Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Аднойчы, зусім ужо збіраючыся засынаць, яна трымала сябе так неспакойна, што ён спытаў, ці не баліць у яе што.– Не, – сказала яна, – але я павінна прызнацца табе яшчэ ў адной маёй хлусні.– Споведзь на сон градучы? А можа, не трэба?– Трэба, – рашуча сказала яна. – Ты не спіш трэцюю ноч. Ты занадта, аж да неразумнасці, сочыш за мной. Я скажу, мне будзе лёгка, і я засну. Тады заснеш і ты. Баюся, але скажу.– Добра, любая мая, – сказаў ён. – Ты толькі не хвалюйся.– Сядай бліжэй, – сказала яна. – Пацалуй мяне.Ён перасеў і пацалаваў яе ў вусны, а потым, прыпаўшы тварам да яе чыста прамытых, дзівосна мяккіх валасоў на падушцы, падрыхтаваўся слухаць.Маўчанне было такім доўгім, што ён падумаў, а ці не заснула яна?– Я ведала гісторыю на пароме, – раптоўна і хутка сказала яна. – Гэта і сапраўды быў мой прадзед. Толькі ніхто ў нас не ведаў прозвішча расстралянага.Ён прыўзняўся, прыгаломшаны, але здолеў усё ж спытаць:– Ну і што?– Апусці зноў галаву, – папрасіла яна, і ён зноў пакорліва апусціўся шчакою на пахучыя валасы.– I што? – шэптам, дакорліва спытаў ён.– Але я... я пабаялася прызнацца табе ў гэтым.– Чаму ж?– Гэта быў бы тады канец. Як наканаванне. Звароту назад тады ўжо не магло быць... А я так баялася. Баялася жыцця з такім, як ты, бо трэба было стаць зусім-зусім іншай... Баялася цяжкасцей, баялася пасля столькіх год пакут пайсці з гэтага абрыдлага гнязда, баялася быць цяжарам для цябе.За вокнамі лёгкі подых начнога ветру прабег па цьмяных верхавінах дрэў і зашалахцеў далей, каб прапасці недзе ў замрэяных дрэвах над Масквой-ракой. Слухаючы гэты заміраючы шолах, яна казала:– Мне шкада было цябе. Шкада. Ох, як я цябе мучыла.– Пакінь. Гэта было ўсё адно шчасце.– Усё адно?– Досыць, усё яшчэ наперадзе...– Вядома. Даруй мне за ўсё. Я добрай буду да цябе. Я ўсё-ўсё выкуплю. Буду ласкавай і пяшчотнай да канца свайго...Ён узяў яе разам з падушкай за плечы, быццам збіраўся люляць дзіцёнка. Яна прыстроіла твар на яго грудзях, паварочалася, каб было зручней, уздыхнула некалькі разоў па-дзіцячаму і заснула, бы ў гняздзе.Трымаючы яе на руках, ён толькі тут адчуў раптам, што гэта не жанчына, роўная яму вопытам, а безабаронны дзіцёнак, адданы ў абарону яму, мацнейшаму. Лухтой было зведанне страшных дзён апалчэння, нястачы, крыўд і штодзённай барацьбы. Лухтой было тое, што не сёння-заўтра ў яе валасах з’явіцца першая срэбная ніць, што ім, нават у лепшым выпадку, застаецца якіх дзесяць – восем год маладосці. Усё гэта было лухтою ў параўнанні з гэтымі ўздыхамі, з гэтым даверлівым сном на яго руках,Быццам не год нясцерпнага кахання звязаў іх, не месячныя іскры, не тая подлая ноч з люміналам, а гэтыя дні яе пакут, калі яна дзеля яго трымалася за жыццё. Гэты давер нельга было падмануць.Быццам з глыбіні мінулага веку працягнулася моцная ніць і наканавана звязала праўнука расстралянага, праўнука жанчыны з цёмнымі азёрамі вачэй, і праўнучку чалавека, сэрца якога адкрылася насустрач дабрыні ў паромную, вераб’іную ноч. З веку подласці і здрады працягнулася яна ў век навальніц і надзеі, каб цягнуцца далей у нейкі новы век нязмернага шчасця, які прыйдзе, не можа не прыйсці, і да якога яны, напэўна, не дажывуць. Працягнулася і звязала повяззю неадрыўна-моцнай, амаль не жаночай ужо і не мужчынскай, а нейкай таварыскай, нейкай братняй любві....З гэтай хвіліны ён стаў па-мацярынску ўтрапёным у сваіх клопатах аб ёй. Шчасце было ў недасыпанні, у выдаткаванні ўсіх нервовых і фізічных сіл дзеля яе, у змардаванні, у вычарпанні ўсіх запасаў дасціпнасці і весялосці, у тым, што ён, нават заснуўшы, прачынаўся – ледзь толькі яе дыханне ставала няроўным, ледзь толькі яна паварочвалася на бок. Угаварыць яго хоць на дзень адмовіцца ад гэтага не мог нават Глінскі, і ён здаўся, пабачыўшы, якую асалоду знаходзіць Андрэй у гэтым адмаўленні ад сябе, загадаў, каб увесь цяжар пераклалі на плечы Грынкевіча, загадаў, каб сёстры заходзілі ў палату толькі па яго выкліку ды яшчэ падчас двух штодзённых абходаў.