Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Пэўна, так яны кідаліся і тады, калі ішлі нейкія там татары і полымя жэрла прадмесці, падступаючы да муроў Крамля.Няма прыстанку! Няма жыцця! I дзе ён, прытулак, знішчаны агнём?З жахлівай выразнасцю ён адчуў, што і ён слабы, як птушка перад страшнай навалай, перад тупой, жорсткай сілай, якая рушыць на яго. Не дапамогуць смеласць, розум, сіла – нічога, нічога!Насунецца і знішчыць яго прыстанак, яго прытулак, яго цеплыню – адзінае, дзеля чаго ён жыў усе гэтыя дні,I тады Андрэй сеў і, як закляцце, пачаў ліхаманкава і страшна ці то кленчыць, ці то проста ўмаўляць кагось:– Я вельмі, вельмі, вельмі люблю яе. Я вельмі, вельмі, вельмі буду яе любіць... Ратуй яе, ратуй... Справядлівасць, калі ты ёсць, зрабі, каб яна жыла... Справядлівасць, калі ты ёсць, зрабі, каб яна засталася жывой... Ёй нельга, нельга, нельга... Вазьмі ў мяне палову жыцця і падзялі з ёю... Вазьмі ў мяне... Вазьмі... Вазьмі...Ён хлусіў, не адчуваючы гэтага. У сэрцы ягоным не было ў гэты момант ні кахання, ні планаў – нічога. Адзін толькі боль за яе, адзін толькі жах за яе, адно толькі жаданне, каб скончыліся яе мукі і яна была здаровай.– Няхай ніколі не бачыць яе... Няхай ніколі не бачыць яе... Няхай ніколі. Абы ведаць, што жыва... Нават ведаць, што кахае другога... Так, нават гэта... Абы ведаць, што яна засталася жыва, што яна недзе жы-ва...Ён не чуў ужо, як хвастануў ачышчальны лівень, як зямля набрыняла вадою, прагна ўсмактала яе і перастала прымаць, разліўшы па ўсім абшары сквера лужыны, як стала свежым паветра, як сталі цяжкімі і абвіслі галіны дрэў і самая іхняя кара стала вугальна-чорнай. Ён сядзеў і ўмаўляў кагось.– Андрэй! Перад ім стаяў Яша, мокры, хоць выціскай. З кароткіх рукавоў халата струменямі лілася вада. Мокрыя валасы касіцамі звісалі на лоб, і выгляд ад гэтага быў такі няшчасны, што ў Андрэя як нешта штурханулася ў сэрцы.– Усё?– з жахам спытаў ён.– Вядома, усё, – з непаразуменнем сказаў няшчасны Яша. – Я ж табе казаў, што гэта тыгр ад хірургіі... Я дзесяць хвілін клікаў цябе з ганка. I вось прамок з-за цябе, як цуцаня... А ўсё філантропія да розных недаробленых Вертэраў. Каб яе, каб...Толькі тут, толькі пасля гэтай лаянкі, толькі пасля таго як падбегла мокрая Сашанька і Яша з раптоўнай рашучасцю абхапіў яе, захінуўшы крысамі халата (быццам гэта магло чымсьці дапамагчы ад дажджу), Андрэй зразумеў, што пакуль што ўсё скончылася, і, кінуўшыся да ардынатара і медсястры, абняў іх дрыжачымі рукамі.Р а з д з е л XXXIIКалі ён пабачыў Ірыну ўпершыню пасля аперацыі – у яго ўпала сэрца. Не ў тым справа, што аблічча было знясіленым і нейкім перапалоханым.Справа была ў тым, што на гэтым твары быццам адразу адбіліся пражытыя гады. Яна заўсёды была падобная на поўнае жыццём дзяўчо. Зараз гэтага жыцця не было. Яно ледзь тлела недзе ўглыбіні, не маючы змогі ажывіць блакітны твар. Яна ўвесь час была ў поўнай прытомнасці. Але што гэта была за прытомнасць?! Прытомнасць позіркаў, прытомнасць дрыжачых вей. Ёй было балюча сказаць слова, цяжка дыхаць. Самае найбольшае, што яна магла, гэта сказаць:– Папраў падушку.Усе пяць дзён, што ёй было так цяжка, ён сядзеў каля яе і супакойваў. Не спаў.– Вар’яты, – казаў Глінскі, – чортавы вар’яты.А Яша, дарэмна ўдаючы цынізм, усміхаўся:– Прапаў казак.Андрэю было ўсё адно. Ён ніяк не мог забыць, што ў першыя хвіліны сустрэчы гэты адчужаны ад жыцця твар паспрабаваў усміхнуцца яму. Ён ведаў: у адной гэтай няўдалай усмешцы было выкупленне ўсіх яе і яго грахоў.