Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

А галава калматая звыш меры.– Гэта вы Грынкевіч? – Я.– Я да вас ад Глінскага – голас пяшчотна-мяккі і залівісты, таксама як у падлетка сенбернара, калі ён гуляе і імкнецца брахаць далікатна. – Хадзем са мной.Грынкевіч пайшоў за ім да гардэроба, дзе хлопец узяў Андрэю халат і дапамог надзець, з нейкім асаблівым шыкам, накшталт рымскай тогі, абкруціўшы адну палу гэтага халата вакол усяго Андрэя.– Зараз ужо не выблытаецеся. Пакуль не прыйду на дапамогу.Такім душэўным здароўем патыхала ад яго, што Андрэю аж лягчэй стала на сэрцы.– Мяне завуць Яшам. Можаце зваць проста Якавам Прохаравічам. Я з кандовых уральскіх казакаў. – Вадзяную свінню на Сакмары лавілі?Андрэй меў на ўвазе асятра, як яго часам завуць на Сакмары за тое, што рухаецца ён па дне, рыючы тупой дзюбай глей.– Вы што, былі там?– Быў. Добрая рака. Светлая.– Ого, самая лепшая рака, – паважна сказаў Яша. Памаўчаў. Потым казаў далей:– Я працую тут ардынатарам. Цывілізаваны казак. Пугачоў, як вядома, з нашых. Дрэнная спадчыннасць. Таму я схільны да маральнага разлажэння і небяспечных аналогій. Асабліва за каньяком, які мы ўзаемна паставім адзін аднаму, калі ваша справа скончыцца добра.– Вы мяркуеце, што гэта так?– Аб-бавязкова. Глінскі гэта ведаеце хто? Гэта бегемот штодзённых жыццёвых зносін і тыгр хірургічнага стала. Гэта віртуоз! I не схільны да сантыментаў. Перажыве нас і згоцае індзейскія скокі на нашых капцах.“Дрэнна ты яго ведаеш”, – падумаў Андрэй, пранікліва гледзячы на Яшу.– Што вы ўсё жартуеце? Хочаце падбадзёрыць мяне? Я не баюся.– Брэшаце, – з чароўнай праматою сказаў Яша. – Нельга паэту не баяцца рассечанай грудной клеткі і відовішча таго, як у сэрца лезуць пальцам... Паэты дагэтуль уяўляюць сэрца ў выглядзе рэпы. Тая рэпа пахне, як кветнік, і напханая аж да самага нельга каханнем, уразлівымі ўздыханнямі і альбомнымі вершамі.Грынкевіч усміхнуўся.– Хадзем, Яша, – сказаў ён.– Хадзем.Яны прайшлі раней і таму не бачылі, як з’явіўся Яніс і папрасіў у калідорнай паказаць яму прафесара Глінскага, калі той пройдзе да аперацыйнай. Ён чакаў не больш дзесяці хвілін.– Унь, – сказала калідорная. Яніс заступіў дарогу.– Што вам? – спытаў прафесар.– Скажыце, ці дрэннае становішча ў Ірыны Горавай? Сёння ў вас быў мой друг.– Так, – сказаў Глінскі. – Стан цяжкі.Увесь інтэлігенцкі глянс спаў з аблічча Яніса. Разгублены, з дрыжачымі вуснамі, ён стаяў перад доктарам, трымаючы ў руках шапку. Такі выгляд быў, напэўна, у яго бацькі, калі той прасіў урача аб візіце да хворай жонкі.– Доктар, – сказаў ён. – Уратуйце яе. Калі вы яе ўратуеце, я ўсё жыццё кнігі буду толькі вам прысвячаць... Я... сам да вас у парабкі пайду. Толькі ўратуйце яе.Глінскі апусціў вочы і маўчаў.– Добра, – глуха сказаў ён. – Калі тры чалавекі так любяць адзін аднаго – тут ужо нічога не зробіш. Тут трэба зрабіць... нават немагчымае.Р а з д з е л XXXАндрэй нічога не сказаў ёй, бо тое, што ён бачыў, было велічна і адначасова страшна, быццам рабілася недазволенае, быццам нахабна глядзелі туды, куды нельга глядзець. Яна згадзілася на аперацыю. Сама. Таго ж вечара яны перавезлі яе з кватэры ў маленькую палату на аднаго чалавека, дзе маглі змясціцца толькі ложак, тумбачка і стол, ды яшчэ крэсла для дзяжурнай медсястры.Палата была на трэцім паверсе. Верхавіны паркавых дрэў молада і сонечна глядзелі ў акно. Парк цягнуўся далёка-далёка, фортачка была круглыя суткі адчынена, і таму паветра ў палаце было прыемным і свежым.