Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

...Так пачалася вялікая вайна. Андрэй уставаў у шэсць гадзін раніцы, калі ў гарадку гарэлі толькі рэдкія агні і ранішні снег вішчаў пад лыжамі. З адхону на дняпроўскі лёд, потым на стромы адхон процілеглага берага. Праз дзесяць хвілін ужо не хочацца спаць, знікае некуды свінцовы цяжар стомы. Лыжы бягуць па зарэчных палях, перасякаючы ваўчыныя сляды і хітрыя зайцавы петлі.Вялікі круг на поўнай хуткасці. Потым імпэтны, як падзенне, палёт дном яра, – мільгаюць хмызы над галавой. Можна спыніцца на хвіліну і ўмыцца пякуча-мяккай вадой з палонкі. Але толькі на хвіліну. Не больш.Мезанін. Снеданне з моцнай кавай... Звычайна першыя радкі даюцца цяжка, быццам цябе ўвесь дзень напярэдадні білі па галаве валікамі ад канапы... Прымусь сябе. Сілком... I вось ужо цябе ўладна ўзяло ў рукі нейкае адчайнадушнае захапленне працай, калі шкада працягнуць руку за папяросай, калі ўспрымаеш як катастрофу тое, што ў ручцы скончылася чарніла. Хістайся, снягір, за акном – ты не той, якога мы бачылі, і мне няма да цябе справы... Ляці лепей да тых беларускіх паэтаў, якія параўноўваюць цябе з яблыкам. Работы хопіць, бо гэтым свежым параўнаннем дорыць няшчаснага чытача кожны другі...…Адарвацца ад працы, глынуць нешта і зноў за стол. Але вось і ранні зімовы прысмерак. Ліловыя робяцца снягі, цяжкай стае галава... Кафейнік на агні. Вельмі салодкая вада яшчэ не пачынала кіпець, толькі драбнюткія бурбалкі ўзнікаюць па самых краях паверхні... Кава ў сталовай лыжцы, з коптурам... Яна пахне так, што прачнуўся б і мёртвы... Дзве шклянкі вады... Лыжка... Другая... Трэцяя... З таго боку, дзе агонь большы, паверхня пачынае ўздымацца, паўмесяцам наплываць на астатняе... Абы не перакіпела!.. Хопіць!.. I потым зноў лікуючае захапленне работай, падобнае на адчай. Менавіта ў такім стане псіхічна-хворы гебефрэнік зрабіў аднойчы дзікі ўчынак: кінуўся цалаваць агітатара па выбарах суддзяў... Падаюць са стала лісты: адзін... другі... трэці... I потым, у гадзіну ночы, вячэра і зноў лыжы: не больш чым на трыццаць хвілін. Гэта каб спаць. Яму вельмі трэба спаць. Заўтра зноў дзень працы.I так дзень... другі... дзесяты... Сутарга зводзіць пальцы... Маці амаль у гневе на яго... Нічога... Гэта ўсё потым... Раз на тыдзень можна аддаць гадзіну на ліст да яе, на які яна не адказвае... Няхай… Думаць аб гэтым і крыўдаваць будзем потым.Дзіўна, але паспех, з якім ён працаваў, зусім не адбіваўся на якасці напісанага. Наадварот, ён адчуваў, што ніколі не пісаў так добра. Яму ўсё ўдавалася: слова адразу ставала на месца – абцугамі не выцягнеш, памяць паслужліва, у першую ж секунду падсоўвала патрэбны вобраз, складаную аналогію, трапнае параўнанне. Ён ніколі не пісаў так афарыстычна і сцісла: на доўгія разважанні не хапала часу.Як паказаць выскачку? Ага... Вярнуўшыся з вайсковых курсаў, дзе хапіў вярхоў навукі, малодшы лейтэнант падае рапарт: “Не хачу быць Іванам, хачу быць Ягуарам”. Добрае імя па бацьку – “Ягуаравіч”.Як карацей ахарактарызаваць тленнасць пагоні за грашыма? Ага... “У савана няма кішэняў”.“Шум ападаючай восенню гліцы падобны на гук дажджу”.“Ваўчыха прынесла лабастым ваўчанятам костку, яшчэ ружовую, бо ўглыбіні жыло жыццё”.“Мяшчанскае свята: два браты напіліся і адзія другому адкусіў язык”.“Пляскаты, як высахлая жаба”.Як усё давалася. Пэўна, таму, што гэта было роўнае, на вечным уздыме, натхненне.На сыходзе трэцяга тыдня ён упершыню пачаў заўважаць няладнае. Сцэнарый і аповесць былі скончаны, п’еса набліжалася да заканчэння, і ён ведаў, усё гэта зроблена добра. Але яму абрыдла папера, спіртавы пах чарніла, парыпванне аўтаручкі. Трэба было мяняць абстаноўку, трэба было падавацца некуды яшчэ глыбей, у суцэльную снежную цішыню, у вёску. Таму, калі да іх прыехаў унук нянькі Марцэлі, Андрэй сабраў паперы і паехаў з ім.