Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Ён робіць усё лепей за вас, вар’ят чортаў.Пасля гэтага дзён не было. Было свядомае спусташэнне ў імя таго дня, калі яна ачуняе, вышэйшы нервовы пад’ём, які часам дазваляе чалавеку тыднямі амаль не спаць, сочачы за здароўем другога... Здавалася, давалі ежу; здавалася, заходзілі ўрачы; здавалася, рабілі аналізы.Толькі часам, уначы, калі яна спакойна спала, ён, седзячы ў глыбокім крэсле, паглыбляўся ў дрымоту з адкрытымі вачыма. Гэта была дрымота, калі сон мяжуецца з явай, калі бязладныя малюнкі і сказы ніколі не прымушаюць забыць, што за акном ноч і дрыжачыя таполі, што Я н а кожную хвіліну можа прачнуцца, калі нават крэслы здаюцца нечым пачварным, тыграмі, што прыселі ад залішняй злосці на нізкія лапы.Такое ж было і ў апошнюю ноч перад аперацыяй. Ён драмаў, і твар яго быў прасветлены, знясілены, змарнелы. Удзень ні яна, ні другія ніколі не маглі гэтага заўважыць. Уначы ён заўсёды нараджаўся з дрымоты для явы, не бясхмарна-трывожнай явы, явы замгленнай і чорнай.На гэты раз яго заспелі.Калі ён адкрыў вочы – яна глядзела на яго з-пад доўгіх вей. Глядзела сур’ёзна і ўважліва. На белым і ў белай хусцінцы, спакойны і вызвалены ад усяго, яе твар здаваўся тварам манахіні-царыцы з гістарычных фільмаў.– Дык ты... вось так? – бязгучна спытала яна.– Глупства, – шэптам сказаў ён.– Табе трэба выспацца па-сапраўднаму, у ложку, – сказала яна. – Заўтра табе спатрэбяцца ўсе твае сілы.– Глупства.Зашапацелі дрэвы за акном.– Не, – сказала яна, – не глупства. Бедны мой, бедны, што я з табою зрабіла? I працягнула да яго руку:– Кладзіся са мною.– Табе нельга.– Я ведаю. Ты проста паляжы... Выспіся.– Табе будзе нязручна.– З табою?Ён лёг. Яна прынікла да яго. Шэпт прагучаў ля яго вуха:– А шкада, што нельга. Але ж у нас усё жыццё... Спі, мой родны, спі да раніцы, мой стомлены.Паступова правальваючыся ў дрымоту, ён слухаў яе апошнія, кволыя, засынаючыя словы. Яны былі соннымі і цёплымі, як яе цела, гэтыя словы, і таму ім нічога не трэба было саромецца:– Я благаслаўляю жыццё за тое, што яно звяло нас, дало хаця адно... шчасце... Як ты стаміўся... Спі... Да светлай раніцы...Абняўшы яе апошнім рухам рукі, з радасцю адчуваючы, што яна тут, поруч, ён адчуў, як сон уладна лёг на яго... У наступную хвіліну яны спалі так, як не спалі ўсе гэтыя дні.Шапацелі змрочныя таполі за адчыненым акном. Цішыня панавала над горадам. Яны ляжалі, як дзеці, і іхнія чыстыя подыхі, змешваючыся, бязважка блукалі па спячых, спакойных тварах.Р а з д з е л XXXIРаніцаю яны прыйшлі да свядомасці адначасова. Яны не ведалі, што за гадзіну да гэтага ў палату заходзіў Глінскі. Нячутна зайшоў, прычыніўшы за сабою дзверы, і з хвіліну глядзеў на хлопца і жанчыну, што спалі ў той самай паставе, што і звечара, інстынктыўна кожны баючыся ў сне патрывожыць адзін аднаго: рука хлопца на яе плячы, рука жанчыны – на стане хлопца. Абліччы побач. Спакойныя, чыстыя паставы целаў.“Пашкадавала, – з нечаканай для самога сябе пяшчотай падумаў стары. – Пасунулася і дала месца, каб адпачыў. Відаць, пабачыла нарэшце, як ён звёўся, як дрэмле, амаль не закрываючы вачэй”.I, толькі нячутна зачыніўшы за сабою дзверы, даў на хвіліну пачуццям авалодаць сабой. Таму што ніхто, акрамя яго, старога, спрактыкаванага “тыгра ад хірургіі”, не прадчуваў цяжкасцей, якія чакалі сёння гэтае дзяўчо. Бедныя дзеці! Няхай ужо незваротна папсута яго жыццё, але за што такое ім?