Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

А потым ёй стала лягчэй. Яна відавочна ачуньвала. Нават колер скуры пачаў набываць румянец: не так, як да аперацыі. Пачала есці. Пачала ўсміхацца яму і ўсім іншым па-сапраўднаму,Як дзіцёнак, радавалася кожнай праяве жыцця за акном, кветкам, якія прыносіў ён, гучнаму, бы ў пустую бутэльку, буркатанню голуба.Аднойчы Андрэй бачыў з-за завескі, як яна тонкімі пальцамі спрабавала злавіць на сцяне сонечны зайчык, які выпадкова трапіў у чашку з вадой і не мог вырвацца, кідаючыся то на сцяну, то на коўдру.На трэці дзень пасля таго, як ёй стала лягчэй, яна ўпершыню папрасіла пацалаваць яе.– Я так рада жыццю, – сказала яна. – Раскажы мне штось.– Што?– Раскажы, як ты закахаўся ў мяне.– Спачатку была рука, – сказаў Андрэй. – Рука на экране. I яшчэ голас. А самае галоўнае – думка. Думка ў цемры... Гэта я пачуў перш за ўсё і адчуў сабою... А потым я пабачыў і цябе самую. Ты была ў шэрай, званочкам, пушыстай спадніцы і цёмна-шэрай нейлонавай кофтачцы...– Так, – сказала яна, – а ты быў у нагавіцах нейкага цёмна-васільковага колеру і ў шэрым пінжаку. А гальштук у цябе быў таксама сіні. Я падумала яшчэ: “Вось які блакітны хлопец з’явіўся”.– I ты памятала ўсё гэта?– Дурань, – сказала яна.Андрэй пацалаваў яе рукі, што нерухома ляжалі паўзверх коўдры.– Ты ляжы, – папрасіў ён, – маўчы. Я сам буду казаць.–Ну.– А потым была Нерль. Там я зразумеў, што ты неяк адрозніваеш мяне сярод іншых, шмат чаго ведаеш пра мяне. I там я неяк адтаў ад таго холаду, які жыў ува мне, ад усяго гэтага свінства, што зрабіла са мною жыццё... Ты ж ведаеш, я тады ляжаў у руінах... I раптам пяро голуба на месцы, дзе калісь забівалі, і тая белая свечачка ў лугах. Такая празрыстая, стройная, адбітая ў вадзе. Як ты... I ты была поруч, ты адкрыла мне ўсё гэта, і выратавала, і прывяла да святла. Ён бязважка гладзіў яе нерухомыя рукі.– Табе не балюча? – Не. Мне прыемна.– Але тады я яшчэ не ведаў, што гэта каханне. Я зразумеў гэта на сваёй рацэ, на месцы парома, і вышэй, за вёскаю Кручы... Яна была такая цёмна-кучаравая, вёска. Там буслы плавалі над ракою і паветра было вячэрне-празрыстым і месячным. Там я зразумеў, што ўся ты, са сваёй сілай і слабасцю, раптам стала патрэбна мне. На радасць і гора. I мне нельга жыць без цябе. Свет без цябе пусты, а дрэвам няма чаго спяваць аб радасці. Бо ты адзіная, каго мне трэба было сустрэць на зямлі, а другіх няма...Маўчанне было ў пакоі. Яна ляжала, гледзячы на яго мяккімі шэрымі вачыма.– Якое яно добрае, жыццё, – сказала яна. – Ах, толькі б жыць. Мне нават страшна з табою. Вышэй жа, здаецца, ужо няма куды... Што ж нам рабіць, міленькі? Што рабіць са скарбам, які трапіў да нас у рукі?– Слухай мяне, – сказаў ён. – Ты не палохайся скарбу і шчасця. У нас наперадзе вялікае жыццё, і мы не стомімся адзін ад аднаго за гэты час. Мы будзем вельмі многа працаваць. Пісаць дзівосныя кнігі... Калі хочаш, мы напішам першую сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва. Гэта цяжка. Нам давядзецца аб’ездзіць разам усю Беларусь, адшукваць тое, што забыта, вывучаць, біць у набат, калі штосьці занядбалі або бураць. Гэта будзе сумленная гісторыя. Яна не будзе забываць ні добрага, ні дрэннага... Ты прыкладзеш да гэтай кнігу веды, а я так выкладу яе, каб яна чыталася запоем, як легенда... З гэтых вандраванняў можа вырасці і другая кніга, пра Беларусь як яна ёсць, пра ўсё добрае і дрэннае на гэтай зямлі. Там будуць дарогі, людзі, запісы казак, песняў і сапраўдных апавяданняў аб жыцці, шмат фатаграфій усіх прыгожых і непрыгожых куткоў радзімы...