Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Люты сям-там здзьмуў з ракі снег, і празрыстыя разводы лёду люстравалі блакітнае сонца.Яніс, утоптваючы лыжамі снег, спытаў:– Чаго ты апошнім часам такі няшчыры? Табе цяжка?– Мне сорамна, – сказаў Андрэй.– Тры тыдні, як вярнуўся, – непахвальна сказаў Яніс, – а хоць бы радок. Урэшце, ты для чаго жывеш, для кахання ці для сваёй працы?– Для працы ў гонар кахання, – назнарок велягурыста сказаў Андрэй.За ўсім гэтым Яніс пабачыў прыхаваны боль, і яго добры прасцецкі твар засмуціўся.– З ёю што? – спытаў ён.– Так. Нічога не змянілася. Аперацыю палічылі немагчымай.– То ж бо я заўважаю, што ты разгублены і часам п’еш. – Я знайшоў бы іншы паратунак. Але я не магу працаваць, Яніс. Нішто не лезе ў галаву. Я, відаць, ператаміўся. Мозг нейкі тупы. Ніводнага слова, ніводнай думкі.– Адпачнеш.– Я амаль не сплю. Ты ведаеш, я ніколі не скардзіўся. Але, напэўна, ніколі нічога не здолею напісаць.– І ўсяго тае бяды?– Не, брат. Галоўнае, што яна мяне зусім-зусім не кахае.– Што-о?– Так. Ты ведаеш, я зрабіў усё, што мог. I вось я пяць разоў сустракаўся з ёю, і яна кожны раз пазбягала размовы аб гэтым... Тройчы прызначала спатканне і падманвала, не прыходзіла. А я, здаецца, зусім страціў гонар. Прызначае на пяць. Я чакаю да паловы шостай, потым кажу сабе, што пераблытаў, пэўна, і спатканне ў шэсць. Чакаю да паловы сёмай і даю сябе ўмовіць, што, можа, у сем.– Дурань, – сказаў Яніс.– I твар, – казаў далей Андрэй, – часам добры, але часцей такі варожы. Увесь час гуляе маім каханнем, ведае, што я ўсё дарую. А бадай яно ўсё спрахла.– Кінь, – сказаў Яніс, – зразумей адно: яна не герой, як ты, і не патрабуй ад яе замнога. Жанчына. I да таго ж вельмі слабая і безабаронная, нягледзячы на ўсю яе мужнасць, на ўвесь талент.– Я ведаю, – сказаў Андрэй, – я не злапомны, я нікому не помсціў за сябе, але таго, хто можа пакрыўдзіць яе – гэткіх я забіў бы, з зямлі сцёр... Таму што такіх, як яна, не крыўдзяць, на такіх моляцца, дый то яшчэ не кожнага нават у царкву пусцяць.Вайвадс паклаў руку яму на плячо:– Часам я шкадую, што я не прыгожая жанчына. Жыццё б паклаў на тое, каб адбіць цябе... Горка табе будзе...– Пэўна, я зрабіў памылку, што пакінуў яе адну на столькі дзён. Не было гіпнозу прысутнасці, і за гэты час яна паспела ўзяць сябе ў рукі.Секануў лыжнай палкай счарнелыя ружы татарніку.– Але нашто, нашто яна расказала пра ўсё Ганне, ды яшчэ кожны раз прыдумвала ёй прычыны для такіх сваіх паводзін? То я “лёгкі” чалавек. То я “гуляка праздный”. То “замкнёны ў вузкіх рамках Беларусі”. Добра замкнёны! Па ўсім відаць, як я “замкнуўся”. Доказам гэтаму ты, яна, Баранаўскас, тузіны з тры ворагаў на радзіме. Прычыны ўсё! Прычэпкі! Забараніла кожны чацвер праводзіць яе, бо пасля лекцый – бяседа аб міжнародным становішчы і мне “нельга ўцякаць”. “Лепей дадому будзеце прыходзіць”. Калі? Дый не вельмі запрашаюць... Нашто хлусіць? Скажы “не”, дый канец.Ён нервова ўздыхнуў. Потым сціснуў палкі і раптам – абурэнне патрабавала выхаду – рынуў проста з адхону: лыжы выбілі серабрысты снегавы пылок. Ледзь не падаючы, ён імчаў проста ў блакіт. Але нават падзенне не магло прымусіць забыць: вялікі даўкі камяк стаяў і шчымяча варочаўся ў горле.Андрэй праляцеў адхон, маланкава прамчаў лагчынкай і тут убачыў, што ўступ значна вышэйшы, чым ён меркаваў: метры тры. Але гэта не абыходзіла. Можна было і разануцца – усё адно. I толькі рукі самі сабою раскрыліся, а тулава нахілілася амаль да самых лыжаў, калі ўзляцеў проста ў неба, насустрач блакітнаму, ледзяному, абыякаваму да ўсяго сонцу.