Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

– I ты памятала ўсё гэта?– Дурань, – сказала яна.Андрэй пацалаваў яе рукі, што нерухома ляжалі паўзверх коўдры.– Ты ляжы, – папрасіў ён, – маўчы. Я сам буду казаць.–Ну.– А потым была Нерль. Там я зразумеў, што ты неяк адрозніваеш мяне сярод іншых, шмат чаго ведаеш пра мяне. I там я неяк адтаў ад таго холаду, які жыў ува мне, ад усяго гэтага свінства, што зрабіла са мною жыццё... Ты ж ведаеш, я тады ляжаў у руінах... I раптам пяро голуба на месцы, дзе калісь забівалі, і тая белая свечачка ў лугах. Такая празрыстая, стройная, адбітая ў вадзе. Як ты... I ты была поруч, ты адкрыла мне ўсё гэта, і выратавала, і прывяла да святла. Ён бязважка гладзіў яе нерухомыя рукі.– Табе не балюча? – Не. Мне прыемна.– Але тады я яшчэ не ведаў, што гэта каханне. Я зразумеў гэта на сваёй рацэ, на месцы парома, і вышэй, за вёскаю Кручы... Яна была такая цёмна-кучаравая, вёска. Там буслы плавалі над ракою і паветра было вячэрне-празрыстым і месячным. Там я зразумеў, што ўся ты, са сваёй сілай і слабасцю, раптам стала патрэбна мне. На радасць і гора. I мне нельга жыць без цябе. Свет без цябе пусты, а дрэвам няма чаго спяваць аб радасці. Бо ты адзіная, каго мне трэба было сустрэць на зямлі, а другіх няма...Маўчанне было ў пакоі. Яна ляжала, гледзячы на яго мяккімі шэрымі вачыма.– Якое яно добрае, жыццё, – сказала яна. – Ах, толькі б жыць. Мне нават страшна з табою. Вышэй жа, здаецца, ужо няма куды... Што ж нам рабіць, міленькі? Што рабіць са скарбам, які трапіў да нас у рукі?– Слухай мяне, – сказаў ён. – Ты не палохайся скарбу і шчасця. У нас наперадзе вялікае жыццё, і мы не стомімся адзін ад аднаго за гэты час. Мы будзем вельмі многа працаваць. Пісаць дзівосныя кнігі... Калі хочаш, мы напішам першую сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва. Гэта цяжка. Нам давядзецца аб’ездзіць разам усю Беларусь, адшукваць тое, што забыта, вывучаць, біць у набат, калі штосьці занядбалі або бураць. Гэта будзе сумленная гісторыя. Яна не будзе забываць ні добрага, ні дрэннага... Ты прыкладзеш да гэтай кнігу веды, а я так выкладу яе, каб яна чыталася запоем, як легенда... З гэтых вандраванняў можа вырасці і другая кніга, пра Беларусь як яна ёсць, пра ўсё добрае і дрэннае на гэтай зямлі. Там будуць дарогі, людзі, запісы казак, песняў і сапраўдных апавяданняў аб жыцці, шмат фатаграфій усіх прыгожых і непрыгожых куткоў радзімы...– Гэта добра.– I ва ўсім гэтым будзе твая добрая іронія і маё жорсткае захапленне. А яшчэ мы будзем пісаць кожны свае кнігі... А вакол будзе зямля, глухія пушчы, светлыя рэкі, азёры, поўныя неба... Мы будзем засынаць і прачынацца разам, восем тысяч разоў прачынацца разам.. А можа, і больш. I адчуваць адзін аднаго, і зоры, і вячэрнія песні, і след за галавою выдры, што пераплывае раку, і камяніцы разбураных палацаў, і ўсплёск бабра ў месячным сяйве... Мы будзем шмат працаваць і шмат ездзіць. Па ўсёй зямлі, па ўсіх акіянах...– Акіяны потым, – сказала яна. – Раскажы спачатку пра твае азёры, пра тваю зямлю.– Яна непрыгожая з акна цягніка, – сказаў Андрэй. – Таму што немцы, баючыся партызан, высеклі лес паабапал дарог... Для таго каб даведацца, якая яна, трэба заглыбіцца ў яе. I там можна пабачыць адны з самых лепшых куткоў зямлі. Там азёры на захадзе сонца стаяць чырвонымі, а ў іх спакойнай вадзе б’е рыба. Там лясы, у якіх трубяць ласі... Амаль ніхто не ведае, што ёсць там не толькі раўніны, а і высокія ўзгоркі, парослыя лесам. З узгоркаў бягуць празрыстыя ручаіны, у якіх жыве рыба-стронг... Прысмеркам вада ў Дняпры робіцца малочна-жамчужнай. I неба тады такое ж, як вада. Бледны месяц вісіць у гэтым небе. Калі ў такі час плывеш па рацэ ў крылатым чаўне – неба над табою і пад табой. Як казачны карабель у паветры, плыве човен... Яна мірная і пяшчотная, як дзяўчына, як ты, мая зямля... Але ёсць на ёй і змрочныя куткі. Замшэлыя лясы, сівыя імшары, па якіх уначы, пад самотнай зоркай скача прывіднае дзікае паляванне... У навальніцу бары гудзяць так страшна, як душа майго мірнага народа, калі яго пакрыўдзяць... Але гэта праходзіць з першым праменем сонца або месяца, і зноў уначы кусціцца сонная бузіна над курганамі продкаў...