Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Мне шкада было цябе. Шкада. Ох, як я цябе мучыла.– Пакінь. Гэта было ўсё адно шчасце.– Усё адно?– Досыць, усё яшчэ наперадзе...– Вядома. Даруй мне за ўсё. Я добрай буду да цябе. Я ўсё-ўсё выкуплю. Буду ласкавай і пяшчотнай да канца свайго...Ён узяў яе разам з падушкай за плечы, быццам збіраўся люляць дзіцёнка. Яна прыстроіла твар на яго грудзях, паварочалася, каб было зручней, уздыхнула некалькі разоў па-дзіцячаму і заснула, бы ў гняздзе.Трымаючы яе на руках, ён толькі тут адчуў раптам, што гэта не жанчына, роўная яму вопытам, а безабаронны дзіцёнак, адданы ў абарону яму, мацнейшаму. Лухтой было зведанне страшных дзён апалчэння, нястачы, крыўд і штодзённай барацьбы. Лухтой было тое, што не сёння-заўтра ў яе валасах з’явіцца першая срэбная ніць, што ім, нават у лепшым выпадку, застаецца якіх дзесяць – восем год маладосці. Усё гэта было лухтою ў параўнанні з гэтымі ўздыхамі, з гэтым даверлівым сном на яго руках,Быццам не год нясцерпнага кахання звязаў іх, не месячныя іскры, не тая подлая ноч з люміналам, а гэтыя дні яе пакут, калі яна дзеля яго трымалася за жыццё. Гэты давер нельга было падмануць.Быццам з глыбіні мінулага веку працягнулася моцная ніць і наканавана звязала праўнука расстралянага, праўнука жанчыны з цёмнымі азёрамі вачэй, і праўнучку чалавека, сэрца якога адкрылася насустрач дабрыні ў паромную, вераб’іную ноч. З веку подласці і здрады працягнулася яна ў век навальніц і надзеі, каб цягнуцца далей у нейкі новы век нязмернага шчасця, які прыйдзе, не можа не прыйсці, і да якога яны, напэўна, не дажывуць. Працягнулася і звязала повяззю неадрыўна-моцнай, амаль не жаночай ужо і не мужчынскай, а нейкай таварыскай, нейкай братняй любві....З гэтай хвіліны ён стаў па-мацярынску ўтрапёным у сваіх клопатах аб ёй. Шчасце было ў недасыпанні, у выдаткаванні ўсіх нервовых і фізічных сіл дзеля яе, у змардаванні, у вычарпанні ўсіх запасаў дасціпнасці і весялосці, у тым, што ён, нават заснуўшы, прачынаўся – ледзь толькі яе дыханне ставала няроўным, ледзь толькі яна паварочвалася на бок. Угаварыць яго хоць на дзень адмовіцца ад гэтага не мог нават Глінскі, і ён здаўся, пабачыўшы, якую асалоду знаходзіць Андрэй у гэтым адмаўленні ад сябе, загадаў, каб увесь цяжар пераклалі на плечы Грынкевіча, загадаў, каб сёстры заходзілі ў палату толькі па яго выкліку ды яшчэ падчас двух штодзённых абходаў.– Ён робіць усё лепей за вас, вар’ят чортаў.Пасля гэтага дзён не было. Было свядомае спусташэнне ў імя таго дня, калі яна ачуняе, вышэйшы нервовы пад’ём, які часам дазваляе чалавеку тыднямі амаль не спаць, сочачы за здароўем другога... Здавалася, давалі ежу; здавалася, заходзілі ўрачы; здавалася, рабілі аналізы.Толькі часам, уначы, калі яна спакойна спала, ён, седзячы ў глыбокім крэсле, паглыбляўся ў дрымоту з адкрытымі вачыма. Гэта была дрымота, калі сон мяжуецца з явай, калі бязладныя малюнкі і сказы ніколі не прымушаюць забыць, што за акном ноч і дрыжачыя таполі, што Я н а кожную хвіліну можа прачнуцца, калі нават крэслы здаюцца нечым пачварным, тыграмі, што прыселі ад залішняй злосці на нізкія лапы.Такое ж было і ў апошнюю ноч перад аперацыяй. Ён драмаў, і твар яго быў прасветлены, знясілены, змарнелы. Удзень ні яна, ні другія ніколі не маглі гэтага заўважыць. Уначы ён заўсёды нараджаўся з дрымоты для явы, не бясхмарна-трывожнай явы, явы замгленнай і чорнай.