паспрабаваў быў пагаварыць з гаспадаром кнігі на мове Авідзія і са здзіўленнем пераканаўся, што той цвёрда завучыў толькі два лацінскіх словы, ды і тыя – “прымус” і “аўтобус”.Андрэй не злаваўся б ні за кола, ні за Авідзія, каб гаспадар сумленна развіваў першым брушны прэс, а другім – эстэтычную цягу да жанчын. Але ён на свае вушы чуў, як гэты чалавек аднойчы казаў аб “рускім кітаізме”, а на другі дзень распінаўся ў любові да радзімы, ледзь не абараняючы баганоснасць яе людзей. Увесь у выкрунтасах, а кнігі піша звычайныя: пра пабудову круглых цялятнікаў і іх перавагу над цялятнікамі трохкутнымі.– Што трэба? – спытаў Стаўроў.– Вазьмі назад сваю плётку, – сказаў Андрэй.