Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Гэта добра.– I ва ўсім гэтым будзе твая добрая іронія і маё жорсткае захапленне. А яшчэ мы будзем пісаць кожны свае кнігі... А вакол будзе зямля, глухія пушчы, светлыя рэкі, азёры, поўныя неба... Мы будзем засынаць і прачынацца разам, восем тысяч разоў прачынацца разам.. А можа, і больш. I адчуваць адзін аднаго, і зоры, і вячэрнія песні, і след за галавою выдры, што пераплывае раку, і камяніцы разбураных палацаў, і ўсплёск бабра ў месячным сяйве... Мы будзем шмат працаваць і шмат ездзіць. Па ўсёй зямлі, па ўсіх акіянах...– Акіяны потым, – сказала яна. – Раскажы спачатку пра твае азёры, пра тваю зямлю.– Яна непрыгожая з акна цягніка, – сказаў Андрэй. – Таму што немцы, баючыся партызан, высеклі лес паабапал дарог... Для таго каб даведацца, якая яна, трэба заглыбіцца ў яе. I там можна пабачыць адны з самых лепшых куткоў зямлі. Там азёры на захадзе сонца стаяць чырвонымі, а ў іх спакойнай вадзе б’е рыба. Там лясы, у якіх трубяць ласі... Амаль ніхто не ведае, што ёсць там не толькі раўніны, а і высокія ўзгоркі, парослыя лесам. З узгоркаў бягуць празрыстыя ручаіны, у якіх жыве рыба-стронг... Прысмеркам вада ў Дняпры робіцца малочна-жамчужнай. I неба тады такое ж, як вада. Бледны месяц вісіць у гэтым небе. Калі ў такі час плывеш па рацэ ў крылатым чаўне – неба над табою і пад табой. Як казачны карабель у паветры, плыве човен... Яна мірная і пяшчотная, як дзяўчына, як ты, мая зямля... Але ёсць на ёй і змрочныя куткі. Замшэлыя лясы, сівыя імшары, па якіх уначы, пад самотнай зоркай скача прывіднае дзікае паляванне... У навальніцу бары гудзяць так страшна, як душа майго мірнага народа, калі яго пакрыўдзяць... Але гэта праходзіць з першым праменем сонца або месяца, і зноў уначы кусціцца сонная бузіна над курганамі продкаў...Ён змоўк, пабачыўшы, што яна ляжыць, закрыўшы вочы, а веі яе вільготныя.– Вельмі буду цябе кахаць, – не адкрываючы вачэй, сказала яна....Гэта адбылося на чацвёрты дзень пасля размовы аб азёрах і курганах. Ірына відавочна ішла на папраўку. Яна ўжо спрабавала напаўляжаць на падушках, гледзячы ў парк, у якім пасяліўся раскошны і сонечны чэрвень, жартавала з Яшам, з асалодаю абуджэння да жыцця нюхала і гладзіла пальцамі кветкі, прынесеныя Андрэем.I вось надвячоркам таго дня Андрэй, вяртаючыся з кветкавага магазіна, зразумеў па мітусяніне ў калідоры, што адбылося нешта дрэннае. Ля дзвярэй палаты стаяў небывала сур’ёзны Яша.– Чакай, Андрэй, – сказаў ён. – Пакуль што туды нельга.– Што такое? – спытаў збялелы Андрэй.– Упаў пульс, – сказаў Яша.Сашанька высунулася з дзвярэй, устрывожаная, у збітым набакір белым каўпачку.– Як? – спытаў Яша.– Пульс часты, малога напаўнення, – сказала яна і знікла ў палаце.Ардынатар пакруціў галавой.– Яша, гэта дрэнна? – спытаў Андрэй.– Зараз змерым ціск. Калі ўпаў – гэта вельмі дрэнна, Андруша.– Пусці, – сказаў Андрэй.– Чакай, – сказаў Яша. – Там зараз ідзе змаганне. Не перашкаджай.Не заўважаючы Андрэя, у палату амаль прабег Глінскі з асістэнтамі.– Што ж рабіць, Яша? Што рабіць?– Чакай. Чакай і трымайся.Ён стаў чакаць. Гэта цягнудася вельмі доўга, вельмі-вельмі доўга. На дварэ пачало цямнець, а тыя, у белым, усё яшчэ былі ў палаце.Потым адтуль выйшаў Глінскі, відавочна пастарэлы, з бліскучымі вачыма.– Яна просіць цябе, Андрэй.Андрэй кінуўся паўз яго.– Як? – спытаў у Глінскага Яша.Той толькі махнуў рукою, заходзячы за Андрэем у палату.