Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Р а з д з е л XXVIIIТрэба было жыць. I невядома было, як жыць. Перш за ўсё трэба было спаліць усе масты, што звязвалі яго з мінулым. Андрэй спаліў усе старыя канспекты, раздаў сябрам усе кнігі. Кнігі – першы друг, і гэтага друга перш за ўсё кідаюць, калі рэзка мяняюць жыццё. Яны занадта цяжкія для вандраванняў. Калі прыходзіць такі час – чалавек бярэ з сабою толькі тое, што змяшчаецца ў невялікі чамадан.Таму Андрэй падарыў Янісу дывановае пакрывала і карціны. Харунжаму – бронзавага званара, што біў набат. Баранаўскасу – усе забаўкі. У чамадан, разам з вопраткай, ён паклаў толькі дагератып Каліноўскага.Грошы для яго бадзянняў таксама не былі патрэбны. Толькі нямнога. Ён ведаў, што грошы псуюць падарожжа, ператвараюць яго ў турысцкую паездачку з паплёўваннем праз акно вагона-рэстарана. А ён збіраўся непасільна працаваць, бо толькі так і можна было забыць.Сабе ён пакінуў толькі на білет да Уладзівастока і яшчэ дзве тысячы на выпадак, калі не адразу ўладкуецца на работу. Ды і што яму патрэбна? Хлеб, кава, два разы на тыдзень добры абед. Вось і ўсё. Адзенне пакуль што ёсць, а калі зносіцца – заробіць.Цвёрдага плана ў яго не было. Прыблізны – выглядаў так.Ён паедзе да Уладзівастока. Там альбо ўладкуецца падсобным рабочым у геалагічную групу, або матросам на нейкае судна. I тайга з яе гнусам або хвалі паступова, дзень па дню, выжывуць з яго гнеў, што душыць яго, і абурэнне. Зараз ён ненавідзіць яе, хоць ведае, што гэта эгаістычна, што яна невінаватая ў сваёй слабасці. Ненавідзіць яе рухі, вочы, яе погляды на жыццё і мастацтва, ненавідзіць цяжкі вузел яе валасоў. Потым хвоі, салоны вецер і абшар акіяна паменшаць яго пакуту, заб’юць нянавісць, і тады можна будзе вярнуцца.Забраць Ганну, паехаць з ёю на радзіму. Яна так прагнула вырвацца з гэтых каменных цяснін, так хацела гурбаў у кветніку. Ён дасць ёй усё гэта.Ён пакіне ўсё, а сам паедзе да Яніса. Янісу нельга без Латвіі. Яму – без Беларусі. Ну і што, хіба цяжка разблытаць гэты вузел? Яны пабудуюць свой агульны дом якраз на мяжы. Палова яго будзе ў Латвіі, палова – у Беларусі. Сын Яніса будзе вадзіць Андрэевага сына, калі той народзіцца, апекаваць над ім, а потым, калі розніца ў гадах згладзіцца, яны пасябруюць, як іхнія бацькі. Пасябруе і Ганна з Лаймаю. Жанчыны будуць хадзіць адна да адной у госці “праз мяжу”. А ён будзе працаваць, працаваць. Дзень за днём, год за годам. I ён забудзе ўсё. Забудзе. Забудзе.Нікога не хацелася бачыць, акрамя сяброў. Жанчын – асабліва. Калі вахцёрша на трэці дзень сказала Андрэю, што яго выклікае да тэлефона Галіна Іванаўна і хоча яму нешта паведаміць, Андрэй кінуў:– Скажыце, што мяне няма дома. I не будзе два дні.Яніс глядзеў на зборы Андрэя з маўклівымі зітханнямі, але нічым не перашкаджаў. На пяты дзень, калі ўся падрыхтоўка была скончана і яны засталіся сам-насам з голымі сценамі і невялікім чамаданам, Андрэй нарэшце не вытрымаў гэтых уздыхаў.– Янка, – сказаў ён, сядаючы на чамадан, – не шматуй ты майго сэрца. Ну што? Табе ж яшчэ месяц у Маскве. Потым цябе чакае жонка. Сын. Каб не гэта ўсё – я адразу, нават без адзінага слова, узяў бы цябе з сабою.Яніс маўчаў. Толькі таўставатыя добрыя вусны часам уздрыгвалі. I тады Андрэй, адчуваючы, што ён зараз не вытрымае, сказаў:– Згода. Калі табе немагчыма без мяне – прабудзь гэты месяц у Маскве, на ліпень і жнівень з’ездзі ў Рыгу, пажыві з жонкай недзе ў Дубалтах, а потым на ўсю восень прыязджай да мяне. Прабач, але мне хаця да восені трэба пабыць аднаму. Маім “банкірам” будзе Якуб Каптур. Я ведаю, зараз табе цяжкавата. Ён зробіць, каб ты даехаў да мяне. Уладкуем цябе як журналіста на той карабель, дзе буду я. Будзем плаваць разам... Курыльскія астравы, мора, вулканы на берагах. Памятаеш Кіплінга?