Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

За вокнамі быў зялёны трапяткі сад, яшчэ споўнены ранішняй прахалодай і ціньканнем птушак. Прафесар глядзеў туды.– Што адчувае хворы пад нажом, калі робяць аперацыю сэрца, можа сказаць пакуль што толькі адзін чалавек на зямлі. Дарэчы, з вашага Мінска... Гэта хворы Пушкін. Тады ён працаваў на радыёзаводзе. У пяцьдзесят сёмым годзе яго аперыравалі ў трэцяй клінічнай бальніцы. Аперыраваў доктар Раўноў. Давялося аперыраваць пад мясцовай анестэзіяй.– Ну, а наогул... – Баіцёся – не кладзіце, – жорстка сказаў Глінскі. – Улічыце, гарантый тут не даюць... Так, аперацыя цяжкая, так, пасля яе, нават калі яна ўдалася, хворы дзён сем нават дыхае з цяжкасцю, так, гэта балюча. Балюча слова сказаць... I не дзіва – сэрца і сталь. I ў гэтым паядынку яны дзве... тры... зрэдку, вельмі рэдка, чатыры гадзіны.“Не, – думаў Андрэй, – да гэтага жывадзёра я не пушчу. Калі ўсё адно без аперацыі не абысціся – хай лепей другі... Як ён раўнадушна кажа пра гэта!.. Якія грубыя рысы аблічча!.. Нездарма Талстой не любіў дактароў”.Ён ведаў, што ён несправядлівы, але пакінуць думаць менавіта так не мог.А ў словах прафесара ўсё яшчэ гучала жорсткая сталь.– I гэта яшчэ не ўсё, – Глінскі глядзеў светлымі, калючымі вачыма, быццам душу цягнуў з вачэй субяседніка. – Ваш выпадак цяжкі. Вельмі цяжкі. Я ведаю яго і даўно здзіўляюся, чаму яна не магла прыйсці сюды тры гады таму. Тады было лягчэй.– У яе не было тады прагі жыць што б там ні было, – сказаў Андрэй. – Была абыякавасць.– А зараз яе няма, – даволі бессардэчна, на думку Андрэя, усміхнуўся Глінскі. – Ну што ж, не буду суцяшаць. Вы мужчына і павінны ўмець глядзець смерці ў вочы, іначай і жыцця не варты такі чалавек...Закурыў, гледзячы зараз зноў у акно.– Дык вось, у яе мала шансаў. Але павінны выбіраць і вы. Або павольная смерць праз некалькі месяцаў і пакуты сумлення, што не ўратавалі, або... Або пакуты сумлення, што паклаў пад нож. Сам.– Так, – проста сказаў Глінскі. – Можа быць, і так. У жыцці часта бывае так. I яшчэ папярэджваю. Часам аперацыя прайшла. Усё добра. А потым выяўляецца, што чалавек павольна гіне, што і мы яму нічога не далі, бо гэткая траўма для сэрца аказалася не пад сілу. Я кажу вам гэта, каб вы загадзя ведалі: можа быць горшае...– Я згодзен на аперацыю, – сказаў Андрэй.А сам сабе думаў:“Згодзен. Але толькі не табе. Толькі камусь іншаму, мяккаму, пяшчотнаму да чалавечага матэрыялу, аддадзенага ў яго рукі”.– Вось сволач, – сказаў раптам Глінскі, і Андрэй сумеўся, а ці не адгадаў той часам ягоных думак.Прафесар глядзеў у акно, і на яго твары ляжалі зялёныя рэфлексы ад садовай лістоты, напоенай сонцам.– Не, – сказаў ён, – вы бачыце, вы бачыце, што яны там робяць?Ён павярнуўся, і Андрэй здзівіўся змене, якая адбылася з Глінскім. Зусім другі чалавек сядзеў перад ім. Куды падзелася ідальская нерухомасць аблічча, пахмурыя калючыя вочы.Зараз гэтыя вочы таксама былі калючыя – ад іскрачак смеху, што скакалі ў іх, – а рот расцягнуўся ледзь не да вушэй у такой дзіцячай і хітрай усмешцы, якой могуць усміхацца толькі ах якія людзі!Ён узяў Андрэя за плячо і павярнуў да акна:– Глядзіце, глядзіце, што ён там выкамарвае, падшывалец.Ён смяяўся і торкаў пальцам у вокны ніжняга паверха, што ў левым крыле.З аднаго акна звісалі ўніз дзве дзіцячыя нагі. Гэтыя ногі яўна належалі хлопчыку год шасці і яўна прымалі сонечную ванну: варочаліся, быццам гаспадар хацеў падсмажыць іх з усіх бакоў. Ногі былі беленькія, як малако, і тоненькія, як былінкі. Звісалі яны амаль да зямлі, а на зямлі на задніх лапах стаяла пярэсценькае кацяня і хапала лапкамі за ногі, бы ў валейбол гуляла.