Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

На гэты раз яго заспелі.Калі ён адкрыў вочы – яна глядзела на яго з-пад доўгіх вей. Глядзела сур’ёзна і ўважліва. На белым і ў белай хусцінцы, спакойны і вызвалены ад усяго, яе твар здаваўся тварам манахіні-царыцы з гістарычных фільмаў.– Дык ты... вось так? – бязгучна спытала яна.– Глупства, – шэптам сказаў ён.– Табе трэба выспацца па-сапраўднаму, у ложку, – сказала яна. – Заўтра табе спатрэбяцца ўсе твае сілы.– Глупства.Зашапацелі дрэвы за акном.– Не, – сказала яна, – не глупства. Бедны мой, бедны, што я з табою зрабіла? I працягнула да яго руку:– Кладзіся са мною.– Табе нельга.– Я ведаю. Ты проста паляжы... Выспіся.– Табе будзе нязручна.– З табою?Ён лёг. Яна прынікла да яго. Шэпт прагучаў ля яго вуха:– А шкада, што нельга. Але ж у нас усё жыццё... Спі, мой родны, спі да раніцы, мой стомлены.Паступова правальваючыся ў дрымоту, ён слухаў яе апошнія, кволыя, засынаючыя словы. Яны былі соннымі і цёплымі, як яе цела, гэтыя словы, і таму ім нічога не трэба было саромецца:– Я благаслаўляю жыццё за тое, што яно звяло нас, дало хаця адно... шчасце... Як ты стаміўся... Спі... Да светлай раніцы...Абняўшы яе апошнім рухам рукі, з радасцю адчуваючы, што яна тут, поруч, ён адчуў, як сон уладна лёг на яго... У наступную хвіліну яны спалі так, як не спалі ўсе гэтыя дні.Шапацелі змрочныя таполі за адчыненым акном. Цішыня панавала над горадам. Яны ляжалі, як дзеці, і іхнія чыстыя подыхі, змешваючыся, бязважка блукалі па спячых, спакойных тварах.Р а з д з е л XXXIРаніцаю яны прыйшлі да свядомасці адначасова. Яны не ведалі, што за гадзіну да гэтага ў палату заходзіў Глінскі. Нячутна зайшоў, прычыніўшы за сабою дзверы, і з хвіліну глядзеў на хлопца і жанчыну, што спалі ў той самай паставе, што і звечара, інстынктыўна кожны баючыся ў сне патрывожыць адзін аднаго: рука хлопца на яе плячы, рука жанчыны – на стане хлопца. Абліччы побач. Спакойныя, чыстыя паставы целаў.“Пашкадавала, – з нечаканай для самога сябе пяшчотай падумаў стары. – Пасунулася і дала месца, каб адпачыў. Відаць, пабачыла нарэшце, як ён звёўся, як дрэмле, амаль не закрываючы вачэй”.I, толькі нячутна зачыніўшы за сабою дзверы, даў на хвіліну пачуццям авалодаць сабой. Таму што ніхто, акрамя яго, старога, спрактыкаванага “тыгра ад хірургіі”, не прадчуваў цяжкасцей, якія чакалі сёння гэтае дзяўчо. Бедныя дзеці! Няхай ужо незваротна папсута яго жыццё, але за што такое ім?А яны прачнуліся абое, разам, адразу адчуўшы, што прасынаецца другі. Андрэй адчуваў сябе такім свежым, бадзёрым і моцным, такім упэўненым у гэтым дні і ва ўсіх наступных днях, што яму хацелася спяваць.Ды і яна, гледзячы ў ранішні парк з яго шчодрай, дымчата-вясёлкавай расой, з яго сцюдзёна-сінімі ценямі і сонечнай лістотай ля верхавін, сказала, шчасліва ўздыхнуўшы:– Ніколі, здаецца, так не адпачывала.– Ну вось і добра, – сказаў Андрэй, – а то мяне сумленне мучыла. Зараз я ўмыю цябе.– Ведаеш, – з усмешкай сказала яна, – мне нават падабаецца быць хворай. Ты ўсё робіш са мною так пяшчотна, твае рукі лягчэй за тапалёвы пух.– Ну што ж, калі хочаш, я заўсёды буду ўмываць цябе раніцай, расказваць казкі на сон і папраўляць тваю падушку.– Што ж, – засмяялася яна. – Ты не думай, я не такая. Я магу хадзіць, як мужчыны, і плаваць, як яны. Калі ты будзеш блукаць па дарогах з рукзаком і кіем, я табе буду верным спадарожнікам.Залікавала птушка ў росных дрэвах, быццам адчуўшы подых роснай свежасці з надрэчных шатаў.