Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Занятак, відаць, падабаўся і кацяняці і ўладальніку незагарэлых ножак, бо з акна, прыглушаны адлегласцю, далятаў лікуючы віск.– Гэта абавязкова Азалін з пятай палаты, – захлёбваўся ў захапленні Глінскі. – Такога прайдзісвета і бандыта яшчэ пашукаць трэба. Я зусім нядаўна ліквідаваў яму мітральны стэноз. Дый ён зараз наганяе. Такая прага жыць! Усё яму задавальненне прыносіць. Учора заходжу, а ён у палатнай прыбіральні. Б’е, як фантан... Ну, не раўнуючы, як у Іярданса, дзе хлапчанё... проста на галаву сабаку. А на мордзе ўсмешка аж за твар лезе. “Што, – пытаю, – уцаляеш, каб далей?” А ён, ох-хо, ён мне: “Цяпер можна. Цяпер як хочаш пніся”.I хаця гісторыя была не вельмі разумнай, Андрэй усміхнуўся, так заразліва Глінскі расказваў яе. А ў прафесара ўсмешка ставала ўсё больш мяккай і адначасова сумнаватай:– Думаеце, гэта чаго ён ногі высунуў? Гэта ён спяшаецца ўзяць ад жыцця ўсе ягоныя раскошы... Раней на сонцы нельга было, дык вось зараз... Хутчэй усё: хутчэй сонца, хутчэй упершыню загараць, хутчэй каб кацяня хапала... Варта б вам было паглядзець, як яны мяняюцца... Прыводзяць маленькага старога: пазногці сінюшна-бледныя, вусны амаль заўсёды сінія... Надумае прабегчы і праз тры крокі спыніцца... Гонар яму не дазваляе прызнацца ў тым, што не можа, дык ён смяецца, слабенькім такім галаском... Быццам вінаваты... Ах, сволач натура! Ах, сволач!.. I вось глядзець, як вусны робяцца звычайнымі ружовымі вуснамі, цёплымі, прынаднымі, – гэта, я вам скажу, не вашы вершы там нейкія пісаць... пра карысць курэй у барацьбе з каларадскім жуком.“I тут падкалоў”, – падумаў Андрэй, але ў сэрцы яго не было злосці, а насцярожанасць знікла кудысь.Уголас ён сказаў:– Пушкін – таксама вершы.– Так, – гаварыў Глінскі, – але як, па-вашаму, такія вершы:Выяўляйце шкодніка, Каларадскага жука,Спавяшчайце агранома, Як знайдзеце шкодніка.– Не чуў я нешта такіх вершаў, – сказаў Андрэй.– А я чуў. Сваімі вачыма на этыкетцы для запалак чытаў.Пасур’ёзнеў:– Ну, вернемся да нашай тэмы. Хворая – ваша супруга?– Яна не супруга, – сказаў Андрэй. – Яна ўсё існаванне маё.Прафесар прыкрыў далонню вочы, а калі апусціў яе, нічога не засталося ў іх ад тых калючых жорсткіх вачэй, якімі яны былі на пачатку размовы.– Дык, значыць, Кай хоча дапамагчы маленькай Гердзе выплакаць з сэрца асколак люстра?– Так, – сказаў Андрэй.У голасе Глінскага з’явілася раптам такая ўважлівая нота, што Андрэй зразумеў: з гэтага імгнення ён, Андрэй, пагарджае сабою за слепату.– Што ж, – сказаў прафесар, – вязіце яе. Сем – дзесяць дзён мы будзем падрыхтоўваць яе.– Што гэта такое?– Гэта аналізы крыві, – добразычліва, як маленькаму, тлумачыў Глінскі, – рэнтген, здымкі ў розных праекцыях, замеры хуткасці кроваплыні, вянознага ціску... Ну, потым электракардыяграма.– Што гэта?– Запіс біятокаў сэрца. I яшчэ фонакардыяграма, запіс шумаў сэрца... Калі ёсць застоі і ацёкі, тады...– Гэтага няма, – сказаў Андрэй.– Ну вось, – усміхнуўся Глінскі, – усё не так страшна. Як вы хацелі б, каб яе паклалі?– А як можна?– Звычайна ў нас чатыры чалавекі ў палаце. Але ёсць і па адным. Па стану. Ну і часам ствараем лепшыя ўмовы. Зноў жа псіхіка. Некаторым лепей разам, некатораму калі ён адзін.– Адну, – сказаў Андрэй. – Калі трэба, я заплачу. Стары паглядзеў на яго здзіўлена:– У людзях не разбіраецеся, юнача. А таму абражаеце медыцыну... Хто вы хочаце, каб рабіў аперацыю?