Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Ну вось, – усміхалася Ірына. – Не паспелі стаць поруч, як адразу папрокі.Сашанька марудзіла ля дзвярэй.– Толькі... дарэмна вы, Андруша, даслалі кветкі шэфу. З’явіўся сёння злосны. “Я, – грукоча, – яму дабро, а ён мне... Прэч гэтае крэсла. Каб следу не было”.Андрэй збялеў і ў адчаі пабег расшукваць Глінскага. Знайшоў яго ў кабінеце. Хірург паглядзеў на яго аблічча і памякчэў:– Добра, добра, – сказаў ён, – усё застанецца. Гэта я так... Вы не думайце, Андруша, мне таксама прыемна... Шкадую, што напалохаў вас... Я ж таксама люблю кветкі. Асабліва ружы. I дзе вы іх здабылі? Масква недаравальна бедная на аранжарэі.– З Рыгі знаёмы лётчык прывёз, – сказаў Андрэй. – Самалёт, пэўна, пахнуў, як кветнік. Прафесар аглядзеў Андрэя:– Вар’ят. Жонка за вас возьмецца. Быць вам рабом да схілу дзён. I не адчуваць рабства. Устаў:– Я зрабіў гэта вось чаму... У Ірыны адразу падае настрой, калі вас няма... I рэзка паляпшаеца стан, калі вы поруч... Веру, што гэта дарэмнае папярэджанне, але ніколі не ўздумайце падмануць яе. У будучым. Вы з боем здабылі сабе сапраўднае, рэдкае, якое мала ў каго ёсць... А пакуль ёй патрэбен запал бадзёрасці і шалёнага жадання выжыць. Таму я і паставіў крэсла.Буркнуў, гледзячы ў акно:– Я ведаю – глупстваў не будзе. Але вы проста часцей дакранайцеся да яе, дапамагайце, як рабілі дагэтуль, расказвайце вясёлыя і цікавыя гісторыі, гаварыце аб будучым... Гэта асабліва пасля аперацыі... Тады вы будзеце гаварыць, бо ёй будзе цяжка.Пацёр лоб.– Так, што яшчэ? Ага... Часцей... цалуйце яе. Абавязкова часцей цалуйце. Гэта суцяшае. Паверце, нішто так не суцяшае жанчын, як пацалункі... Я нават схільны думаць, што яны часам могуць дапамагчы больш, чым медыцына... Вось.Адвярнуўся.– Ідзіце да яе... Ідзіце....Калі яны сядзелі ў палаце, туды ўварваўся шумны, як бразготка, Яша.– Дзякуй за кветкі, – сказаў ён. – Ты нязмерна падвысіў маю думку аб сабе. З гэтага кошыка атрымаецца шэсць букетаў, і я маральна заб’ю шасцярых сваіх супернікаў. Сёння ж увечары... Я прадстаўнік “чацвёртага пакалення”. Мне непрыстойна мець менш шасці дзяўчат.Ірына ўсміхнулася:– Які вы смешны, Яша. Нікога ў вас няма.– Як гэта нікога? – абурыўся “нашчадак пугачоўцаў”. – Я абражаны, я зараз пералічу. Валя. Саша...– Вось, – сказала яна. – Саша, Саша і яшчэ раз Саша. Гэтая самая. А Валя гэта і не дзяўчына зусім, а ваш друг, Валька Юркоў, таксама ардынатар. Яша густа пачырванеў.– Вы не саромейцеся чысціні, Яша, – сказала яна. – Што гэта за погляды, калі даводзіцца саромецца чысціні? Гэта – самае дарагое, што ў вас ёсць.Ардынатар сядзеў, апусціўшы галаву.– Вы кажаце праўду, – сказаў нарэшце ён. – Хаця я нікому дагэтуль не прызнаўся б у гэтым.– Вось, – сказала яна, – бітнікі ці традыцыяналісты, а ўсе мы звычайныя людзі з берагоў Урала ці Дняпра. Харошыя людзі. Вельмі. Браты. I браты ўсіх людзей з берагоў Сены ці Меконга.Яша тупаў на месцы, відавочна вагаючыся.– Вы... не скажаце ёй?– Абавязкова скажу. Бо іначай у вас, пры недахопе смеласці, няскора атрымаецца...– А вы думаеце?– Я не думаю. Я знаю. Вы ніколі не задумваліся, чаму яна не глядзіць вам у вочы?– Гм, – пачухаў патыліцу Яша.Нарэшце ён пайшоў, відавочна ўзрадаваны. Яны засталіся адны.– Якія харошыя людзі, – сказала Ірына. – Якія ўсе – людзі. Дзіўна, але я тут, у палаце, пачала так аджываць душой, што мне страшна.– Цвіцеш, як букет бэзу.– Угу. I ты поруч.З таго часу ён усе ночы сядзеў поруч з ёй, гледзячы на яе твар. Яму ставала балюча ў горле, так ён яе кахаў.