Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Толькі тут стала ясна, як ён здаў, як трэсліся ягоныя рукі.– Кажы, зманіў?– Зманіў. Але нічога, я ўсім вам... вясёлае жыццё... А табе, Яніс, асабліва будзе. На бюро прыйду...– Прыходзь, – сказаў Яніс. – Мы табе тады ўсім складам бюро натаўчом карак. У нас там людзі сур’ёзныя, жартаваць не любяць. У трох разрады па боксу.– А... бабе тваёй...– Змоўч, – збялеў Андрэй.Невядома, адкуль узяліся сілы, але ён адарваў Стаўрова ад падлогі збялелымі на касцяшках кулакамі і пусціў на дзверы шафы.– Мы пойдзем, – сказаў Андрэй. – Але калі ты хоць слова – мы зноў прыйдзем. Калі зноў плётка, калі пра яе – тут будзем біць удвух....У пакоі Андрэя Яніс, сцягнуўшы з гаспадара падзёртую сарочку, разглядаў разнастайныя па якасці і колеру сінякі.– М-да. Рыцарства! Шкада, што ў мяне бальзаму няма, – бурчаў ён. – Гэта нават горш, як мяне на вакзале жандары білі. Там што? Там я ціхутка лёг ды і гляджу, як яны мяне прасуюць. Надта ўжо цікавы працэс. А тут... тут, брат, проста чорт ведае што такое...Грынкевіча раптам закалаціла.– Яніс, – хрыпла сказаў ён, – за што ён яе, гадзюка?.. Я ведаю, яна не заўсёды добрая. Змучыла мяне... Год вар’ятам хаджу, на апошніх нервах. Ведаю – часам зменлівая. Ведаю – часам гуляе са мною... Але хто мае права заўважаць гэта... акрамя мяне?.. Ніхто.Сціснуў скроні далонямі. Сказаў ужо спакойна:– Апошнія мае сілы, Яніс. Шчасце, што заўтра – усё. А то – на Канатчыкаву дачу праз тыдзень.– Нічога, – сказаў Яніс. – Усё будзе добра, дружа. Заўтра ўсё будзе дабра. Евіна племя, яно, брат, таксама не ўсё з сабачага хваста....У прызначаны час наступнага дня Андрэй чакаў яе ў скверы ля інстытута. Дыхаць было цяжка, але наогул ён адчуваў сябе ніштавата. Асабліва таму, што аблічча было не кранутым у бойцы.Яна спазнілася на сорак хвілін. За гэты час ён тройчы пералічыў дрэвы ў скверыку, хмызы пад імі. Пясок пад нагамі быў густа засеяны акуркамі.Калі яна нарэшце прыйшла, ён ужо так хваляваўся, што не заўважыў нічога. Кінуўся да яе, здзіўлены, што яна праходзіць паўз яго, быццам не заўважаючы.– Дзень добры, Ірына.– Дзень добры, – яна стаяла напаўпаварота да яго.– Я чакаў, – сказаў ён.I тут яна павярнула да яго аблічча, нейкае такое незнаёмае аблічча, што ў Андрэя абарвалася ўнутры. Што ў ім было, у гэтым чужым абліччы? Вядома, было яно трохі больш змарнелым, чым заўсёды. Але галоўнае было не гэта, не пустыя вочы, нават не пасмяглыя вусны. Галоўным быў выраз. Быў на гэтым твары выраз такой грэблівай пагарды, што стократна горшы і за самую нянавісць.– Што з вамі? – жахнуўшыся ў душы, спытаў ён.Але ён ведаў, нават без яе адказу ведаў: гэта канец. З такім выразам сціснутых вуснаў, з такімі пустымі вачыма не глядзяць нават на ворагаў.– Чаго вы прыйшлі сюды? Вы не ведаеце, што гэта вокны інстытута?– Але ж вы самі... – паспрабаваў напомніць ён. – Гэта ж вы сказалі, што не можаце...– Я і не магу, – варухнуліся вусны. – Мне абрыдла ўсё гэта. Вы не думаеце аб размовах, аб маім імені. Вам усё адно...Свет раптам пацьмянеў у вачах Грынкевіча. Адчуванне лёгкай млоснасці нарадзіла звон у вушах. Але ён справіўся. Можна яшчэ і самлець, бразнуцца аб зямлю – не, занадта гонару для яе. I яшчэ яна магла б падумаць, што гэта кліч да літасці. Яна часамі любіць выпускаць кіпцікі – хай точыць іх на іншых.Ён моўчкі павярнуўся і пайшоў прэч. I выгляд яго спіны ярчэй многіх слоў казаў аб гідлівасці, якая раптам авалодала ім.