Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

А яны прачнуліся абое, разам, адразу адчуўшы, што прасынаецца другі. Андрэй адчуваў сябе такім свежым, бадзёрым і моцным, такім упэўненым у гэтым дні і ва ўсіх наступных днях, што яму хацелася спяваць.Ды і яна, гледзячы ў ранішні парк з яго шчодрай, дымчата-вясёлкавай расой, з яго сцюдзёна-сінімі ценямі і сонечнай лістотай ля верхавін, сказала, шчасліва ўздыхнуўшы:– Ніколі, здаецца, так не адпачывала.– Ну вось і добра, – сказаў Андрэй, – а то мяне сумленне мучыла. Зараз я ўмыю цябе.– Ведаеш, – з усмешкай сказала яна, – мне нават падабаецца быць хворай. Ты ўсё робіш са мною так пяшчотна, твае рукі лягчэй за тапалёвы пух.– Ну што ж, калі хочаш, я заўсёды буду ўмываць цябе раніцай, расказваць казкі на сон і папраўляць тваю падушку.– Што ж, – засмяялася яна. – Ты не думай, я не такая. Я магу хадзіць, як мужчыны, і плаваць, як яны. Калі ты будзеш блукаць па дарогах з рукзаком і кіем, я табе буду верным спадарожнікам.Залікавала птушка ў росных дрэвах, быццам адчуўшы подых роснай свежасці з надрэчных шатаў.– Май, – сказала яна. – Глядзі, якая раса. Будзе добры-добры, сонечны дзень.– Гэта нічога не значыць, раса, – сказаў Андрэй. – Часам, вельмі рэдка, прыкметы не збываюцца. Сёння ўвечары збярэцца на дождж.– Адкуль ведаеш?– Памятаеш, я табе распавядаў, як той ачмураны хлопец з Заходняй рубануў мяне... Бедны... Ён і не думаў, што падарыў мне такі барометр. Рана часам ные на непагадзь.– Ну і добра, што дождж, – сказала яна. (Дні сапраўды стаялі занадта спякотныя.) – Дождж абмые лістоту, яна ажыве... Ах, любы, любы мой. Якое гэта шчасце, дождж!– Ну, вядома. Вось ты ачуняеш, і мы паедзем у Сухадол. Як там дождж бяжыць па рацэ! Набліжаецца, набліжаецца. Захапіў. Кроплі скачуць, як цвікі, потым пераходзяць у бурбалкі. Вада як закіпае. А ў нас над чаўном тэнт, а ў чаўне шмат сена, пульхнага, свежага... Галава дурэе.– Я вельмі хачу ў твой Сухадол. Абавязкова. Мы з’ездзім на месца, дзе быў паром. – Так. Каб нашы, тыя, што былі, маглі бачыць гэта, як бы яны ўзрадаваліся. Андрэй гладзіў яе валасы.– Ведаеш, – сказаў ён, – мне заўсёды здавалася, што ў тую ноч паміж маёй прабабкай і тваім прадзедам быў пакладзены пачатак чамусьці падобнаму на вялікае, амаль нязмернае каханне. Яно толькі не паспела набрацца сілы. Каб быў час на тое, каб яна забыла боль, каб яна не трапіла ў высылку – яны б, магчыма, пакахалі. Добра было б.– Не, – сказала яна, – гэта было б вельмі нядобра.– Чаму?– Няўжо не разумееш? Тады мы былі б сваякамі, братам і сястрой. Нам нельга было б так, як мы зараз.– Шкада, – уздыхнуў Андрэй. – Мне вельмі хацелася б, каб і ў іх было так, як у нас...– Чакай, – быццам знайшоўшы магчымасць суцешыць яго, сказала яна. – Ну вядома ж, гэта нічога не вырашае. Нават каб яны былі разам. Твой дзед і мой прадзед былі б ад розных бацькоў. Прайшло чатыры пакаленні.Яна радасна засмяялася:– Мы з табою былі б чымсьці накшталт “васьміюрадных” брата і сястры. У нас была б толькі шаснаццатая, калі не меней, частка агульнай крыві... Вядома, маглі б быць разам і яны... Гэта не перашкодзіла б нам... Няхай і яны...Як быццам гэта залежала менавіта ад яе, быць Грынкевічавай і Гораву разам альбо не.Абое ўсміхаліся, так удала развязаўшы заблытанае пытанне. Потым шэрыя вочы пасумнелі. Яна ўздыхнула:– Шкада, што ў іх не атрымалася тое, што ў нас. Мне зараз заўсёды шкада ўсіх, у каго не атрымалася тое, што ў нас,– Нічога, – пацалаваў яе Андрэй. – Не сумуй за іх. Яны шукалі. Як мы.