Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– А што, можа, будзеш біцца?– Не пэцкай імя жанчыны. Гэта занадта лёгка. Стаўроў не слухаў. .– Чаго ж ты тады пры ўсіх мяне не біў?– Маглі разбараніць, – проста сказаў Андрэй. – Дык бярэш назад свае словы?– З’ясі ты, ведаеш чаго.– Ты хлус, Стаўроў, – сказаў Андрэй. – Ты манюка, што ваюе з жанчынамі.Стаўроў ужо стаяў перад Андрэем:– Зараз ты возьмеш назад свае словы. Таму, што я казаў праўду пра гэтую...Андрэй не даў яму скончыць. Гучны ляпас аддаўся ў пакоі.– Я цябе знішчыць хачу, сволач, – у Андрэя дрыжалі ноздры. – Такія, як ты, усё гадзяць: каханне, зямлю, праўду. Усіх вас знішчаць трэба... Бяры назад словы, дрэнь гнілая...Гаспадар, відаць, з цяжкасцю ўсведаміў тое, што яму далі поўху. Але ўсведаміў. Праз хвіліну Андрэй адляцеў і ўдарыўся спіною аб шкляную горку з керамікай. Зазвінела разбітае шкло.У наступны момант Стаўроў мядзведзем насунуўся на Андрэя, і Грынкевіч літаральна знік пад ягонымі ўдарамі. Ён не лічыў, што шрамы і сінякі – украса ваякі, і таму імкнуўся толькі прыкрыць твар. Немагчыма было заўтра ісці да яе з абліччам, збітым, як горкі яблык.Тройчы яшчэ адлятаў Андрэй, але злосць не ўтаймоўвалася, але нянавісць не пераходзіла – і не магла перайсці – у баязлівасць. Ён быў спакойны. Ён толькі чакаў. Ён ведаў, што ён слабейшы, і ведаў, што ён павінен правучыць гэтага звышчалавека з яго Авідзіем.Стаўроў шалеў. Малаціў, як па гумавай грушы, адчуваючы сябе ў ярасці гаспадаром становішча. Гаспадар становішча не заўважаў, што разбіў суглобы сваіх пальцаў. Ён малаціў.I тут у пакой нечакана ўварваўся Яніс. З рыкам ён кінуўся быў на дапамогу.– Назад! – крыкнуў яму Андрэй. – Не лезь, іначай і табе перападзе.Вочы яго былі такія гнеўныя, што Яніс адступіў; дрыжучы ад ярасці, стаў глядзець. Некаторы час у пакоі чулася толькі хрубасценне шкла, хрыплае дыханне Стаўрова ды гукі ўдараў: частыя – у гаспадара, рэдкія – у Андрэя.Яніс не заўважаў, што Андрэй гэтымі рэдкімі ўдарамі паспеў ужо разбіць Стаўрову броў, што левае вока Стаўрова ледзь глядзіць праз шчыліну сіняка, што ў яго дрэнна рухаецца ад удару ў мускул пляча левая рука. Яніс не заўважаў, што твар Андрэя чысты.– Ды ён заб’е цябе.– Не руш, – дыханне Андрэя было глыбокім і спакойным. – Гэтага я сам.Зноў удары і храбусценне. I раптам, якраз у тое імгненне, калі Стаўроў занёс кулак над галавою Грынкевіча, напаўсагнутая рука Андрэя слізнула ўгору. Яніс пачуў глухі ўдар. У наступны момант Стаўроў усім целам бразнуўся на падлогу.Гэта не быў накаўт. Раз за разам, чатыры разы ўзнімаўся “звышчалавек”, але ўдар кожны раз – ён не паспяваў нават стаць на калені – валіў яго на падлогу. Урэшце ён прымірыўся з ляжачым становішчам. Толькі вочы глядзелі востра, бы ў тхара.– Бярэш назад словы? – спытаў Андрэй. Стаўроў маўчаў.– Ды што ён зрабіў, нарэшце? – спытаў Яніс.– Зачапіў Яе, – сказаў Андрэй.– Яе? – Яніс рушыў на гаспадара. – Чакай, Андрэйка, я яму яшчэ падкіну.– Не пэцкай рук аб дзярмо. Адыдзі... А ты прасі прабачэння...– Чакай, – з пагрозай сказаў ляжачы. I тады Андрэй выбухнуў:– Ты бруд... Ты – слабенькую... Ты – слабых... Вазьмі назад брахню, іначай я яе з языком тваім смярдзючым, г....м у глотку ўваб’ю.– Чакай, – сказаў Яніс. – Я яго падыму, каб тваё сумленне спакойным было.Андрэй сам узняў Стаўрова за грудзі і шпурнуў на руіны горкі. Дзіка забразгатала шкло.– Д-добра, – сказаў Стаўроў. – Прашу прабачэння.