Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Няхай забыццё, Рагнарадзі. Прыходзь.Наступай. Хутчэй......Слёзы паліліся з вачэй адразу, нястрымна, цэлымі струменямі. I ён, без змогі стрымаць іх, упаў на траву і заплакаў так, як не плакаў ніколі ў жыцці. Ён ляжаў абліччам у траву і аплакваў свой лёс і лёс Ірыны, і яе пакуты, і чысціню яе вачэй, і рукі, якія песцілі яго валасы, і ўсё-ўсё, што магло быць і чаго ўжо не будзе: дарогі з ёю, музыку яе слоў, яе цеплыню поруч і яе радасць ад сонца, якога яна ніколі больш не пабачыць.Потым, калі яму стала трошкі лягчэй, ён устаў. Трэба было ісці. Трэба было вярнуцца да яе, з якою не быў споўнены запавет продкаў. Трэба было супакоіць яе ў той зямлі, куды пойдзе і ён, скончыўшы шлях.Гэты шлях толькі пачынаўся. На ім не было радасці. Была толькі праца, вайна, радкі... якім не было звароту да ранейшага.Але на ім не было і хлусні, і абыякавасці, і боязі.Баяцца больш не было чаго.I ён пайшоў. Ён узышоў на гару і адтуль, з вышыні, пабачыў увесь абшар горада.Гэты горад цяпер прачынаўся. Усё большала і большала агнёў на вуліцах. Кропля за кропляй, сотня за сотняй, яны ўзнікалі, успыхвалі, паступова адбіраючы зоры ў нябёс.Зорнае неба сыходзіла на зямлю.Горад прачынаўся.Р а з д з е л XXXАндрэй нічога не сказаў ёй, бо тое, што ён бачыў, было велічна і адначасова страшна, быццам рабілася недазволенае, быццам нахабна глядзелі туды, куды нельга глядзець. Яна згадзілася на аперацыю. Сама. Таго ж вечара яны перавезлі яе з кватэры ў маленькую палату на аднаго чалавека, дзе маглі змясціцца толькі ложак, тумбачка і стол, ды яшчэ крэсла для дзяжурнай медсястры.Палата была на трэцім паверсе. Верхавіны паркавых дрэў молада і сонечна глядзелі ў акно. Парк цягнуўся далёка-далёка, фортачка была круглыя суткі адчынена, і таму паветра ў палаце было прыемным і свежым.Размясціліся ў кватэры Ганны: тры сябры неяк насцярожана ставіліся да кватэры Ірыны, адчувалі сябе ў ёй няёмка, а што да Грынкевіча, дык таго гэты пакой, дзе ён пабачыў яе такой хворай і слабенькай, проста гнёў.Ключ аддалі Ганне і ўсе ўтраіх пераехалі да яе. Грынкевіч і Вайвадс размясціліся ў майстэрні, заслалі кілімам падлогу ля ног гранітнага чалавека і спалі там. Абавязкі размеркавалі так, што Ганна рыхтавала перадачы, Вайвадс бегаў па справах, а Андрэй рабіў патроху тое ці іншае, але галоўным чынам сядзеў ля Ірыны.Яны не тужылі, прынамсі, вонкава. Нават Ганна перастала плакаць. Ім трэба было працаваць, улагоджваць усё як мага лепш. Ім трэба было змагацца за яе жыццё. Ваяваць.I толькі ўначы туга прыходзіла і захлёствала ўсё. Грынкевіч падоўгу ляжаў з заплюшчанымі вачыма, і калі ўжо добра ведаў, што Яніс не спіць, яны шэптам заводзілі свае бясконцыя размовы.Часам да іх прыходзіла Ганна, сядзела ля іхніх ног і пачынала суцяшаць Андрэя, заўсёды неяк так, што пасяляла ў іх веру.Андрэй кожны дзень хадзіў на спатканне. З Яшам яны пасябравалі, зменныя медсёстры ставіліся да Андрэя з Ірынай добра: старэйшыя – як да дзяцей, маладзейшыя – як да брата і сястры.Нават Глінскі неяк мякчэў, гледзячы ў вочы Ірыны і сустракаючы неспакойны, заўсёды заклапочаны позірк Андрэя, накіраваны на яе, чуючы яго вечныя пытанні, ці не баліць, ці не трэба пакласці вышэй падушак, ці не трэба вады.– Я магу і сама. Я ніколі так добра сябе не адчувала. Пяць дзён не чую сэрца.– А вы згаджайцеся, – буркнуў Глінскі. – Што з таго, што можаце? Хіба справа ў падушцы? Гэта прыемна яму, карысна вам. Ён на сёмым небе, калі можа зрабіць такое... Ганяйце, ганяйце яго – мацней кахаць будзе.