Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Распранайся, – сказала Ганна.– А яна не спіць?– Яна не спіць звечара. Трывожыцца.Андрэй зайшоў у пакой. Асветлены хворым святлом начной лямпы, вымалёўваўся на светлай падушцы закінуты твар Ірыны з цёмнымі, раскінутымі валасамі. Упершыню ён бачыў іх не складзенымі ў вузел ці начную прычоску, – і гэтая нязначная акалічнасць асабліва балюча разанула Андрэя па сэрцы. Быццам толькі тут зразумеў памеры бяды.Ганна моўчкі выйшла. У глухой цішыні пакоя Андрэй, стоячы, глядзеў на апушчаныя веі жанчыны. Бяскроўны твар быў спакойны, і на яго глядзелі са сцен, як праз цёмную ваду, задумлівыя вочы людзей на карцінах.Па вуліцы, відаць, прайшла нейкая асабліва цяжкая машына – нячутным, камарыным звонам адказала ёй лыжачка ў пустой шклянцы.Усё было такім, як і ў той вечар. Толькі не было марознай папараці на шыбах. Тыя ж лікі на іконах, той жа спакой, тое ж чырванаватае святло. I тахта была тая самая.Усё было такім самым і зусім не такім.– Сядай, – сказала яна. – Дай мне тваю руку.Зусім блізка ён убачыў яе распасцёртае цела, прасціну, няўлоўна ўзнятую на грудзях, бяздонныя шэрыя вочы і стомлены велікаваты рот. I гэты рот сказаў, з цяжкасцю склаўшы вусны ў сумную ўсмешку:– Слухай. Я хачу апраўдацца перад табой.– Нашто? – спытаў ён.– Не ведаю, ці можна мне дараваць за ўсё гэта? I ўсё ж я прашу: даруй мне тыя словы. Даруй мне сотні такіх слоў.– Не трэба, – сказаў ён. – Ты ж мне казала і сотні іншых слоў. Я памятаю толькі іх.– Не, ты слухай... Не ведаю, як растлумачыць... Але я прадчувала сённяшні дзень... Мне здалося на хвіліну, што табе будзе лягчэй, калі ты будзеш успамінаць мяне з нянавісцю, а не з вечным болем... У той дзень я ўпершыню па-сапраўднаму пачула набліжэнне... Я думала, як мацней абразіць цябе...Працягнула руку. Паклала яе на яго калена.– Я зрабіла гэта. Але тут я ўбачыла твой твар. Бог ты мой, табе быццам нажом пад сэрца ўдарылі... Так бывае, калі паміраюць.Павекі апусціліся.– Я зразумела, што абразіла лепшае, што было ў мяне на зямлі... Але разумееш, я проста не верыла, што каханне можа быць і гэткім... Вось-вось, менавіта не верыла... А тут паверыла, адразу. I зразумела, што я нарабіла, што я толькі нарабіла... Пасля ўсяго, што было, такая хлуслівая здрада, такая няшчырая, дробна-жаночая подласць.Ён нахіліўся і прыпаў ротам да яе вуснаў.– Пацалуй мяне яшчэ, – сказала яна. – Яшчэ раз, любы. Ну вось, а цяпер слухай далей. Перарывіста ўздыхнула:– Я зразумела і вырашыла выкупіць усё. Мне каштавала вялікіх цяжкасцей удаваць з сябе цалкам здаровую. Ведаеш, сэрцабіцце, млоснасць. Але я прыкінулася, я ведала: іначай ён будзе шкадаваць мяне і не пакіне... Я пайшла дадому і сказала яму, што больш не магу, што канчаткова вырашыла – без гэтага кахання мне не жыць. Сказала, што пайду адсюль. Ён за апошні час усё дараваў мне. Ён баяўся страціць мяне.Плечы яе здрыгануліся:– Мне было вельмі шкада яго – усё ж многа і добрага было, – але я сказала, што гэта маё апошняе слова... Ён тады сказаў, ён сказаў гэта спакойна, але я ведала ўсю меру яго пакут. “Пераможаны, – сказаў ён, – што ўжо тут. Я, пэўна, паеду сам”. – “Ідзі, – сказала я, – з табой больш нельга. Сумленне не дазваляе”. – “Заставайся тут, калі хочаш”. – “Не, ён не захоча”. – “Добра, тады я дачакаюся, пакуль ён не забярэ цябе з сабою”. I ён паехаў апоўдні.– Ён мужны чалавек, – сказаў Андрэй. – А вечарам мяне скруціла, – сказала яна.