Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Каб ён азірнуўся, ён мог бы пабачыць, як выраз пустаты саступіў месца ў яе вачах непаразуменню, як бязвольна прыўзнялася рука. Але ён не азірнуўся. Ён не азірнуўся б нават на крык. Ён быў так уражаны, што проста не пачуў бы яго. Страціў прытомнасць, не трацячы яе....Наступнае патанула ў тумане. Часу не было. Ён не ведаў, гадзіны прайшлі ці дні. Бы ў п’янага, у вачах засталіся толькі рэдкія ўрыўкі падзей. А між тым, ён не піў ні кроплі. Наўрад ці ён і еў нешта ўсе гэтыя дні.Памятаў, што сядзеў на адхоне ў Астанкіна і слухаў зязюлю. Зязюля налічыла сорак. I тады ён упершыню адчуў, як з абразы і адчаю нараджаецца гнеў. Што яму з гэтых сарака, калі праўды няма?.. Радуйся, дзева, твае лепшыя горш за горшых, гатовы быць з усімі, абы не з каханым... Для гэтага ў іх не хапае распланаванага часу. Быць з каханым амаральна... За гэта не шкадавалі імя... Маральным было быць з другім, “які не дараваў”.Потым зноў быў правал. Сустрэў на вуліцы суседа па інтэрнаце. Той казаў нешта аб тым, што яго шукаюць тры дні... Назольны сусед. Ледзь выратаваўся ад яго, скочыўшы ў аўтобус. Шукаюць тры дні. Значыць, тры дні не начаваў там. А дзе? Гэтага ён не помніў. Можа, проста хадзіў па вуліцах... Часта бывала цёмна... Аднойчы, здаецца, ляжаў проста ў кураслепе нейкага парку... Глядзеў на зоры... Смешныя былі зоры: рухавыя, як зайчаняты...Гнеў прыйшоў аднойчы вечарам разам з пачуццём нясцерпнай стомы – ногі адвальваліся – і зверскім голадам. Аж цямнела ў вачах. У вулічным кафэ ён выпіў чатыры шклянкі кавы і ўпершыню, хаця і ліхаманкава, абдумаў, як яму быць.Кава зрабіла сваё. Ідучы тратуарамі Садовага кальца, ён цвёрда ведаў, што рабіць. Па-першае, ён не можа больш. Гары яно гарам! Варта было пакутаваць, вар’яцець, паліць апошнія думкі на гэтым хлуслівым агні. Ён не зрабіў нічога, акрамя добрага. I вось... аддзячылі.Столік на пошце. Пяро бегае па паперы. Толькі чатыры словы: “Няхай ты будзеш праклятай!” Жорстка? Так, але і добра. Пасля гэтага не вяртаюцца... Канверт падае ў скрынку...А цяпер да Ганны. Ён растлумачыць ёй усё. Гэта не помста. Калі ёй хочацца быць з ім – чаму ён павінен адмовіць у гэтым. Невялікае шчасце, але калі ёй спатрэбіўся гэты кавалак – няхай бярэ. Ва ўсякім разе, ён будзе добрым мужам. Будзе берагчы яе, вельмі шкадаваць, любіць за дабрыню і чалавечнасць. Яна ж лепей за тую. Яна застанецца з ім на ўсё жыццё, на радасць і гора, нязменная з нязменным, верная – з верным.Досыць з яго.I ўсё ж ён нічога не сказаў Ганне. Сорам не дазволіў. Сказала яна сама, як заўсёды, нейкім дзівам адгадаўшы яго думкі.– Ты гэтага ніколі не скажаш мне, Андруша.Сядзела ў сваім улюблёным куточку канапы, асветленая аранжавым абажурам. Янтарны твар, залатыя валасы.– Сорам не дазволіць. Але я ведаю, гэта не ад адчаю... Калі ты будзеш спакойны, хоць і няшчасны – я пайду з табой. Толькі гэта будзе потым – калі супакоішся. Магчыма, праз год. Я ведаю, ты ніколі не будзеш кахаць мяне. Але хіба не ўсё адно. Я зраблю так, што табе не захочацца пайсці ад мяне.– Ты заўсёды даеш мне сілы. А што застанецца самой?– Самой? – яна ўсміхнулася. – Самой застанецца ўсё. Як вы ганарыцеся сваёй сілай! А вы слабейшыя за нас, нават калі б’ецеся, як дзікія звяры... А зараз ідзі дадому... Ідзі, спі...Яна хавала ад яго нешта, відаць, шкадуючы яго. Ён бачыў гэта па неспакою яе вачэй. Але ён так стаміўся, што не стаў дапытвацца.Дома, перад тым як легчы спаць, ён знішчыў вершы, прысвечаныя Ірыне, знішчыў усе паперы, дзе хаця б прыпаміналася яе імя. Ён падаў з ног ад стомы, але не мог спаць, пакуль у пакоі заставаліся сведкі яго слабасці і яго ганьбы.