Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– Няхай ніколі не бачыць яе... Няхай ніколі не бачыць яе... Няхай ніколі. Абы ведаць, што жыва... Нават ведаць, што кахае другога... Так, нават гэта... Абы ведаць, што яна засталася жыва, што яна недзе жы-ва...Ён не чуў ужо, як хвастануў ачышчальны лівень, як зямля набрыняла вадою, прагна ўсмактала яе і перастала прымаць, разліўшы па ўсім абшары сквера лужыны, як стала свежым паветра, як сталі цяжкімі і абвіслі галіны дрэў і самая іхняя кара стала вугальна-чорнай. Ён сядзеў і ўмаўляў кагось.– Андрэй! Перад ім стаяў Яша, мокры, хоць выціскай. З кароткіх рукавоў халата струменямі лілася вада. Мокрыя валасы касіцамі звісалі на лоб, і выгляд ад гэтага быў такі няшчасны, што ў Андрэя як нешта штурханулася ў сэрцы.– Усё?– з жахам спытаў ён.– Вядома, усё, – з непаразуменнем сказаў няшчасны Яша. – Я ж табе казаў, што гэта тыгр ад хірургіі... Я дзесяць хвілін клікаў цябе з ганка. I вось прамок з-за цябе, як цуцаня... А ўсё філантропія да розных недаробленых Вертэраў. Каб яе, каб...Толькі тут, толькі пасля гэтай лаянкі, толькі пасля таго як падбегла мокрая Сашанька і Яша з раптоўнай рашучасцю абхапіў яе, захінуўшы крысамі халата (быццам гэта магло чымсьці дапамагчы ад дажджу), Андрэй зразумеў, што пакуль што ўсё скончылася, і, кінуўшыся да ардынатара і медсястры, абняў іх дрыжачымі рукамі.Р а з д з е л XXXIIКалі ён пабачыў Ірыну ўпершыню пасля аперацыі – у яго ўпала сэрца. Не ў тым справа, што аблічча было знясіленым і нейкім перапалоханым.Справа была ў тым, што на гэтым твары быццам адразу адбіліся пражытыя гады. Яна заўсёды была падобная на поўнае жыццём дзяўчо. Зараз гэтага жыцця не было. Яно ледзь тлела недзе ўглыбіні, не маючы змогі ажывіць блакітны твар. Яна ўвесь час была ў поўнай прытомнасці. Але што гэта была за прытомнасць?! Прытомнасць позіркаў, прытомнасць дрыжачых вей. Ёй было балюча сказаць слова, цяжка дыхаць. Самае найбольшае, што яна магла, гэта сказаць:– Папраў падушку.Усе пяць дзён, што ёй было так цяжка, ён сядзеў каля яе і супакойваў. Не спаў.– Вар’яты, – казаў Глінскі, – чортавы вар’яты.А Яша, дарэмна ўдаючы цынізм, усміхаўся:– Прапаў казак.Андрэю было ўсё адно. Ён ніяк не мог забыць, што ў першыя хвіліны сустрэчы гэты адчужаны ад жыцця твар паспрабаваў усміхнуцца яму. Ён ведаў: у адной гэтай няўдалай усмешцы было выкупленне ўсіх яе і яго грахоў.А потым ёй стала лягчэй. Яна відавочна ачуньвала. Нават колер скуры пачаў набываць румянец: не так, як да аперацыі. Пачала есці. Пачала ўсміхацца яму і ўсім іншым па-сапраўднаму,Як дзіцёнак, радавалася кожнай праяве жыцця за акном, кветкам, якія прыносіў ён, гучнаму, бы ў пустую бутэльку, буркатанню голуба.Аднойчы Андрэй бачыў з-за завескі, як яна тонкімі пальцамі спрабавала злавіць на сцяне сонечны зайчык, які выпадкова трапіў у чашку з вадой і не мог вырвацца, кідаючыся то на сцяну, то на коўдру.На трэці дзень пасля таго, як ёй стала лягчэй, яна ўпершыню папрасіла пацалаваць яе.– Я так рада жыццю, – сказала яна. – Раскажы мне штось.– Што?– Раскажы, як ты закахаўся ў мяне.– Спачатку была рука, – сказаў Андрэй. – Рука на экране. I яшчэ голас. А самае галоўнае – думка. Думка ў цемры... Гэта я пачуў перш за ўсё і адчуў сабою... А потым я пабачыў і цябе самую. Ты была ў шэрай, званочкам, пушыстай спадніцы і цёмна-шэрай нейлонавай кофтачцы...– Так, – сказала яна, – а ты быў у нагавіцах нейкага цёмна-васільковага колеру і ў шэрым пінжаку. А гальштук у цябе быў таксама сіні. Я падумала яшчэ: “Вось які блакітны хлопец з’явіўся”.