Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Ён сядзеў, трымаючы ў руках яе рукі, якія пачалі астываць. Нерухомы над нерухомай. Безудзельны над безудзельнай. Ён верыў, што пакуль яе рукі ў яго руках – у іх не можа знікнуць цеплыня.I ён ні ўва што больш не верыў.Пальцы халаднелі. Пальцы былі ўжо зусім халодныя. I тады ён вызваліўся і склаў на грудзях гэтыя бедныя рукі, а сам стаў чакаць. Пакуль ён мог спадзявацца на дзіва, ён не павінен быў кінуць, здрадзіць, аддаць у рукі цемры.Ён чакаў, пакуль не перастаў спадзявацца, а потым з цяжкасцю разарваў свае апошнія абдоймы і назаўсёды, цяпер ужо назаўсёды, адарваўся ад яе. Сеў і стаў глядзець.Здаецца, спала. У куточках вуснаў цень загадкавай усмешкі, а бровы злёгку, быццам здзіўлена, узняты.Куды ты заглядаеш, мая апошняя, у якую таямніцу, невядомую мне? Чаму здзіўлены твае бровы?I што зараз рабіць мне?Зямная персць, зямная юдоль – будзьце вы благаславёны, будзьце вы пракляты.I што зараз рабіць мне, калі ты не пускаеш мяне ў сваю таямніцу?Хто адкажа? Хто адпомсціць? Хто суцешыць?Цень усмешкі і здзіўленыя бровы. Куды ты заглядаеш? Куды?Потым ён устаў і выйшаў. Яна не адказвала.Бы ў тумане, пабачыў, твары Яшы, Сашанькі, твар Яніса, Ганны, спіну Глінскага, які стаяў ля акна.– За што ж гэта, Андрэй? – глуха спытаў Якаў. Хіба ён ведаў за што? Ён не ведаў. Не ведаў нават, чаму прыўзняты бровы.– Адкасніцеся ад яго, – сказаў Яніс. – Нашто яму вашы словы?I ён моцна абняў Андрэя за плечы.Туман знік у вачах Грынкевіча ад гэтай грубай сяброўскай ласкі. Ён ведаў, Янісу таксама цяжка. Ён ведаў, што і Яніс плача, як ён, без слёз. Адным сэрцам.– Правядзі мяне да выхаду, – глуха сказаў ён.Яны спыніліся ў скверы, які спаў усімі галінамі, усімі птушынымі гнёздамі на іх.Рукі Яніса ляжалі на плячах Андрэя.– Мацуйся, мой родны.Андрэй выцягнуў з кішэні і паклаў на далонь Яніса бумажнік.– Вось, – сказаў ён. – Зрабі ўсё, каб адправіць яе ў Сухадол. Яна хацела быць там. Апошняе жаданне. Прабач, я проста не магу сам хадзіць паўсюль... Я толькі павязу.– Я разумею цябе, – сказаў Яніс. – А як ты?– З часам і я... – сказаў Андрэй. – Я абавязкова пайду туды, калі наблізіцца канец... Мы ляжам поруч. У маёй зямлі. Каб наводдаль бачыць буслянку, а пад гарою Дняпро.Ён уздыхнуў.– Паромная гісторыя скончылася... Канец.– Куды ты пойдзеш?– Я вярнуся. Раніцай. Да... раніцы, сябар.– Да раніцы... сабрыс.Андрэй павярнуўся і пайшоў у глыб скверыка. Яніс стаяў і глядзеў, як цень яго друга паглынае змрок.Р а з д з е л XXXIIIЁн ішоў начной Масквою. Крокі паміралі ў вуліцах, на якіх не сустракалася ні людзей, ні машын. Горад быў бязлюдны, адданы ва ўладу яму. Блыталіся завулкі і вуліцы, і нікога не было поруч, акрамя ценю. Ішоў, не задумваючыся, куды ён ідзе. Усё менш ставала святла, і гэта азначала, што ён набліжаецца да ўскраін. I тут ён пабачыўся з зорамі, якіх няма ў цэнтры вялікага торада. Ноч была цёмная, ясная, зоры былі халодныя...Упала адна, а за ёю другая. Гэта, вядома, не былі Леаніды. Леаніды не вернуцца да зямлі. Яны бачылі на ёй столькі, што не хочуць больш глядзець на яе нівы і цяністыя лясы, пакуль усе людзі не стануць іншымі.Усе да аднаго.Ён спыніўся. Перад ім невыразна сінеў у зорным святле лёгкі, узнесены да нябёс сваімі бязважкімі сценамі і ўсечаным дахам Круціцкі церамок. Даўно, вельмі даўно збудаваў яго нехта з продкаў Андрэя, вымушаны пакінуць Дняпро і яго берагі. Яму, напэўна, не было лягчэй.Гульбішчы прывідна абдымалі ўвесь начны свет, а праз іхнія аркі мігцела зорамі начное неба.