Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Я не знайду яе, не знайду.Княжыч паплыў, усё аддаляючыся. Плыў і клікаў Андрэя рукой... Чорны парыў вятрыска прабег па лугах. Пачало насоўвацца нізкае сталёвае неба... Не было ўжо нічога, і ён не ведаў, лугі гэта або цясніны вуліц... Ён адчуваў, што гэта нешта цяжкае, гнятучае. Ён адчуваў.I раптам ціхі пагрозлівы голас аддаўся ў пакоі:– Рэмбрант, уставай...У першы раз гэта сказалі, як быццам сталёвыя хмары над прывідам Нерлі. I зноў аддаўся голас:– Рэмбрант, уставай. Твая Саскія памірае. Гэта сказалі як быццам дрэвы за акном пакоя.– Рэмбрант, уставай. Твая Саскія памірае.Калі гэта сказала сэрца, ён паверыў і адкрыў вочы. Ляжаў адразу напружаны, адразу бяссонны. Глядзеў у цемру пашыранымі вачыма.А потым устаў і моўчкі стаў збірацца. Ён не сумняваўся, ён ведаў і таму быў надзіва спакойны і размераны.Накінуўшы плашч, ён спусціўся сходамі, прайшоў паўз спячую вахцёршу і выйшаў на вуліцу.Было тры гадзіны ночы. Транспарт даўно не хадзіў.Андрэй ішоў начнымі вуліцамі, быццам на кліч. Ён не ведаў, каго ён сустрэне ў яе доме, як там расцэняць ягоны прыход у такі час. Ён хацеў упэўніцца. Яго клікалі, і ён ішоў на кліч.Паступова нарастала трывога. Ён ведаў, калі Міхал там – дзверы да Ірыны будуць канчаткова зачынены, але прадчуванне і трывога раслі, рабіліся нясцерпнымі. Ён не ведаў, абразілі яго ці не, праўда гэта ці соннае трызненне. Ён ляцеў. Ратаваць.Ён ужо амаль бег гулкімі начнымі вуліцамі. Адно таксі слізганула паўз яго, і ён з нарастаючым адчаем пабачыў, як шафёр адмоўна пахітаў галавой. Праз два кварталы з’явілася яшчэ адно – тая ж гісторыя. Гэта было як у страшным сне: чалавек бег, і свісцячае дыханне вырывалася з ягоных грудзей.Калі з’явілася трэцяя зялёная іскра, ён кінуўся акурат на яе дарогу. Узраўлі тармазы.– На могілкі спяшаешся, псіхапат? Айдрэй кінуўся да яго:– Друг, любы, вязі... Хутчэй толькі! Шырокае – рэшатам не накрыеш – аблічча шафёра скрывілася:– У парк!Андрэй торкаў яму скамечаныя грошы.– Чалавек ты ці хто?– А ты чалавек? Лезе пад колы! Засыпаю за рулём. Дзве змены адгрукаў... Кожны затрымлівае. Тры гадзіны таму змена другая скончылася.У Грынкевіча калаціліся зубы.– Я кажу табе, чуеш... Я ведаю, з ёю нешта здарылася...Шафёр паглядзеў на яго зблытаныя валасы і па-вар’яцку спакойныя вочы. Уздыхнуў:– Валі поруч са мной. Хрэн з табою.– Толькі хутчэй! Хутчэй!Машына рванула з месца. Шафёру, відаць, перадалася трывога пасажыра, таму што ён, зрэдку кідаючы на Андрэя косыя неспакойныя позіркі, гнаў “Волгу” так, што дамы ледзь не зліваліся ў шэрую смугу.Ля дома Ірыны, калі Грынкевіч сунуў яму грошы, поўны камяк, ён асцярожна аддзяліў адну паперку.– Хопіць.I дадаў нечакана мяккім для такой морды голасам:– Бывае, брат... Ты – трымайся... Самым нясцерпным быў гук званка. Толькі націснуўшы кнопку, Андрэй зразумеў, што ўсё гэта – вар’яцтва, што зараз выбухне страшэнны скандал. Зразумеў, але пайсці не здолеў, бо сэрца ад трывогі аж выскоквала з грудзей.Пачуліся крокі. Дзверы адчыніліся. Перад Андрэем стаяла Ганна ў лёгкім халаціку колеру асенніх лісцяў. Даючы яму дарогу, яна сказала, быццам не было нічога дзіўнага ў яго прыходзе:– Праходзь. Яна чакала цябе.– Што з ёю? – аднымі вуснамі спытаў Андрэй.– Надзвычай моцны сардэчны прыпадак. Нават цэлая серыя. Я званіла табе, але цябе не было.– Калі гэта?– Сёння... А ты адкуль даведаўся?– Адтуль. Яна ж таксама ведае, што я прыйду. Калі адзін увесь час думае – другі не можа не адчуць.