Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

...Першае, што пабачыў Грынкевіч, было яе аблічча, нейкае незваротна змененае, аблічча жыхара ўжо не гэтага свету.Вакол яе завіхаліся, але яна не звяртала на гэта ўвагі. Вочы яе глядзелі толькі на Андрэя, быццам у палаце не было нікога, акрамя яго.I Андрэй адразу, з незвычайнай яснасцю зразумеў: гэта ўсё. Зразумеў, але не паверыў сэрцам.– Хадзі сюды, – ясным высокім голасам сказала яна.Ён падышоў, сеў. Яна паклала на яго руку сваю далоньку.– Я хачу сказаць табе нешта. Не забывай Ганну. Чуеш? Не забывай. Мне цяжка казаць табе гэта, але яшчэ цяжэй пакінуць цябе аднаго.– Я не кахаю яе.– Ведаю. Але мне цяжка пакінуць цябе аднаго. Дай мне слова... Яна будзе добрай да цябе... Дай слова...– Не магу, – сказаў Андрэй. – Ты выправішся, ты будзеш са мной.Яна адразу неяк звянула, і нават цень ласкавай усмешкі з’явіўся ў шэрых глыбокіх вачах.– Так, – сказала яна. – Вядома. Я рада, што ты не даў слова.Ад гэтага ценю ўсмешкі ў сэрцы Грынкевіча зноў аджыла слабая надзея. Яна ўсміхалася да яго, яна магла і павінна была жыць.За вокнамі невыразна цямнелі дрэвы. З-за іх далятаў прыглушаны шум вячэрняга горада. Там, у дрэвах, быў, напэўна, ветрык, але такі слабы, што яго можна было заўважыць толькі па рэдкіх, слабеючых уздыхах у лістоце.У палаце цьмяна гарэла святло, адзін чалавек схіляўся над другім, а вакол стаялі маўклівыя, небывала сур’ёзныя ўрачы.Але яны зараз не існавалі ні для яе, ні для яго.– Андрэйка, – сказала яна, – як ты пакутуеш... Ох, як я цябе буду кахаць.Андрэй сеў ля яе. Было вельмі-вельмі ціха. I тады Ірына абвяла позіркам людзей у белым і сказала:– Пакіньце нас адных.“Мы зрабілі ўсё, што магчыма”, – казалі вочы Глінскага, але ўголас ён сказаў другое:– Нельга. Я павінен застацца.– Пакіньце нас адных, – паўтарыла яна.Глінскі абвёў вачыма калег. Потым ягоны позірк спыніўся на твары Ірыны, на безудзельна-адчайным твары мужчыны.– Пакіньце, – ціха сказаў ён.Яны выйшлі. Гусцеў змрок за акном, і ўздыхі ўсё яшчэ ляцелі з начной лістоты. Усё радзей і радзей.– Пацалуй мяне, – сказала яна.I ён бязважка, каб не зрабіць ёй балюча, але палка прыпаў да яе вуснаў сваімі дрыжачымі вуснамі, быццам імкнуўся пераліць у яе ганебны збытак уласных сіл.– Праспявай мне нешта ціхае, – сказала яна, прыціскаючыся да яго.– Добра.– Толькі пачакай. Яшчэ два словы. Ён гладзіў яе валасы.– Дай мне слова, Андруша, – трывожна сказала яна. – Дай слова.Ён ведаў, аб чым гэта, і згодна хітнуў галавою. Толькі каб супакоіць яе.– Ну вось, – уздыхнула яна. – Мне спакойна. Спявай.Андрэй заспяваў ціха. Заспяваў тую калыханку, што, як усе калыханкі Беларусі, падобная на трапяткі пяшчотны ўздых. Яна слухала, гледзячы на яго, а зітханні ўсё даляталі з лістоты. Радзей, радзей.Яны былі такімі слабымі, гэтыя зітханні. А голас вёў і вёў перарывістую песню:Вавёрка ў закуткуПражу прадзе,Кола залатоеСонна гудзе...Сціхні, мой ветрык,Вавёрка спіць,Аб арэхах срэбныхВавёрка сніць...Спіць яна...Спіць...Вочы закрывае,Зашыўшыся ў дом,Цёплым хвастом,Рудым хвастом...Рудым...Зітханні даляталі з лістоты. Радзей. Усё радзей. Зніклі. Закрываючы вочы, яна сказала:– А я і не думала, што вашы калыханкі такія... Я засну, любы.– Спі, – сказаў ён,Прыціскаючы яго руку да сваіх грудзей, яна апусціла веі.Яна спала, і яго рукі былі ў яе руках... ...Потым пачалася агонія.. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .