Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Яніс ледзь не самлеў ад жаху, пабачыўшы гэты рывок. Але было позна, і дапамагчы было нельга. Заставалася толькі сачыць. А друг ляцеў, і здавалася, лёту гэтаму не будзе канца.Але вось стаў, яго злёгку кінула. Памчаў, змяншаючыся, па спадзістым адхоне.“Ды ці разумее ён што-небудзь?”Андрэй імчаў проста на вялізнае дрэва. Імчаў, не змяншаючы хуткасці. Сто метраў... дваццаць... дзесяць...– Ы-ых! – вырваўся з Янісавых грудзей дзікі гук.I толькі за пяць метраў Андрэй крутануў убок, пятляючы, памчаў у зарасцях і спыніўся зусім далёка, у сетцы лазы над самай ракой.Яніс зразумеў: абышлося. Зразумеў таксама, што сябра трэба пакінуць у самоце хаця на дзесяць хвілін. I таму ён не стаў кідацца ўніз, пайшоў навакольнай спадзістай сцежкай....Грынкевіч стаяў у мёртвых хмызах, глядзеў на блакітны лёд, што чаргаваўся з пульхным снегавым звеем, і, паступова прыходзячы да прытомнасці, успамінаў....Вось першае спатканне пасля вёскі. Кватэра. Тая самая цішыня са звонам гадзіннікаў. У Ірыны карункавая кофтачка, аголеныя да плячэй рукі, футраная накідка на плячах. Нагавіцы – ці як іх там? – на моцных хлапечых нагах. Любы хлапчыска! Любыя рукі, пяшчотныя плечы, самыя блізкія ў свеце вочы!А чорны сабака калоціць хвастом па нагах Андрэя. Сабаку нядаўна стрыглі, і таму ў яго грыва і калматыя заднія ногі.– Ён у штанах, – сказаў Андрэй.– Як і яго гаспадыня, – усміхнулася яна.Хмызы. Ледзяное сонца. Андрэй стаіць так нерухома, што сінічка-пухляк сядае над яго галавой і здзіўлена, з вока на вока, глядзіць на яго прасянымі зрэначкамі. Яны цікаўныя, пухлякі....Так, Ірына і тады не гаварыла з ім аб галоўным. I толькі даведаўшыся, што ён паспеў зрабіць, здзіўлена і ўважна агледзела яго.– Вы маглі забіць сябе, Андруша.– Наўрад, – сказаў ён. – Людзі не паміраюць, калі ёсць мэта. У той раз яна не мучыла яго. Але дні праз тры не прыйшла на спатканне... Потым ён зноў чакаў яе на станцыі метро ля касы. Зверху выплывалі ногі, спускаліся па сходах і ставалі людзьмі, а яе ўсё не было... Потым усю дарогу ў метро яна ўнікала галоўнай размовы, так спрытна пераводзячы гаворку то на подзвіг мастака Ласенкі, то на звесткі аб тым, чым “сапфірны” крышталь адрозніваецца ад простага, што ён слова не мог уставіць.I так было потым усе тры тыдні. Нават у той дзень, калі яны ішлі Таганкай, яе старымі гандлёвымі радамі. А ў той дзень была адліга і так было добра вакол, нягледзячы на слату. Зграбалі снег, і верылася, што вясна скора прыйдзе. I нават верхавінам дрэў, здавалася, сніліся грачыныя гнёзды.Ён сказаў аб гэтым Ірыне, а яна раптам занурылася:– Нявесела быць жывой гісторыяй, памятаць першыя дуры-аўтобусы з чатырма прыступкамі... Асабліва вясной...Ён засмяяўся:– Ну і што? Я памятаю рамізнікаў у Востраве. Ці мала што памятаецца? Мы з табою маладзейшыя за шаснаццацігадовых, а ты яшчэ і прыгажэйшая за іх. А для мяне заўсёды будзеш лепшай і маладзейшай. Нават у шэсцьдзесят. Як старая квітнеючая яблыня... Дай табе бог доўгага жыцця... са мной.Тут яна і сказала, каб ён не праводзіў яе ў чацвер. Святло стала зусім не вясновым, і дрэвы больш не снілі гракоў.– Баіцёся? – спытаў ён.– Не. Проста не хачу. Я, пэўна, усё ж пайду на аперацыю. Тут. Хай будзе што будзе.Гэта, як заўсёды, абяззброіла яго, і ён прамоўчаў. Суцэльным уніжэннем быў гэты маўклівы шлях дадому – паасобку і поруч – міма Швівай горкі і царквы ў Ганчарах....Потым яна, здаецца, зноў палагаднела. Сказала аднойчы Янісу, каб Андрэй праводзіў яе. Была кранаюча пакорлівай, сказала, што, бадай, паедзе з ім у Мінск, калі ўсё будзе добра.