Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Глінскі абвёў вачыма калег. Потым ягоны позірк спыніўся на твары Ірыны, на безудзельна-адчайным твары мужчыны.– Пакіньце, – ціха сказаў ён.Яны выйшлі. Гусцеў змрок за акном, і ўздыхі ўсё яшчэ ляцелі з начной лістоты. Усё радзей і радзей.– Пацалуй мяне, – сказала яна.I ён бязважка, каб не зрабіць ёй балюча, але палка прыпаў да яе вуснаў сваімі дрыжачымі вуснамі, быццам імкнуўся пераліць у яе ганебны збытак уласных сіл.– Праспявай мне нешта ціхае, – сказала яна, прыціскаючыся да яго.– Добра.– Толькі пачакай. Яшчэ два словы. Ён гладзіў яе валасы.– Дай мне слова, Андруша, – трывожна сказала яна. – Дай слова.Ён ведаў, аб чым гэта, і згодна хітнуў галавою. Толькі каб супакоіць яе.– Ну вось, – уздыхнула яна. – Мне спакойна. Спявай.Андрэй заспяваў ціха. Заспяваў тую калыханку, што, як усе калыханкі Беларусі, падобная на трапяткі пяшчотны ўздых. Яна слухала, гледзячы на яго, а зітханні ўсё даляталі з лістоты. Радзей, радзей.Яны былі такімі слабымі, гэтыя зітханні. А голас вёў і вёў перарывістую песню:Вавёрка ў закуткуПражу прадзе,Кола залатоеСонна гудзе...Сціхні, мой ветрык,Вавёрка спіць,Аб арэхах срэбныхВавёрка сніць...Спіць яна...Спіць...Вочы закрывае,Зашыўшыся ў дом,Цёплым хвастом,Рудым хвастом...Рудым...Зітханні даляталі з лістоты. Радзей. Усё радзей. Зніклі. Закрываючы вочы, яна сказала:– А я і не думала, што вашы калыханкі такія... Я засну, любы.– Спі, – сказаў ён,Прыціскаючы яго руку да сваіх грудзей, яна апусціла веі.Яна спала, і яго рукі былі ў яе руках... ...Потым пачалася агонія.. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Ён сядзеў, трымаючы ў руках яе рукі, якія пачалі астываць. Нерухомы над нерухомай. Безудзельны над безудзельнай. Ён верыў, што пакуль яе рукі ў яго руках – у іх не можа знікнуць цеплыня.I ён ні ўва што больш не верыў.Пальцы халаднелі. Пальцы былі ўжо зусім халодныя. I тады ён вызваліўся і склаў на грудзях гэтыя бедныя рукі, а сам стаў чакаць. Пакуль ён мог спадзявацца на дзіва, ён не павінен быў кінуць, здрадзіць, аддаць у рукі цемры.Ён чакаў, пакуль не перастаў спадзявацца, а потым з цяжкасцю разарваў свае апошнія абдоймы і назаўсёды, цяпер ужо назаўсёды, адарваўся ад яе. Сеў і стаў глядзець.Здаецца, спала. У куточках вуснаў цень загадкавай усмешкі, а бровы злёгку, быццам здзіўлена, узняты.Куды ты заглядаеш, мая апошняя, у якую таямніцу, невядомую мне? Чаму здзіўлены твае бровы?I што зараз рабіць мне?Зямная персць, зямная юдоль – будзьце вы благаславёны, будзьце вы пракляты.I што зараз рабіць мне, калі ты не пускаеш мяне ў сваю таямніцу?Хто адкажа? Хто адпомсціць? Хто суцешыць?Цень усмешкі і здзіўленыя бровы. Куды ты заглядаеш? Куды?Потым ён устаў і выйшаў. Яна не адказвала.Бы ў тумане, пабачыў, твары Яшы, Сашанькі, твар Яніса, Ганны, спіну Глінскага, які стаяў ля акна.– За што ж гэта, Андрэй? – глуха спытаў Якаў. Хіба ён ведаў за што? Ён не ведаў. Не ведаў нават, чаму прыўзняты бровы.– Адкасніцеся ад яго, – сказаў Яніс. – Нашто яму вашы словы?I ён моцна абняў Андрэя за плечы.Туман знік у вачах Грынкевіча ад гэтай грубай сяброўскай ласкі. Ён ведаў, Янісу таксама цяжка. Ён ведаў, што і Яніс плача, як ён, без слёз. Адным сэрцам.– Правядзі мяне да выхаду, – глуха сказаў ён.Яны спыніліся ў скверы, які спаў усімі галінамі, усімі птушынымі гнёздамі на іх.Рукі Яніса ляжалі на плячах Андрэя.– Мацуйся, мой родны.