Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

За домам быў парк, таксама стары і зараз увесь пранізаны сонцам. Сходы двума крыламі збягалі ў яго, старыя сходы, вытрыманыя ў стылі класіцызму, аблямаваныя фігурнай балюстрадай.Будынак пашыралі, прыбудоўвалі новыя крылы і карпусы, але рабілі гэта тонка, імкнучыся вытрымаць стыль, не сапсаваць старой архітэктуры.Андрэй падышоў да аднаго з задніх ганкаў якраз тады, калі да яго падвезлі на машыне сняданне. Жанчыны ў белым насілі ў дзверы розныя бітоны і вёдры. На кожным вядры быў недарэчны надпіс: “Сасуд”.Што за бязглуздзіца? Які “сасуд”? Нашто?Ён дачакаўся, пакуль машына ад’ехала, і падышоў да нянечак, што сядзелі на ганку. Яны не заўважылі яго і пляткарылі, як усе нянечкі на свеце.– Выношу і выношу, – казала адна сівеючая, вельмі кемная баба. – Спасу майго няма. Такія зас... усе гэтыя мужыкі.Другая, значна больш маладзейшая, заўважыла Андрэя жывымі чорнымі вачыма і штурхнула сівеючую локцем. Андрэй адышоў, каб не перашкаджаць.Зноў абагнуўшы будынак, ён падышоў да акна, з якога “прайдзісвет і бандыт” Азалін дражніўся з кацянём.Там сядзелі дзеці і гулялі бліскучым самалётам з фіялетавага металу. Велікавокія, прыгожыя дзеці. Андрэй скурчыў ім смешную рожу, і адзін з дзяцей – пэўна Азалін – віскнуў ад нечаканасці і захаплення.У яго, Андрэя, напэўна, ніколі не будзе дзяцей. Пасля такога ёй, напэўна, нельга мець дзяцей, шкодна.“Што ж, жывуць і без гэтага. Возьмем з дзіцячага дома. Хлопчыка. Вельмі буду яго любіць”.Час падыходзіў да дзвюх. Трэба было ісці ў вестыбюль. Там было прахалодна і прыемна. Толькі каб не гэтая трывога, што расце невядома адкуль... Зноў пазваніў Ганне... Ірына прачнулася, трохі пад’ела і заснула зноў. Няхай спіць. Андрэй не павінен нерваваць яе.Ён сядзеў ля століка, на якім ляжала рэгістрацыйная кніга, і глядзеў навокал.Нейкі дзядзька, напэўна, урач ці, можа, ардынатар, спяшаючыся, убег з вуліцы, скінуў у гардэробе пінжак і сарочку і надзеў проста на майку халат... Вядома, дзень спякотны для мая.Хлопчык з дарослым мужчынам. Відаць, ідуць на спатканне. Можа, з маці хлопчыка. Вясёлы хлопчык. Накінулі яму халат на плечы, і той звісае двума белымі крыламі да зямлі, адкрываючы доўгія, як у жарабяці, ногі.Ідзе і ўсміхаецца: яму падабаецца новы ўбор.Дурны, дурны хлопчык! Не думаеш. А ты, Андрэй, лепшы? Таксама думаеш чорт ведае аб чым.Андрэй разгарнуў рэгістрацыйную кнігу, пачаў чытаць. Шмат прозвішчаў, шмат дат, і за кожнай – жыццё.Паміраюць мала; тых, што выжылі, куды больш, але кідаюцца ў вочы чамусьці перш за ўсё тыя, што памерлі.Імёны. Даты. За кожнай жыццё, боль, надзеі. Вось Майер. Ён памёр трыццаць першага снежня, пад Новы год. Масква, напэўна, была ўся ў вэлюме падаючага снегу, захутаныя “баб-марозы” неслі ялінкі, людзі спяшаліся з пакункамі. А Майер, нейкі зусім невядомы і, аднак, блізкі Майер, ляжаў і думаў, што выжыве і наступны год сустрэне ў сям’і, а потым памёр.А за два дні да гэтага паступіў Карэеў. Малады ён быў ці стары? Бачыў, напэўна, смерць Майера. I думаў, што з ім так не будзе. Спадзяваўся. А памёр вясной, калі зялёны шум ідзе па зямлі, а ў маладых зялёных шатах, як ашалелая, безупынна – як горла не забаліць? – кувае і кувае зязюля.Крыўдна.Трывога нарастала і ставала ўжо нясцерпнай. Дзе гэты чалавек ад Глінскага, чаму не ідзе?...Чыясь рука лягла Андрэю на плячо. Перад ім стаяў малады чалавек у белым халаце, з рукавоў якога на дзве пядзі выглядалі вялікія рукі. Ногі таксама былі вялікія, і таму малады чалавек вельмі нагадваў куцапага і смешнага, але надзіва сімпатычнага шчанюка сенбернара. Вочы разумныя, глядзяць на субяседніка добра, рот шырока і ветліва ўсміхаецца.