Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Я вам так удзячна. I яму. Мне ўжо няма чаго жадаць... Вы ж ведаеце, як у нас усё адбылося?– Ведаю. Мне гэты ваш латыш усё расказаў з таемным спадзяваннем, што я буду праяўляць максімум увагі... Скажу вам, што вы былі дрэннай маленькай жанчынай, якой не падушкі б папраўляць, а добра нашлёпаць.– Прафесар, – з папрокам сказаў Андрэй.– Нічога, – сказала яна, – прафесар гэта не ад злосці.– Бачыце вы яго, – сказаў прафесар. – А зрэшты, хто ведае, як бы яно было, каб вы яго не мучылі?..Узрушаны дабрынёй гэтага чалавека, дабрынёю ўсіх вакол, Андрэй заказаў па кошыку белых руж, вялізнаму, як клумба, і даслаў іх усім, хто лячыў Ірыну.Сустрэўшы Акдрэя на наступны дзень, Глінскі ўзяў яго за вуха, як Напалеон маршала.– Хабары, – з лютым гумарком буркнуў ён. – Хабарчыкі. А вы ведаеце, што хабарадаўца адказвае як і той, хто бярэ?Засаромлены Андрэй пайшоў у палату Ірыны і ўбачыў, што адзін з яе куткоў завешаны прасціной, а за ім стаіць глыбокае мяккае крэсла.– У чым справа? – спытаў ён у маладзенькай медсястры.– Дзякуй за кветкі, Андруша... А гэта загадаў учора паставіць “стары”. Сказаў, што вы можаце часам заставацца і сядзець колькі хочаце. Заставацца і на начныя дзяжурствы... I пасля аперацыі дазволіў дзяжурыць. Бо медсёстрам цяжка, яны не могуць увесь час быць поруч. А вы спраўляецеся не горш за кожную з нас. Нават больш уважліва.– Што вы, Сашанька? Вы ўжо такая ўважлівая. Сашанька ўздыхнула:– Прыемна бачыць такое. Нават трошкі зайздросна.– Не трэба зайздрасці, – сказала Ірына. – У яго жахлівы характар. Ён эгаіст, індывідуаліст, абстрактны гуманіст, жонкалюб і спакусіцель чужых жонак... – Ох, – сказала Сашанька.– Ірына, – узмаліўся Андрэй. – Вы не верце ёй, Сашанька. Яна сама... У яе кіпцікі – ого!– Ну вось, – усміхалася Ірына. – Не паспелі стаць поруч, як адразу папрокі.Сашанька марудзіла ля дзвярэй.– Толькі... дарэмна вы, Андруша, даслалі кветкі шэфу. З’явіўся сёння злосны. “Я, – грукоча, – яму дабро, а ён мне... Прэч гэтае крэсла. Каб следу не было”.Андрэй збялеў і ў адчаі пабег расшукваць Глінскага. Знайшоў яго ў кабінеце. Хірург паглядзеў на яго аблічча і памякчэў:– Добра, добра, – сказаў ён, – усё застанецца. Гэта я так... Вы не думайце, Андруша, мне таксама прыемна... Шкадую, што напалохаў вас... Я ж таксама люблю кветкі. Асабліва ружы. I дзе вы іх здабылі? Масква недаравальна бедная на аранжарэі.– З Рыгі знаёмы лётчык прывёз, – сказаў Андрэй. – Самалёт, пэўна, пахнуў, як кветнік. Прафесар аглядзеў Андрэя:– Вар’ят. Жонка за вас возьмецца. Быць вам рабом да схілу дзён. I не адчуваць рабства. Устаў:– Я зрабіў гэта вось чаму... У Ірыны адразу падае настрой, калі вас няма... I рэзка паляпшаеца стан, калі вы поруч... Веру, што гэта дарэмнае папярэджанне, але ніколі не ўздумайце падмануць яе. У будучым. Вы з боем здабылі сабе сапраўднае, рэдкае, якое мала ў каго ёсць... А пакуль ёй патрэбен запал бадзёрасці і шалёнага жадання выжыць. Таму я і паставіў крэсла.Буркнуў, гледзячы ў акно:– Я ведаю – глупстваў не будзе. Але вы проста часцей дакранайцеся да яе, дапамагайце, як рабілі дагэтуль, расказвайце вясёлыя і цікавыя гісторыі, гаварыце аб будучым... Гэта асабліва пасля аперацыі... Тады вы будзеце гаварыць, бо ёй будзе цяжка.Пацёр лоб.– Так, што яшчэ? Ага... Часцей... цалуйце яе. Абавязкова часцей цалуйце. Гэта суцяшае. Паверце, нішто так не суцяшае жанчын, як пацалункі... Я нават схільны думаць, што яны часам могуць дапамагчы больш, чым медыцына... Вось.