Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Ён змоўк, пабачыўшы, што яна ляжыць, закрыўшы вочы, а веі яе вільготныя.– Вельмі буду цябе кахаць, – не адкрываючы вачэй, сказала яна....Гэта адбылося на чацвёрты дзень пасля размовы аб азёрах і курганах. Ірына відавочна ішла на папраўку. Яна ўжо спрабавала напаўляжаць на падушках, гледзячы ў парк, у якім пасяліўся раскошны і сонечны чэрвень, жартавала з Яшам, з асалодаю абуджэння да жыцця нюхала і гладзіла пальцамі кветкі, прынесеныя Андрэем.I вось надвячоркам таго дня Андрэй, вяртаючыся з кветкавага магазіна, зразумеў па мітусяніне ў калідоры, што адбылося нешта дрэннае. Ля дзвярэй палаты стаяў небывала сур’ёзны Яша.– Чакай, Андрэй, – сказаў ён. – Пакуль што туды нельга.– Што такое? – спытаў збялелы Андрэй.– Упаў пульс, – сказаў Яша.Сашанька высунулася з дзвярэй, устрывожаная, у збітым набакір белым каўпачку.– Як? – спытаў Яша.– Пульс часты, малога напаўнення, – сказала яна і знікла ў палаце.Ардынатар пакруціў галавой.– Яша, гэта дрэнна? – спытаў Андрэй.– Зараз змерым ціск. Калі ўпаў – гэта вельмі дрэнна, Андруша.– Пусці, – сказаў Андрэй.– Чакай, – сказаў Яша. – Там зараз ідзе змаганне. Не перашкаджай.Не заўважаючы Андрэя, у палату амаль прабег Глінскі з асістэнтамі.– Што ж рабіць, Яша? Што рабіць?– Чакай. Чакай і трымайся.Ён стаў чакаць. Гэта цягнудася вельмі доўга, вельмі-вельмі доўга. На дварэ пачало цямнець, а тыя, у белым, усё яшчэ былі ў палаце.Потым адтуль выйшаў Глінскі, відавочна пастарэлы, з бліскучымі вачыма.– Яна просіць цябе, Андрэй.Андрэй кінуўся паўз яго.– Як? – спытаў у Глінскага Яша.Той толькі махнуў рукою, заходзячы за Андрэем у палату....Першае, што пабачыў Грынкевіч, было яе аблічча, нейкае незваротна змененае, аблічча жыхара ўжо не гэтага свету.Вакол яе завіхаліся, але яна не звяртала на гэта ўвагі. Вочы яе глядзелі толькі на Андрэя, быццам у палаце не было нікога, акрамя яго.I Андрэй адразу, з незвычайнай яснасцю зразумеў: гэта ўсё. Зразумеў, але не паверыў сэрцам.– Хадзі сюды, – ясным высокім голасам сказала яна.Ён падышоў, сеў. Яна паклала на яго руку сваю далоньку.– Я хачу сказаць табе нешта. Не забывай Ганну. Чуеш? Не забывай. Мне цяжка казаць табе гэта, але яшчэ цяжэй пакінуць цябе аднаго.– Я не кахаю яе.– Ведаю. Але мне цяжка пакінуць цябе аднаго. Дай мне слова... Яна будзе добрай да цябе... Дай слова...– Не магу, – сказаў Андрэй. – Ты выправішся, ты будзеш са мной.Яна адразу неяк звянула, і нават цень ласкавай усмешкі з’явіўся ў шэрых глыбокіх вачах.– Так, – сказала яна. – Вядома. Я рада, што ты не даў слова.Ад гэтага ценю ўсмешкі ў сэрцы Грынкевіча зноў аджыла слабая надзея. Яна ўсміхалася да яго, яна магла і павінна была жыць.За вокнамі невыразна цямнелі дрэвы. З-за іх далятаў прыглушаны шум вячэрняга горада. Там, у дрэвах, быў, напэўна, ветрык, але такі слабы, што яго можна было заўважыць толькі па рэдкіх, слабеючых уздыхах у лістоце.У палаце цьмяна гарэла святло, адзін чалавек схіляўся над другім, а вакол стаялі маўклівыя, небывала сур’ёзныя ўрачы.Але яны зараз не існавалі ні для яе, ні для яго.– Андрэйка, – сказала яна, – як ты пакутуеш... Ох, як я цябе буду кахаць.Андрэй сеў ля яе. Было вельмі-вельмі ціха. I тады Ірына абвяла позіркам людзей у белым і сказала:– Пакіньце нас адных.“Мы зрабілі ўсё, што магчыма”, – казалі вочы Глінскага, але ўголас ён сказаў другое:– Нельга. Я павінен застацца.– Пакіньце нас адных, – паўтарыла яна.