Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Дзверы без стуку хістаюцца за праходзячымі: туды-сюды, туды-сюды, у розныя бакі. Белыя дзверы на дзве палавіны.За аднымі з такіх дзвярэй яна. Пэўна, пачалі. Хто б зрабіў, каб іхнія рукі былі спрытнымі і ўдалымі, каб шчасліва скончылася ўсё?Бог? Ён, Андрэй, не верыць у бога. А веруючым, пэўна, лягчэй.Як гэта ў малітве: “Захавай дом мой”. Не, ён не памятае. А можа, гэта і не ў праваслаўнай малітве?Мозг, здавалася, нічога не мог, а на самай справе заўважаў ўсё так зорка, як ніколі....Вось правезлі на пахілых драбінках вялізны сіні балон з надпісам “вадарод”... Балон... Пакуль не правялі газавую лінію – давядзецца мець балоны. Ёй нельга, каб холадна... Добры дом...– Што з вамі? – дакранулася да яго пляча Сашанька. – Вам дрэнна?– Чаму? – здзівіўся Андрэй.– Вы бледны, як смерць.– Нічога, – голас гучаў, як чужы. – Як там?– Цудоўна, – адказала Сашанька. – Усё ідзе як трэба... Я выйду праз гадзіну.– Я, пэўна, пачакаю ў скверыку, – тым самым голасам сказаў ён.Занадта прамы, ён накіраваўся да дзвярэй. Сашанька паглядзела на яго і пахітала галавой.Ён выйшаў проста ў добры майскі прысмерак і сеў на лаўку. Успомніўся хлопчык, што дзесяць дзён таму весела ішоў на спатканне з маці. Дурны хлопчык!Ну, а хіба ён, Андрэй, болыы разумны, калі думае аб газе, аб дзецях, чорт ведае аб чым у час, калі яна так пакутуе?I раптам ён зразумеў, што ўвесь гэты час ён толькі вонкава думае аб іншых прадметах, што ўвесь гэты час у душы жыў і катастрафічна нарастаў жах, нясцерпны жах і бязмерная боязь за яе.Сэрца падала ўніз. Цьмянела ў вачах. Каб быў голас, ён з насалодаю закрычаў бы па-жывёльнаму, дзіка, нема.Ніколі, ніколі яшчэ ў жыцці не было такога жаху. Нават тады, калі ўцякала партызанская армія і “фокевульфы” ныралі над самымі галовамі.I не так страшна было, калі хлопцы наступалі на сяло, занятае бандай, а са званіцы білі кулямёты.I не так страшна было, калі шкляное паветра калыхалася над разбітай машынай, там, на шашы, над невялікай рэчкай, якая завецца Бобр.Неяк занадта скора і зусім де ў час пачало цямнець. Калі ён узняў галаву, здзіўлены гэтым, ён пабачыў, што з боку Масквы-ракі на будынак, на вяршыні дрэў, на ўвесь застыглы горад насоўваецца цяжкая хмара, свінцова-чорная, з нейкім цьмяна-барвяным водбліскам. Пэўна, ад незлічоных агнёў, што спуджанымі іскрачкамі гарэлі пад ёй.“Так, паўсюль запалілі агні. Бо стала зусім цёмна. Нават вулічныя ліхтары запалілі. Нават тут, у скверы”.Чаму не ідзе Сашанька? Ён глядзеў на гадзіннік і ўпершыню ясна зразумеў, што аперацыя цягнецца ўжо больш чым дзве гадзіны. I такі спакой вакол, быццам прырода і ўвесь горад уцягнулі галовы ў плечы, чакаючы непазбежнага.Ён амаль пабег у будынак і сутыкцуўся з медсястрой.– Як?– Ды не нервуйцеся вы так, – сказала Сашанька. – Фу! Не мужчына, а мокрая курыца.– Што?– Усё ідзе як мае быць. Быў лёгкі шок. Спынілі пераліваннем крыві непасрэдна ў аорту, па метаду Пятроўскага... Аперацыя складаная, але самае цяжкае скончылася... Ідзіце ў вестыбюль: зараз будзе дождж.– Не магу. Я заўважу, калі ён пойдзе.– Вы заўва-ажыце, – сказала сястра.I раптам узяла яго руку і, гладзячы яе, сказала:– Ну не трэба, не трэба. Я даю вам слова, чуеце, я даю вам слова, што ўсё ідзе добра..Знікла. Ён адышоў ад сваёй лаўкі і з трывогаю, ад якой як толькі не разарвецца сэрца, глядзеў на крывава-свінцовую хмару, на фоне якой вартымі жалю, малюсенькімі лапікамі кідаліся ў трывозе галубы.