Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Вы, – сказаў Андрэй.– Добра. Значыцца, тыдзень падрыхтоўкі і аперацыя, ну, скажам, у чацвер вечарам. – Дзякую вам, – сказаў Андрэй.Ён амаль ужо выйшаў, але спыніўся ля дзвярэй:– Прафесар, дазвольце мне на свае вочы пабачыць нейкую адпаведную аперацыю.– Нашто вам гэта?– Не ведаю. Але мне гэта чамусьці вельмі трэба... Я павінен ведаць.– Я не магу гэтага дазволіць. Каб усе сваякі...– А вы дайце мне гэтую магчымасць не як сваяку, а як журналісту.Прафесар уважліва разглядаў Андрэя;– Хочаце самі бачыць ступень небяспекі? – Так.– Добра, – з ранейшай суровасцю сказаў Глінскі. – Не магу толькі зразумець, жорсткі вы або бязмежна чуллівы. Але вы маеце рацыю, небяспеку трэба ведаць, небяспеку трэба сустракаць у твар. Відушчым. Не страусам, што хавае галаву... Крыві не баіцёся?– Эх, прафесар, бачыў я яе. Столькі давялося бачыць!..– Добра. Пагуляйце зараз у парку. Можаце паснедаць дзе-небудзь...– Хіба я магу...– А вы не распускайцеся. Яны вам яшчэ спатрэбяцца, сілы!.. А ў дзве гадзіны чакайце ў вестыбюлі. За вамі прыйдуць.I сказаў ранейшым сталёвым голасам:– Я дам вам магчымасць глядзець на гэта не па тэлевізары, не праз купал. Будзеце стаяць поруч з усімі... I крый вас бог траціць прытомнасць.Памаўчаў, паціраючы свае рукі:– А каб вам было лягчэй верыць мне – я паабяцаю вам зрабіць усё, што толькі даступна сілам чалавечым.– Чаму вы даяце мне такое абяцанне? – ціха спытаў Андрэй.– Я ўдавец, – ненатуральна абыякавым тонам сказаў Глінскі. – Я застаўся вельмі малады ўдаўцом. Быў урачом медсанбата недзе на тым участку, дзе параніла вашу каханую. Жонка была ў мяне медсястрой. Было гэта напярэдадні пятнаццатага кастрычніка... Бедныя апалчэнцы!.. Героі!.. Колькі іх прайшло праз мае рукі... I колькі было падобных раненняў... Магла і ваша дзяўчына прайсці калі не праз мае рукі, дык праз рукі суседа... А мы ўсе былі аднолькавыя. Усе не маглі.Глінскі закурыў, гледзячы ў аліўкава-зялёны парк:– Вядома, за кожнага такога, уражанага ў сэрца, кожны з нас перажываў, але неяк адхілена. Сэрца на вайне чарсцвее, і нельга перажываць за кожнага, як за свайго... Потым прыйшлі сібіракі... А на другі дзень пасля іхняга прыходу снарад разарваўся... А, што там... Раненне жонкі, відаць, было больш цяжкае, чым у вашай... Яна пражыла суткі. А я – не мог. I гэтую слабасць сваю я не забываў усё жыццё. З сілаю прыціснуў папяросу:– Цяпер бы я мог выратаваць яе даволі лёгка, хаця і зараз людзі паміраюць. Мы “нядрэнна пасунуліся ў гэтым пытанні...”– Я разумею вас– Ідзіце, – сказаў Глінскі. – Чакайце....Андрэй выйшаў і перш за ўсё таксама закурыў. Курыць у кабінеце ён саромеўся. Ён ішоў і думаў....Так, відаць, трэба было згаджацца. Глінскі – выдатны хірург. Гэта кажуць усе. Да таго ж, нясцерпна будзе бачыць павольнае згасанне Ірыны. Але ён не будзе казаць свайго слова. Ён проста раскажа ўсё, што бачыў.З першага ж аўтамата ён пазваніў Ганне. Усё было добра: Ірына яшчэ спала. Вайвадс прымчаў адразу ж, як толькі яму пазванілі, паспеў ужо натупацца па аптэках і магазінах і зараз пільнаваў, калі Ірына прачнецца, каб разам з Ганнай накарміць яе. Ганна перадала яму на хвілінку трубку.– Ты там трымайся, – сказаў Яніс. – Я маюся падскочыць да цябе потым.– Падскоч, – сказаў Андрэй. – Гадзін у пяць.Рабіць пакуль што не было чаго, і Грынкевіч пайшоў на агледзіны.Дом інстытута быў стары, таго тыпу, як будавалі пры Казакове. Перад домам быў кветнік са старымі дрэвамі, так што гукі вуліцы даляталі да вокан моцна прыглушанымі. Але гэта быў парадны фасад. Цікавей было пабачыць чорны ход.