Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Пры баку востры меч ляжыць,У ног верны сабачка тужыць.Ого-го, ого-го,Што каму да таго?Сапраўды, што каму да таго? Продкі любілі пасмейвацца са смерці. Але смерць, але прадчуванне яе – гэта зусім не смешна. Гэта агідна, брыдка, гэта варожа. З гэтым не можа прымірыцца сэрца... Леаніды адзначылі шлях прадзеда, і хоць гэтым святлейшая была ноч перад яго стратай. Іх няма зараз. Яны рэдка прылятаюць, і мы чакаем іх, такія самотныя ў цемры.Яго, Андрэя, таксама прысудзілі да страты. Калісь. Даўно. Прысудзіла вайна, ад якой усё яшчэ часам паміраюць людзі, з якой яны ўсё яшчэ, задыхаючыся, уступаюць у адзінаборства такімі вось зеленаватымі, свежымі раніцамі мая.Божа, пакарай іх, калі ты ёсць. Пакарай расстрэлы, пакарай атакі, пакарай іх за асколкі ў сэрцы, пакарай за слабенькія, як пялёсткі кветак, пальцы кволых жанчын, якія дрыжаць, чапляючыся за жыццё.Божа, пакарай іх!А калі ты смяешся там, над намі, смяешся смехам старога ідыёта, які ўзрадаваны мукамі пароды людской, яе слабасцю, слабасцю гэтых вуснаў, якія ловяць паветра, – тады сцеражыся! Сцеражыся тады, бо гэта ўжо за-над-та.А калі цябе няма – хопіць прыдурвацца. Тады няхай сцерагуцца тыя, хто прыдумваў гэтую хлусню, гадаваў яе цэлымі стагоддзямі, хто па-езуіцку казаў, што забіваць нельга, але можна забіваць чалавека “чужой” крыві, што падмануць нельга, але можна зрабіць гэта ў імя тых ці іншых меркаванняў, неабходнасці... Хай сцерагуцца, бо гэта немагчыма, каб самыя дарагія вусны хапалі паветра, якое павінна быць радасцю для ўсіх.Да чор-та-вай ма-та-ры!Людзі занадта лёгка забылі пра вайну. Яны лічаць, што гэта забаўкі. У многіх каціная памяць, ім абрыдлі напаміны аб ёй, яны не хочуць глядзець нават фільмаў аб тым, як людзі пакутавалі тады. “Вайна? Гэта прайшло”.А вайна не памерла. Не кажучы пра новую пагрозу, не памерла і старая. Яна толькі стаілася, яна гадамі падпільноўвала ахвяру. Будавалі дамы, пісалі кнігі, кахалі, а яна пільнавала... пільнавала... Яна не спяшалася. I вось дачакалася, калі прыйшло нясцерпнае шчасце, калі Нерль і Нява завабілі двух і далі ім бяссмерце, – кінулася і прыхлопнула цяжкай рукой.Цяпер Андрэй ішоў ужо над Масквою-ракою. Мост вёў яго кудысь. Над горадам вось-вось павінна было ўзысці сонца, і немагчыма, немагчыма было, прадбачваючы ягоны прыход, не пакутаваць за вусны, там, на падушцы, і не абурацца да самых глыбінь душы.Насустрач самотнай постаці Андрэя ішла ў першых праменнях сонца палівальная машына. Ішла, распусціўшы белыя вусы, гонячы перад сабою вясёлку.I, калі яна прайшла, за яе спіною сталі два гарады, адзін сапраўдны, а другі бліскучы, размыты ўсімі абрысамі, перакулены ў другое неба, якраз пад нагамі.Р а з д з е л XXIXАндрэй сядзеў у кабінеце намесніка дырэктара інстытута грудной хірургіі. Сядзеў удвух, разам з гаспадаром гэтага сляпуча-белага, вылізанага да люстэркавай матавасці пакоя. Гаспадар, прафесар Глінскі, вялізны, вельш нязграбны, нейкі па-мужыкаватаму натапыраны сядзеў перад ім. Мажны, увесь у жорсткіх мускулах твар, сівеючыя скроні. Дзіўна было слухаць з гэтых вуснаў па-інтэлігенцку мяккую мову, дзіўна было бачыць пры гэтых магутных руках малатабойца кісці арыстакраткі-прыгажуні з матава-бледнымі вузкімі пальцамі.– Адкуль я магу ведаць, – сказаў Глінскі. – Я сам не ляжаў пад нажом.– Разумееце, – хваляваўся Андрэй, – я гэта да таго, што хачу ведаць, вельмі балюча гэта ці не. Я не магу, каб ёй – балюча.